Вы тут

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?


На вуліцы вясна, а гэта значыць, што да галоўнай культурнай падзеі краіны засталося крыху больш чым тры месяцы. Сёлета Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе ў паўночнай сталіцы ў трыццаць трэці раз, традыцыйна сабраўшы на гасціннай віцебскай зямлі таленты з усяго свету пад лозунгам «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення».


Пад купалам амфітэатра

Будучы фестываль ізноў стане здзіўляць прыхільнікаў і даўніх сяброў форуму сюрпрызамі і ўжо ўпадабанымі гледачу падзеямі. 

Па словах дырэктара «Славянскага базара ў Віцебску» Глеба Лапіцкага, галоўным дасягненнем арганізатараў з’яўляецца тое, што фестываль стаў сусветна вядомым культурным брэндам і не згубіў больш чым за тры дзесяцігоддзі сваю «душу». Гэта атмасфера натхнення і творчасці, адзінства і сяброўства народаў свету, яркі ліпеньскі тыдзень, якога многія чакаюць цэлы год.

Сёлета на галоўнай фестывальнай пляцоўцы — у Летнім амфітэатры — асобны канцэрт будзе прысвечаны дзіцяча-юнацкай аўдыторыі. «Госці з будучыні» — такую назву носіць мерапрыемства з удзелам юных талентаў і блогераў. Напярэдадні мерапрыемства будуць абраны дзесяць юных мастакоў, якія стануць пераможцамі конкурсу малюнкаў «Віцебск. Лета. Фестываль», — іх у якасці пачэсных гасцей таксама запросяць на канцэрт.

«У гэтым годзе нарэшце на галоўную сцэну паднімуцца ўдзельнікі дзіцячага вакальнага конкурсу, для многіх гэта мара. Пад купалам у сэрцы горада на Дзвіне адбудуцца лёсаванне і прэзентацыя канкурсантаў», — адзначыў Глеб Лапіцкі.

Для прыхільнікаў рок-музыкі арганізатары фестывалю таксама падрыхтавалі прыемны падарунак: на «Славянку» зноў вяртаецца «Рок-панарама». Сёлета на канцэрце 10 ліпеня будзе выступаць Сімфанічны аркестр Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Беларусі пад кіраўніцтвам Віктара Бабарыкіна. У яго выкананні прагучаць найлепшыя хіты сусветнай, савецкай і сучаснай рок-сцэны. Акрамя гэтага, у Віцебску выступіць Аляксей Гаршанёў з добра вядомымі ўсім песнямі гурта «Король и Шут». Яшчэ адным госцем канцэрта стане рускі трыб’ют гурта «Scorpіons».

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю адбудзецца 11 ліпеня, а на наступны дзень у амфітэатры пройдзе гала-канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае...». У ноч з 12 на 13 ліпеня «Залаты хіт» традыцыйна збярэ самых яркіх прадстаўнікоў сцэны 1990-х і 2000-х гадоў. Сярод артыстаў значацца Ваccara, «Винтаж», «Дискомафия» і спецыяльны госць Томас Н’эвергрын.

13-га чысла на сцэне амфітэатра стартуе 33 Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск», у першым аддзяленні канкурсанты выканаюць славянскі хіт у суправаджэнні аркестра, другое аддзяленне адкрые хор Турэцкага.

14 ліпеня папулярныя каманды Вышэйшай лігі Клуба Вясёлых і Знаходлівых сыдуцца ў гумарыстычным паядынку за Кубак «Славянскага базару». Навінкай сёлета стане ўдзел у Кубку маладых беларускіх камандаў. Вечарам гэтага дня адбудуцца цырымонія ўрачыстага закрыцця форуму мастацтваў і другі этап конкурсу выканаўцаў эстраднай песні, падчас якога ўдзельнікі выканаюць сусветны хіт. Святочным акордам на галоўнай сцэне форуму стане канцэрт «Шансон ТБ — усе зоркі».

