Вы тут

Як выпускнікам адшукаць «сваю» прафесію і быць запатрабаванымі?


На адну вакансію для маладых спецыялістаў сёння ў сярэднім прыпадае 44 рэзюмэ. Летась гэтая лічба была яшчэ большая — на жаданае працоўнае месца ў катэгорыі «пачатак кар'еры» прэтэндавалі 50 чалавек. Аднак сёлета са сцен ВНУ выйдуць «падвоеныя выпускі» — чатыры гады таму навучальныя праграмы на многіх спецыяльнасцях былі скарочаны. Як жа знайсці сабе першае працоўнае месца ва ўмовах невысокага попыту на работнікаў і жорсткай канкурэнцыі? Свае парады выпускнікам 2017 года і цяперашнім студэнтам на Кар'ерным форуме БДУ давалі эксперты ў сферы HR і кіраўнікі вядучых кампаній.


Найперш — аналіз рынку

У структуры ўсіх заявак па краіне катэгорыя «пачатак кар'еры» (студэнты або спецыялісты з працоўным досведам ад года да двух) знаходзіцца толькі на дзявятым месцы па цікаўнасці з боку работадаўцаў. Тут размешчана ўсяго 6 працэнтаў вакансій (826 у лічбавым выражэнні), адзначае дырэктар сайта Работа.tut.by Святлана Шапарава. У той жа час па колькасці рэзюмэ, апублікаваных на сайце, маладыя спецыялісты лідзіруюць з велізарным адрывам — 23,9 працэнта (36 584 чалавекі) ад агульнай колькасці.

Куды цяпер запрашаюць выпускнікоў? На першым месцы па папулярнасці традыцыйна сфера продажаў. На другім месцы — турызм, работа ў гасцініцах і рэстаранах. Трэцяе — за маркетынгам, рэкламай і PR. У сваю чаргу, маладыя людзі размяшчаюць найбольшую колькасць рэзюмэ ў катэгорыях «Продажы», «Кансультаванне», «Інфармацыйныя тэхналогіі, інтэрнэт і мультымедыя». Самымі папулярнымі вакансіямі для студэнтаў і маладых спецыялістаў сталі менеджар па продажах, аператар call-цэнтра, афіцыянт, повар, мерчандайзер, «таемны пакупнік» і прамоўтар.

У маладога спецыяліста, каб зацікавіць работадаўцу, як расказала Святлана Шапарава, у першую чаргу павінна быць высокая матывацыя. «Калі чалавек прыходзіць уладкоўвацца на працу, а праславутага бляску ў вачах няма, находзіць страшэнная туга. Гэта не азначае, што трэба адразу ж фантанаваць ідэямі, але паказваць сваю зацікаўленасць наймальніку — абавязкова», — кажа эксперт. Другі фактар — гнуткасць і магчымасць работы ў рэжыме хуткай змены задач. Сярод іншых важных характарыстык дырэктар сайта таксама называе стрэсаўстойлівасць, скіраванасць на вынік, актыўную жыццёвую пазіцыю, ініцыятыўнасць і здольнасць да хуткага навучання.

«Практычна ўсім цяперашнім выпускнікам прыйдзецца за жыццё пабудаваць некалькі кар'ер, мала хто будзе, як раней, усё жыццё працаваць у адным месцы», — падагульняе эксперт.

Справядліва ацаніць сябе

HR-дырэктар «Альфа-банка» Сяргей ПРЫХОДЗЬКА вылучае некалькі галоўных памылак маладых саіскальнікаў, якія перашкаджаюць ім аб'ектыўна разумець сваё месца на рынку працы. Адна з іх — так званы ўваходны паток жаданняў, калі спецыяліст падчас гутаркі цікавіцца толькі тым, што работа павінна даць яму, і не гаворыць аб тым, што ён асабіста можа прыўнесці. Другая — завышаныя патрабаванні, у прыватнасці, па заробках. На думку эксперта, падчас размовы з работадаўцам не варта адразу называць суму, якую жадаеш атрымліваць, спачатку лепш пацікавіцца, якая на вашай пазіцыі «вілка» заробкаў і ад чаго яна залежыць, а потым ужо даваць узважаны адказ.

Яшчэ адно памылковае меркаванне — «У мяне дыплом з адзнакай, таму возьмуць адразу». Ва ўмовах перанасычанага саіскальнікамі рынку трэба шукаць шляхі для самаразвіцця: чытаць тэматычныя форумы і кнігі, наведваць майстар-класы і курсы, а таксама праглядаць іншыя рэзюмэ на сваю пазіцыю, шукаючы ўласныя прабелы. Чацвёртая памылка: «У ВНУ мне далі ўсе патрэбныя для працы веды». Насамрэч, яшчэ падчас вучобы варта пацікавіцца, якія кампетэнцыі патрэбны, каб атрымаць работу вашай мары, зрабіць інвентарызацыю сваіх уменняў, а яшчэ лепш — паспрабаваць трапіць на стажыроўку яшчэ да меркаванага працаўладкавання.

