Вы тут

Выйшла новае выданне Міхаіла Мясніковіча


Добра, калі неабыякавыя людзі аказваюцца не толькі творча адоранымі, але і абавязковымі. Паабяцалі — і зрабілі. Як, напрыклад, Міхаіл Мясніковіч. Некалі паабяцаў прадоўжыць сваю кнігу «Так было. + Личное» (выдавецтва «Беларуская навука», канец 2022 года) — і калі ласка: майце. У самым пачатку гэтага, 2024 года, у тым жа выдавецтве ўбачыў свет грунтоўны том з працягам тэмы. Аб’ёмная кніга на 500 буйнафарматных старонак называецца «Дела, события, люди: собственное мнение». Яе адметнасць у тым, што аповед, як было і ў першай кнізе, вядзе сам аўтар. І яшчэ: звярніце ўвагу на наступныя словы. З першай кнігі — «личное», і з другой — «собственное мнение». Адчуваеце падабенства і захаванасць асабістых адносін да сказанага, а дакладней — убачанага і перажытага? Менавіта ў гэтым праяўляецца праўда напісанага і ягоная прывабнасць.


Новае выданне таксама цікавае. Абяцанае і чаканае. Для мяне ў прыватнасці. Захоплены прачытаным і асэнсаваным у першай кнізе, я з нецярпеннем чакаў працягу. Бо ведаў: напісанае застанецца, а ненапісанае не надрукуецца. Дзякуй, што Міхаіл Уладзіміравіч дадаў інтрыгі майму інтарэсу да не надта даўняга, але ўжо гістарычнага мінулага, шмат падзей якога давялося перажыць і мне. У новай кнізе шырыні аўтарскага дыяпазону спрыяе і тое, што ён працаваў на многіх адказных пасадах. Быў старшынёй Савецкага райвыканкама г. Мінска, намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама, сакратаром Мінскага гаркама партыі, Міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі БССР, намеснікам Старшыні Савета Міністраў БССР і Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь, а пасля і самім прэм’ер-міністрам, кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшынёй калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Некаторым чытачам можа падацца, што ў кнізе замала эмоцый, аўтарскіх разваг. Мажліва, і так. Але ж неабходна ўлічваць, што аўтар вядзе дакументаваны аповед. А праўда не заўсёды ўжываецца з эмоцыямі. Я неаднойчы казаў, што для мяне дакументальная каштоўнасць многіх выданняў менавіта ў іх засведчанні найперш рэальных фактаў, што адбываліся на самай справе, удзельнікам якіх быў сам аўтар. Бо праўдзівей за яго, самага непасрэднага сутворцы і відавочцы, ніхто пра той перажыты і пражыты час не скажа. Найперш факт, а пасля ўжо яго эмацыянальная інтэрпрэтацыя.

Як сведчыць М. Мясніковіч, у кнізе «излагаются факты, события, в которых я был непосредственным участником, мнения людей, с которыми был лично знаком или чья позиция заслуживает освещения темы, вынесенной в заголовок». Аднак і ў гэтых, здавалася б, сухаватых фактах маецца свая прыкметная, падфарбаваная эмоцыямі, адметнасць. Хіба не з такім ухілам сказана аўтарам, напрыклад, адносна развалу Савецкага Саюза? Бо, лічыць Мясніковіч, і я з гэтым пагаджаюся, «людям, особенно молодым, интересующимся историей своей страны, надо доносить драматизм событий, разваливших СССР. Не для того, — справядліва падкрэслівае аўтар, — чтобы стенать о прошлом, а чтобы делать выводы на будущее, особенно в кадровой и экономической политике, и не только в высших эшелонах власти».

