Вы тут

Мая бедная родная школа...


Тыдняў колькі таму адміністрацыя нашай Мілашоўскай базавай школы-садка запрасіла бацькоў на сход, каб абмеркаваць там адно, але вельмі балючае пытанне — аб... ліквідацыі гэтай установы.


Паводле слоў намесніка старшыні райвыканкама, начальніка райаддзела адукацыі, фінансавыя затраты на ўтрыманне школы, якую наведваюць толькі 49 вучняў і 15 выхаванцаў садка, для бюджэту, на жаль, становяцца непад'ёмнымі. Танней атрымліваецца прыдбаць дадатковы аўтобус (адзін ужо ёсць, і возіць ён вучняў з закрытай Перабродскай школы). А нашы дзеці будуць наведваць Павяцкую сярэднюю. І ў яе ж (альбо ў школы райцэнтра) абяцаюць працаўладкаваць настаўнікаў...

Усё як быццам падлічана і прадумана, час на вырашэнне іншых арганізацыйных пытанняў, звязаных з закрыццём школы, да першага верасня ёсць. Але ж людзі ўсё роўна, мякка кажучы, занепакоены: перажываюць за дзяцей (найперш — малых, выхаванцаў садка), для якіх штодзённыя аўтобусныя пераезды стануць дадатковай фізічнай і псіхалагічнай нагрузкай, перажываюць за сваю школу яшчэ і таму, што яна, наша Мілашоўская, адна з найстарэйшых у раёне. Аб яе адкрыцці сведчаць дакументы з архіва, радкі з «Памятных кніжак Віленскай губерні».

Уражваюць і адначасова здзіўляюць такія лічбы: у 1886 г. у школе (тады яна называлася народным вучылішчам) налічвалася ўсяго 16 вучняў (хлопчыкаў). І сродкі для іх навучання, для аплаты працы настаўніка і святара былі.

Школа працягвала працаваць і «за панскай Польшчай» у 1921—1939 гадах, і за «тымі», як у нас казалі, саветамі ў 1939—1941 гадах... Нават у гады вайны і ў ліхія пасляваенныя, нягледзячы ні на што, дзеці там вучыліся...

Для мяне асабіста гісторыя школы — гэта яшчэ і гісторыя сям'і. Мой дзед і мой бацька (дарэчы, яго аднакласнікам быў генерал-лейтэнант Санкоўскі, імем якога названа адна з вуліц у Баранавічах) выпускнікі нашага народнага вучылішча. У розныя часы, але менавіта тут вучыліся ўсе пяць маіх сясцёр і брат.

Я заканчваў Мілашоўскую ўжо сямігодку ў 1959-м, а з 1967-га і да выхаду на пенсію працаваў там настаўнікам фізкультуры, гісторыі і музыкі.

...Шкада школу. І не толькі яе. Не мной заўважана — гэта як правіла: пасля ліквідацыі сельскіх школ замірае жыццё ў саміх вёсках. Але ж у нас — аграгарадок Ідолта, толькі за апошнія гады тут пабудавана каля 40 так званых прэзідэнцкіх дамоў. І што будзе далей?

Альфрэд Тычко, в. Ідолта, Мёрскі раён

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.