Вы тут

Заяўкі на ўдзел у Нацыянальнай літпрэміі прымаюцца да 1 ліпеня


Яшчэ месяц маюць айчынныя пісьменнікі — творцы, якія пастаянна жывуць у Беларусі і пішуць па-беларуску ці па-руску, і аўтарскія калектывы да 4 чалавек, — каб прадставіць на суд экспертнага савета, а потым і высокага журы свае кнігі ці творы, што пабачылі свет на працягу 2016 года. Нацыянальная літпрэмія сёлета будзе ўручацца трэці раз падчас Свята беларускага пісьменства ў Полацку. Пераможцы конкурсу будуць вызначаныя ў сямі намінацыях — за лепшыя кнігі прозы, паэзіі, драматургіі, публіцыстыкі, літаратурнай крытыкі, твор для дзяцей і найлепшы дэбют. Заснавальнікамі прэміі выступілі міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі, Мінгарвыканкам і Саюз пісьменнікаў Беларусі.


— Сама прэмія была заснаваная для развіцця айчыннай літаратуры, больш шырокага інфармавання пра вынікі працы творцаў, — гаворыць першы намеснік міністра інфармацыі Ігар ЛУЦКІ. — Пераможцам у кожнай з намінацый уручаецца дыплом, сімвал прэміі і грашовая ўзнагарода. Сама прэмія не стаіць на месцы, развіваецца. Спадзяюся, налета мы створым адмысловы інтэрнэт-сайт, дзе будуць прадстаўленыя ўрыўкі з кніг-пераможцаў, шорт-лісты. На партале можна будзе знайсці поўную інфармацыю пра прэмію.

Дарэчы, арганізатары адзначаюць неймаверную актыўнасць айчынных аўтараў, якія пішуць для дзяцей: менавіта ў гэтай намінацыі на конкурс летась і ўжо сёлета было прадстаўлена найбольш работ. Непакоіць жа малая колькасць сапраўды знакавых, рэзанансных раманаў. А вось дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК звярнуўся да журналістаў з просьбай уважлівей ставіцца да айчыннай літаратуры, актыўней расказваць пра новыя кнігі на старонках СМІ, бо не кожны пісьменнік здольны сам «раскручваць» свае творы.

— Нацыянальная літаратурная прэмія асаблівая. Ёй мы падтрымліваем беларускія літаратурныя традыцыі, якія маюць глыбокія карані, і хочам, каб нашы пісьменнікі ў сваіх творах выяўлялі мясцовае гучанне, нашу нацыянальную свядомасць. Я думаю, што гэтыя рысы твораў будзе таксама ўлічваць журы пры вызначэнні пераможцаў, — разважае першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. — Каб падаць заяўку на ўдзел у конкурсе, мала прадставіць толькі кнігу. Важна паказаць, што яна была прыхільна прынятая чытачом і атрымала грамадскае гучанне. На твор павінны быць напісаны рэцэнзіі, водгукі ў друкаваных і інтэрнэт-СМІ.

Ужо сёння на адрас аргкамітэта прэміі даслана каля 30 заявак (ужо дасягнуты леташні ўзровень), але пісьменнікі яшчэ маюць шанц прыняць удзел у гэтым знакавым конкурсе. Як расказаў член экспертнага савета конкурсу, літкансультант Саюза пісьменнікаў Беларусі Георгій МАРЧУК, эксперты ўжо пачалі знаёміцца з прадстаўленымі кнігамі.

З поўнай інструкцыяй аб конкурсе можна пазнаёміцца на сайце Міністэрства інфармацыі.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Каб не страціць наша слова

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.