І, вядома ж, многае з выкладзенага і згаданага М. Мясніковічам непасрэдна звязана са станаўленнем незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, з дзейнасцю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Гэтыя згадкі асабліва цікавыя і карысныя, бо звязаны з першым, самым мо складаным, але і важным момантам запачаткавання і развіцця падыходаў і непасрэдных дзеянняў на шляху развіцця і ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны і ўсіх іх складнікаў. А паколькі сам аўтар быў у эпіцэнтры многіх тадышніх падзей, то і напісанае ім набывае асаблівую значнасць, насычана сапраўднай гістарычнай памяццю.

М. Мясніковіч згадвае палітычных і дзяржаўных дзеячаў многіх краін былога СССР і замежных, з якімі яму давялося стасавацца. І, вядома ж, выказвае сваё бачанне і сваю ацэнку іх дзейнасці. Не заўсёды адназначную, часта з развагамі, даказваючы тую ці іншую сваю думку і меркаванне дакументальнымі спасылкамі на сказанае альбо напісанае, на дакументы. Тым самым ён пераканаўча даказвае сваё меркаванне: «Уходят из жизни исторические личности. Наша задача — сохранить в людской памяти их имена и добрые дела, которые они совершили в интересах Отечества». Вось бы часцей такое адбывалася, каб не ленаваліся мы казаць добрыя словы заслужаным людзям.

Такіх асоб як з разраду Савецкага Саюза, так і нашай Беларусі, Мясніковіч называе многія дзясяткі, нават для простага іх пераліку патрэбна даволі шмат месца. Вось толькі некаторыя: Б. М. Ельцын, Ю. У. Андропаў, Д. Ф. Усцінаў, А. А. Грамыка, М. І. Рыжкоў, адносна якога аўтар прызнаецца: «У Н. И. Рыжкова я научился многому», Н. А. Назарбаеў і многія-многія іншыя. Называе ён і выдатных міжнародных дзеячаў, якіх ведаў па іх справах, у тым ліку адносна СССР і Беларусі. Ён прызнаецца: «Я не ставил задачу отразить роль многих других лидеров, с которыми знаком, с кем приходилось встречаться и работать лично или с их последователями. На приведенных в данной книге фактах я стремился показать саму личность и ее роль в истории».

Менавіта з такім адчуваннем чытаў я, напрыклад, словы М. Мясніковіча пра выдатную асобу з не вельмі шырока знаёмага нам асяроддзя — Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, Героя Беларусі і актыўнага стваральніка многіх карысных для нашай дзяржавы спраў і пачынанняў. Зацікавіла мяне і сказанае аўтарам пра знанага паэта і актыўнага грамадскага і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна.

Не абмінае аўтар, як былы Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь, і такія асобы з нашага, беларускага, кіраўнічага асяроддзя, як В. Ф. Кебіч, С. С. Сідорскі, С. М. Румас, Р. А. Галоўчанка, У. І. Сямашка, А. А. Тозік, А. М. Калінін, М. А. Шчоткіна, П. П. Пракаповіч, А. М. Забароўскі і многія іншыя. Расказвае пра свае адносіны з вучонымі, з кім супрацоўнічаў не толькі тады, калі ўзначальваў Нацыянальную акадэмію навук. Добрым словам згадвае многіх вялікіх беларусаў, якія сваімі навуковымі працамі праславілі беларускую нацыю, унеслі вялікі ўклад у развіццё цывілізацыі. Пачынае гэты даволі працяглы пералік з Кірылы Тураўскага.

І ўсюды ў напісаным дамінуе факт і факталагічнае выкладанне падзей. Аднак, як сведчаць публікацыі іншых аўтараў, нават у такой праўдзівай праўдзе ў некаторых часам на першы план выскоквае жаданне і імкненне паказаць найбольш сябе, любага, выставіць напаказ свае заслугі, ну а потым ужо сказаць пра тое, дзеля чаго і пачыналася ўся гэтая моўная гонка. Толькі ці поўная і сапраўдная праўда гэта будзе?

