Вы тут

Снягурачка, натхненне, тэатр і музыка. У філармоніі адбыўся незвычайны канцэрт


Упершыню ў гісторыі Беларускай дзяржаўнай філармоніі прадставілі ўнікальны сінтэз музыкі, літаратуры і драмы на канцэрце з цыкла «Чайкоўскі +». Прэм’ера прайшла 26 сакавіка напярэдадні Міжнароднага дня тэатра.


Канцэртная праграма была падзелена на дзве абсалютна адрозныя адна ад адной часткі. Спачатку гледачы атрымлівалі асалоду ад Канцэрта № 2 для фартэпіяна з аркестрам Пятра Чайкоўскага, у якім сола таленавіта выканаў лаўрэат міжнародных конкурсаў піяніст Сяргей Мікулік. Потым жа ўсіх чакала ўнікальнае спалучэнне Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. М.Горкага і Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы ім. Г.Шырмы, якія аб’ядналіся для таго, каб прадставіць музычна-драматычную кампазіцыю «Снягурачка» паводле п’есы Аляксандра Астроўскага.

У гэтым спалучэнні, паводле слоў галоўнага дырыжора аркестра, народнага артыста Беларусі Аляксандра Анісімава, была пэўная задумка для аб’яднання розных аўдыторый.

— У першым аддзяленні гледачоў чакае традыцыйнае філарманічнае выкананне канцэрта для фартэпіяна з аркестрам. На яго прыйдуць прыхільнікі нашай класічнай спадчыны, — распавядае ён. — А вось другое аддзяленне — незвычайнае, амаль эстрада. Атрымліваецца, што тыя людзі, якія прыйдуць на незвычайную «Снягурачку», будуць слухаць і канцэрт Чайкоўскага. І я ўпэўнены: яны будуць у захапленні ад гэтай музыкі. А тыя, якія прыйдуць на канцэрт Чайкоўскага, убачаць новую цікавую і яскравую «Снягурачку».

У цэлым сінтэз розных відаў мастацтва не новая з’ява. Аляксандр Анісімаў падзяліўся, што ў сімфанічнага аркестра ўжо быў вопыт удзелу ў такіх праектах:

— Напрыклад, «Клеапатра» з музыкай балета Вячаслава Кузняцова, калі ў пастаноўцы бралі ўдзел акцёры Купалаўскага тэатра, або цікавая кампазіцыя, прысвечаная «Рамэа і Джульеце», падчас якой акцёры зачытвалі рэальныя лісты прыхільнікаў Джульеты да свайго куміра. Таксама быў добры праект з музыкай Андрэя Мдзівані «Шагрэневая скура» па Бальзаку з акцёрамі тэатра ім. М. Горкага.

Аднак музычна-драматычная кампазіцыя «Снягурачка» унікальная як мінімум у тым што тут прадстаўлены выключна драматычныя сцэны. Акрамя таго, у іх удзельнічае не 2-3 акцёры, а 8! Гэта практычна ўсе галоўныя персанажы арыгінальнай п’есы Аляксандра Астроўскага «Снягурачка».

Варта адзначыць, што першапачаткова сам Астроўскі задумваў гэтую п’есу як вельмі маштабны твор з музыкай, хорам і танцамі. На той момант яна называлася «Вясновай казкай». У прэм’еры 1873 года ўдзельнічалі акцёры двух імператарскіх тэатраў: Малога тэатра і Вялікага тэатра. Музыку да яе пісаў малады Чайкоўскі, і п’еса тады мела вялікі поспех. Праз час свет убачыла і опера Рымскага-Корсакава «Снягурачка».

Думка звярнуцца менавіта да гэтага твора ўзнікла ў Аляксандра Анісімава больш за год таму.

— Мяне захапіла гэтая ідэя. Я добра ведаю оперу Рымскага-Корсакава. Яна кранае да глыбіні душы. Акрамя іншага, нядаўна стаў вялікім прыхільнікам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра ім. М.Горкага. Я хадзіў на спектаклі. Мне вельмі падабаліся акцёры, іх талент, мне падабалася, як яны жывуць на сцэне, як іх успрымае публіка, — падзяліўся маэстра. — І вось я падумаў: чаму б не зрабіць нам такі праект разам з гэтым тэатрам? Паспрабаваць парадніць два флагманы нашай культуры: Беларускую дзяржаўную філармонію і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя М.Горкага. На шчасце, я знайшоў разуменне і падтрымку ў кіраўніцтва тэатра і нашай філармоніі.

Па словах маэстра, праца над праектам пачалася восенню і спачатку была падобная на... айсберг, бо вядомая ўсім інтэрпрэтацыя матэрыялу — толькі паверхня.

— Я доўга і ўпарта працаваў з тэкстам п’есы. А яна ж вялізная. У арыгінале ідзе больш за 4 гадзіны. Там вялікая колькасць вельмі цікавых фальклорных, камічных і жанравых сцэн, да таго ж партытура Чайкоўскага аб’ёмная, — адзначыў Аляксандр Анісімаў. — Таксама трэба было падумаць аб тым, каб удзел музыкі быў арганічны, каб не зрушыць акцэнты і не атрымаўся проста канцэрт з удзелам акцёраў драмы.

Пасля гэтага першага этапа пачалася сумесная праца над праектам. Усе да яго прыступілі з вялікай цікавасцю. Малады таленавіты рэжысёр Раман Крыкуноў, паводле слоў маэстра, літаральна запаліўся гэтай ідэяй. Для харавой капэлы гэта ўвогуле быў унікальны вопыт. Бо яе ўдзельнікі ўпершыню выйшлі на сцэну не проста спяваць, а яшчэ і ўдзельнічаць у перформансе. З боку аркестра таксама вялася вельмі карпатлівая праца, бо музыка Рымскага-Корсакава і Чайкоўскага ставіць не самыя простыя задачы перад артыстамі.

Канешне, старанная праца і свежы погляд на мастацтва па праве былі ўзнагароджаны авацыямі ўдзячных гледачоў, якія ў дзень прэм’еры запоўнілі ўсю Вялікую канцэртную залу.

Лізавета ГОЛАД

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Адукацыя

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Наталля Карчэўская: Культуры патрэбны прыток новых людзей

Рэктар БДУКМ — пра падрыхтоўку прафесійных кадраў для ўстаноў культуры.

Грамадства

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Батанічны сад — месца, напоўненае спакоем і прыгажосцю

Прагуляліся па квітнеючым Цэнтральным батанічным садзе: расказваем аб уражаннях

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.