«Цана супрацоўніка для работадаўцы — гэта каштоўнасць таго, што ён робіць для кампаніі, — сцвярджае эксперт. — Ад гэтай лічбы трэба адняць кошт працоўнага месца, навучання выпускніка (практычна ў любой кампаніі ёсць спецыяльныя ўводныя курсы, падчас якіх вызначаецца патэнцыял новага супрацоўніка і патрэба ў яго «перанавучанні»), кошт яго памылак (можна так «напартачыць», што вялікая сума будзе пераведзена не туды і яе ніколі не вернеш), а таксама кошт адцягвання ўвагі калег (як правіла, за новымі супрацоўнікамі замацоўваюць больш дасведчаных, і тыя змяншаюць сваю прадуктыўнасць). Але трэба разумець — любая фірма гатова інвеставаць у супрацоўніка, калі той імкнецца да самарэалізацыі. Ужо праз тры месяцы ён павінен «выйсці на самаакупнасць», гэтым і абумоўлена працягласць выпрабавальнага перыяду».

Неадэкватныя амбіцыі таксама зніжаюць каштоўнасць спецыяліста ў вачах работадаўцы — калі чалавек гатовы адразу брацца за любую працу, гэта звычайна кажа пра яго некампетэнтнасць. Шалёны энтузіязм, лічыць Сяргей Прыходзька, не менш шкодны чым поўная пасіўнасць. Яшчэ адзін важны момант — веды пра арганізацыю, у якую саіскальнік хоча ўладкавацца. Некаторыя прыходзяць «проста паспрабаваць» і нічога не могуць сказаць пра каштоўнасці кампаніі — звычайна гэта непрыемна наймальніку.

Вучыцца і... перавучвацца

«На жаль, сёння нярэдка прыходзіцца канстатаваць, што кадры, якія рыхтуюць нашы ВНУ, за час навучання становяцца непатрэбнымі эканоміцы, — сцвярджае кіраўнік праекта «Атлас новых прафесій» з Маскоўскай школы кіравання «Сколкава» Дзмітрый СУДАКОЎ. — Усё змяняецца вельмі імкліва, і з цягам часу гэтая хуткасць толькі нарастае. Яшчэ адна важная лічба — 66 працэнтаў працоўных месцаў у Расіі цяпер знаходзіцца пад пагрозай знікнення з-за аўтаматызацыі».

На што разлічваць тым, хто толькі цяпер вырашае, з якой прафесіяй звязаць жыццё? Па словах эксперта, галоўныя трэнды, якія можна прасачыць ужо цяпер, гэта татальнае пранікненне ІT ва ўсе сферы жыцця і аўтаматызацыя ў прамысловасці і эканоміцы. Адсюль становіцца зразумела, якія кірункі могуць «выстраліць» у найбліжэйшы час. Гэта ў першую чаргу новыя інфармацыйныя тэхналогіі (у прыватнасці, «воблачныя» сэрвісы, штучны інтэлект і нейрасеткі), робататэхніка для дома, работы і транспарту. Не менш перспектыўны кірунак — энергетыка, асабліва «зялёная». Актыўна развіваецца кірунак новых матэрыялаў і 3D-друк, іх запатрабаванасць можна канстатаваць ужо цяпер. Шмат будзе залежаць ад генетыкі і біятэхналогій, а таксама медыцыны — асабліва перспектыўным цяпер падаецца яе персанальны кірунак (калі лекі прызначаюцца ўрачом з улікам фізіялагічных асаблівасцяў канкрэтнага чалавека).

Новыя сферы дзейнасці будуць патрабаваць новых уменняў. На думку Дзмітрыя Судакова, акрамя непасрэдна тэхнічных навыкаў, якія атрымліваюць падчас вучобы, цяпер вылучаюцца яшчэ два віды: «мяккія» (тое, што звычайна развіваецца чалавекам самастойна падчас жыцця) і метанавыкі (найменш схільныя да змянення характарыстыкі мыслення чалавека). Да першых адносяцца, напрыклад, камунікацыя, уменне супрацоўнічаць, мультыкультуралізм. Да другіх — крэатыўнасць, адаптыўнасць, уменне вучыцца і перавучвацца.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Дыплом гарантый не дае

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.