Дарэчы, квіткоў на адкрыццё і закрыццё «Славянскага базару», а таксама на ўлюбёныя гала-канцэрты амаль не засталося. Паспяшайцеся набыць свой пропуск у фестывальнае лета!

Танцы пад адкрытым небам

Фестывальная пляцоўка каля канцэртнай залы «Віцебск» задзейнічана толькі трэці год, але фармат open-aіr так моцна адгукнуўся ў гасцей і жыхароў горада на Дзвіне, што арганізатары сёлета пашыраюць яе магчымасці.

«Напэўна, у кожнага, хто трапляе ў Віцебск на адкрыццё фестывалю, пасля традыцыйнага святочнага салюта застаецца пачуццё, быццам бы чагосьці не хапіла? Хочацца цэлую ноч гуляць па горадзе, танцаваць і весяліцца. У гэтым сезоне мы стварылі новы праект «Танцпляцоўка з „Душэўным радыё“, які стартуе пасля цырымоніі адкрыцця», — распавёў дырэктар фестывалю. Да чатырох гадзін раніцы для гасцей будуць выступаць гурт «На-На», рэтра-вумэн-трыа «Розовые розы», гурт «Cosa Nostra» і іншыя.

Як доказ таго, што «Славянскі базар» не мае межаў і на ім можа выступіць кожны, дырэкцыя запусціла конкурс сярод кавер-бэндаў. Найлепшы зможа выступіць на начным канцэрце нараўне з зоркамі айчыннай і замежнай эстрады.

10-га чысла ўсіх жадаючых запросіць маладзёжны праект «Рытмы лета», у рамках якога на сцэну выйдуць Fіlatov&Karas, BURІTO, Арцём Качар і іншыя. 13 ліпеня на адкрытай пляцоўцы выступіць адна з мацнейшых вакалістак сучаснасці Ані Лорак, якая прывязе ў Віцебск шоу «The Best», напоўненае хітамі. Традыцыйна ў фармаце open-aіr пройдуць Дні моладзі.

Новы фестывальны год — у новай зале

Канцэртная зала «Віцебск» парадуе жыхароў і гасцей горада новым знешнім і ўнутраным абліччам. Плеяду фестывальных падзей на гэтай пляцоўцы 9 ліпеня адкрые VІ Міжнародны танцавальны праект «Dream Dance Fest». Увечары Ягор Дружынін там жа прадставіць свой пластычны спектакль «Усюды жыццё».

Днём 10-га чысла пройдзе першы дзень ХХІІ Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск», крыху пазней канцэртная зала загучыць хітамі «Марачка», «Есаул», «Ясныя дні» — на сцэну выйдзе Алег Газманаў.

12 ліпеня адбудзецца цырымонія ўзнагароджання і гала-канцэрт па выніках дзіцячага музычнага конкурсу. «Нарэшце ў „Славянскага базару“ з’явіцца фестываль-пабрацім. Гэта той паказчык, што мы не замыкаемся толькі на славянскай культуры. Форум мастацтваў — гэта пляцоўка для адкрытага дыялогу ўсіх культур і народаў свету», — анансаваў Глеб Лапіцкі. Так, упершыню ў Віцебск прыедзе фестываль «KAVKAZ MUSІC FEST», які быў заснаваны ў Нальчыку два гады таму пад уражаннем арганізатараў ад віцебскага форуму. На сцэну паўночнай сталіцы выйдуць самыя папулярныя артысты каўказскай эстрады з Адыгеі, Дагестана, Паўночнай Асеціі і іншыя.

13 ліпеня ў КЗ пройдзе канцэрт у рамках Дзён Саюзнай дзяржавы, вечарам сваю праграму пад назвай «Шчаслівым быць!» прадставіць народны спявак Яраслаў Сумішэўскі. 14-га чысла на сольны канцэрт запрашае Вікторыя Алешка, а 15 ліпеня па шматлікіх просьбах зорка рускага шансона Любоў Успенская выступіць з юбілейным канцэртам.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота аўтара

Загаловак у газеце: 33-ці валошкавы сезон

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.