Вы тут

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў


Баязліваму і корч — мядзведзь

Праўду кажуць: наглядзішся розных там «Разбітых ліхтароў» ды іншых крымінальных серыялаў, — уласнага ценю пачнеш баяцца. Як, напрыклад, мая даўняя сяброўка, што жыве на Кубані. Мы з ёй часта размаўляем (гэта не праблема цяпер). Так што гісторыя ад яе і, вядома ж, цалкам праўдзівая.

Іду я, значыць, неяк дадому, на выкліку была, — расказвала Вольга (яна ветэрынарам працуе). — Вечар на дварэ досыць позні, цемнавата, але ж дарога мне добра знаёмая, таму ліхтарык не ўключаю, крочу сабе, слухаю цішыню... Аж раптам — галасы. Ці здалося, бо вакол жа — адны гароды, жыллё далекавата...

Спынілася, прыслухалася — не, так і ёсць: нехта размаўляе. Мужчыны... Двое... Ужо і постаці бачу: адна — высокая, мажная, другая — наадварот — дробная.

— Чаму спазніўся? — пытаецца здаравяк. — Я думаў, падманеш, зусім не прыйдзеш... А я ж у гэтай справе навічок ды і рады адзін не дам.

— Дзіва што, — прызнаецца худзенькі, — гэткі фрукт... Я такіх і не бачыў. Цёмны нейкі... І ўжо ж здаравенны...

— Але расколецца?

— Як піць даць расколецца! Проста прыбраць яго трэба!

— Лёгка сказаць — прыбраць... Такога грамілу!

— Але ж ён адзін, а нас — двое. Ды і гэта...

(У руках каранастага бліснуў... нож.)

— Ну тады пайшлі, — нарэшце гаворыць шчуплы. — Секанём ды ў склеп яго.

На вось гэтых словах бандыты і праўда сыходзяць — у бок бахчы. Сяброўка, ледзьве жывая ад страху, ідзе дадому...

А назаўтра — чуе — лямант на ўсю аколіцу: з грады ў бабы Аўгінні прапаў найбольшы кавун! Бяда, можна сказаць, бо ўсё лецейка бабуля трэслася над ім (насенне ўнучка з-за мяжы прывезла), песціла-даглядала, ды не ўпільнавала: нехта іншы з'есць... Хто?

Вольга, як той казаў, магла б унесці хоць нейкую яснасць, але маўчала. Страху ёй хапіла і так, бо меркавала ж, што тыя двое на «макруху» ідуць — чалавека прыкончыць збіраюцца.

З таго самага вечара крымінальныя серыялы Вольга не глядзіць. І іншым не раіць.

Лілія Васілеўская, Іўеўскі раён


Сюрпрыз

Свет, як вядома, вялікі і людзей там — лікам не злічыць, прычым самых розных: мужчын і жанчын, старэйшых і маладзейшых, разумных і, скажам так, не вельмі. Бываюць, напрыклад, рэдкія самалюбцы і (вядома ж) самалюбкі. Яны жывы не будуць, пакуль некага не прынізяць, а сабой — наадварот — не павыхваляюцца, не пакажуць сваіх пераваг ды сваёй выключнасці.

Акурат такую вось ганарліўку «занесла» некалі ў наш калектыў. З першых дзён здзівіла: тым найперш, што на работу стала хадзіць, як мы ў тэатр альбо ў госці — заўжды прыбраная (кожны дзень у нешта новае), заўжды нафарбаваная, з прыгожым манікюрам... Да таго ж убачыла, напрыклад, што зрэдку мы гарбатку п'ём і таксама «далучылася». Назаўтра ж чайную пару з сабой прынесла, ды такую, што мы свае рабоча-сялянскія кубачкі-талерачкі ледзь пад стол не схавалі.

Але і гэтага ганарліўцы замала было: яна хацела ўражваць далей. А тут якраз і нагода — дзень нараджэння ў яе: запрашае нас да сябе дамоў.

Разам думаем, што ж рабіць: адмовіцца, як быццам, не выпадае (законы ветлівасці ніхто не адмяняў). Значыць, трэба ісці? А як, калі ногі не нясуць? Ну, хіба што з цікаўнасці?..

А да яе — як сказала імянінніца, і сюрпрыз прыгатаваны: будзе за сталом нештачка такое... Ну такое...

Мы ведалі ўжо, што муж нашай новенькай досыць вялікі начальнік (асабнякоў ды яхтаў яны тады не куплялі, але ж жылі куды багацей...). А таму даўмецца не маглі: чаго чакаць, якое каленца там могуць выкінуць?

І вось мы ў гасцях ужо. Найперш на пяць дарэформенных балаў (а інакш і быць не магло!) ацэньваем жытло і досыць багаты стол, потым — нешта незнаёмае выпіваем і па чарзе каштуем, выслухоўваем, дзе што куплялася і колькі каштавала, ды што там — нават «закругляемся» — збіраемся сыходзіць, а таго абяцанага сюрпрызу ўсё няма і няма.

Але ж вось, можна сказаць, нарэшце, гаспадыня ўстае, просіць хвілінку ўвагі і з чарговай пераможнай усмешкай абвяшчае, што зараз будзе частаваць нас блінамі... з чорнай ікрой.

Падобны далікатэс у той час (як, зрэшты, і ў гэты) няшмат хто еў. Ды што там — многія нават не бачылі! А тут і сапраўды, нібы ў кіно якім, на стале — прыгажэнная талерка з высокай горкай залацістых блінкоў, а побач з ёй — невялікая бляшаначка, трэба разумець той самай ікры?

Каб лепей разгледзець «працэс» яе адкрыцця, мы павыцягвалі шыі і сталі ўважліва сачыць за кожным рухам гаспадыні.

Яна ж, ацаніўшы ўражанне, якое зрабіла абвесткай, трохі памаўчала, а потым спытала:

— Ну што, будзем адкрываць бляшанку? Ці можа... абыдземся? Бо ўсе ж пад'елі?

Ежы на стале і сапраўды хапала, мы былі не галодныя, а таму... ахвотна прызналі, што ікру адкрываць, можа, і не варта: бліноў жа, хто хоча, з'есць і так?

Факт, што замест сюрпрызу мы ў гасцях убачылі... фокус. А што — ікра на стале была? Была. Ёю нас частавалі? Частавалі.

Толькі вось пакаштаваць не ўдалося.

Раіса Васільева, г. Гомель

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.