М. Мясніковіч, як я казаў пра гэта раней, зусім іншага заквасу чалавек. Для яго самым галоўным з’яўляецца праўда і людское асяроддзе. Тое, што на самай справе адбывалася ў нашай гісторыі, што і як тварылі канкрэтныя асобы, людзі, калектывы. Ну, і, вядома ж, апора на асабісты ўдзел у многім, свая — часам адрозная ад іншых — ацэнка таго, што бачылі ўласныя вочы.

Яго жыццёвы шлях, удзел у многіх сапраўды сусветнага значэння падзеях дазваляе М. Мясніковічу натуральна ўключаць створанае і ствараемае ім самім, тым калектывам, дзе ён працаваў, у агульначалавечы, не баюся гэтага высокага слова, кантэнт. І, наадварот, аўтар намагаецца прасочваць, як тыя, здавалася б, далёкія ад нас, агульначалавечыя справы і дзеянні сусветнага значэння ўплываюць на стан, развіццё і вырашэнне нашых беларускіх спраў. Тут, падаецца мне, усё справядліва. Нават не баіцца часам Міхаіл Уладзіміравіч выказвацца востра ў ацэнцы падзей адносна асобных удзельнікаў гэтага працэсу, гаворыць пра сваё бачанне таго станоўчага, што рабілі канкрэтныя высокія асобы, але не хавае, не апраўдвае іх памылак, калі яны былі.

Зыходзячы са свайго галоўнага намеру паказваць праўду, М. Мясніковіч і раздзелы кнігі называе надзвычай канкрэтна, прывязваючы многія з іх да самых рэальных падзей, у якіх браў непасрэдны ўдзел сам, да месцаў сваёй працы. Назаву толькі некаторыя: «Вся власть Советам!», «Советский райисполком», «Минский горисполком: первая седина, государственная ответственность», «Партийные задания», «Забастовка. Рабочие как инструмент борьбы за лидерство профсоюзов», «Совет Министров Республики Беларусь», «Национальная академия наук Беларуси», «Слово о великих людях уходящей эпохи»... Многа карыснага і цікавага, новага для чытача выкладзена тут. Але Мясніковіч зноў жа справядліва заўважае: «Собственное мнение не претендует на истину в последней инстанции, но хочется, чтобы оно побудило читателя на раздумья о том, как сделать нашу жизнь лучше и не останавливаться на достигнутом». З усёй пераканаўчасцю сведчу: аўтару гэта ўдаецца ў поўнай меры.

Здараецца, у блізкія па сэнсе да нас раздзелы аўтар нечакана ўключае гістарычных асоб з далёкага мінулага, дзейнасць якіх альбо звязана з нашымі землямі, альбо так зацікавіла, што нельга не сказаць свайго слоўка. Як, напрыклад, пра дачку літоўскага князя Васіля Глінскага і маці Івана Грознага Алену Глінскую.

Імпануе мне і яшчэ адзін кірунак дзейнасці аўтара. У звыклым жыцці мы часцей за ўсё бачым проста вынік тых ці іншых намаганняў і рашэнняў, а як і за кошт чаго яны дасягнуты, ведаем не заўсёды. Дык вось, М. Мясніковіч многае ў гэтым кірунку прыадкрывае і апавядае з усёй скрупулёзнасцю і дэталізацыяй. Для разумення гістарычнай праўды гэта мае асаблівае значэнне.

Цікавасці кнізе дадае і тое, што аўтар прыводзіць нямала дакументаў, якія сведчаць і пра яго асабістыя высілкі на дзяржаўным узроўні, і пра тое, чым займаўся ўрад і іншыя кіраўнічыя органы Беларусі. Знойдзе шмат цікавага чытач і на шматлікіх здымках, якімі багата ілюстравана кніга.

Адным словам, гэта сапраўды карысны аповед пра справы, падзеі, людзей. І ўсё гэта ахінута ўласным меркаваннем аўтара.

Анатоль БУТЭВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.