Вы тут

Стартаваў найбуйнейшы ў краіне медыцынскі форум BеlаrusMеdіса


Ён уключае ў сябе міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Ахова здароўя Беларусі—2017», «ФармЭкспа» і «Стаматалогія Беларусі». Арганізатарам выступае Міністэрства аховы здароўя і выставачная кампанія «Тэхніка і камунікацыі» (T&С).


Штогод выстаўка збірае ў Мінску каля 200 вядучых вытворцаў і дыстрыб'ютараў абсталявання, паслуг, медыкаментаў, вырабаў медыцынскага прызначэння з Беларусі і іншых краін. Краінай-партнёрам сёлета выступіла Рэспубліка Індыя, якая прадставіла аб'яднаную экспазіцыю шэрагу індыйскіх кампаній.

Паводле слоў міністра аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Валерыя МАЛАШКІ, сучасныя інавацыйныя рашэнні і тэхналогіі актыўна ўкараняюцца сёння ў паліклініках. «Неабходна больш інтэнсіўна развіваць тэхналогіі замяшчэння стацыянара, арганізоўваць папярэдняе абследаванне і далечванне пацыента ў амбулаторна-паліклінічных умовах, развіваць хірургію аднаго дня, адкрываць дзённыя стацыянары ў шпіталях. Менавіта ў паліклініках сёння павінны быць сканцэнтраваны спецыялісты, медыцынскае абсталяванне. Гэта задаволіць на працягу аднаго дня патрэбы пацыента ў дыягностыцы і правядзенні некаторых медыцынскіх умяшанняў, і на выстаўцы «Ахова здароўя Беларусі» можна ўбачыць такое высакаякаснае і сучаснае абсталяванне, якім мы аснасцім нашы паліклінікі і ўстановы аховы здароўя ў найбліжэйшы час», — адзначыў міністр.

На выставе «Ахова здароўя Беларусі-2017».

На адкрыцці мерапрыемства ён таксама не абышоў увагай нядаўні трагічны выпадак у Віцебску. Там 30-гадовая жанчына нарадзіла па месцы жыхарства дзяўчынку, якая ў выніку аспірацыі каляплоднымі водамі загінула. Міністр аховы здароўя заўважыў, што легалізаваць роды на даму ў нашай краіне пакуль рана. У першую чаргу неабходна рухацца па шляху аказання меддапамогі ва ўстановах аховы здароўя. Роды на даму без суправаджэння медработніка, без інфармавання сістэмы аховы здароўя, наогул самастойнае прыняцце такога рашэння бацькамі — злачынства ў дачыненні да дзіцяці. У іншых краінах, дзе падобная практыка ёсць, роды на даму прымаюць афіцыйныя акушэркі, якія маюць спецыяльны сертыфікат, чаго і блізка не было ў дадзенай сітуацыі.

Валерый Малашка закрануў і тэму больш шырокага выкарыстання ў Беларусі медыцынскага страхавання. «Мы сёння кажам, што элементы страхавання павінны прыходзіць у сістэму аховы здароўя. Узаемадзеянне паміж Белдзяржстрахам і ўстановамі аховы здароўя адбываецца досыць паспяхова, што паказала летась сваю эканамічную эфектыўнасць».

Форум працуе па адрасе: пр-т Пераможцаў, 20/2, Футбольны манеж. Час работы: 22 і 23 сакавіка — з 10.00 да 18.00, 24 сакавіка — з 10.00 да 15.00.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: «Здаровыя» тэхналогіі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.