Вы тут

Вялікі беларускі стэнд прадстаўлены на кніжным фестывалі ў Маскве


У Маскве праходзіць кніжны фестываль «Красная плошча». Вялікім стэндам прадстаўлена і прадукцыя беларускіх кніжнікаў.


Каля стэнда нашых кнігавыдаўцоў і кнігагандляроў мнагалюдна: гасцей, наведвальнікаў фэсту цікавіць літаральна ўсё — кнігі па гісторыі Беларусі, беларускія падручнікі, нават буквары.

У аднаго з наведвальнікаў, які асабліва ўважліва разглядае кнігі, пытаюся, што прывяло на фестываль, што ён шукае сярод іншых кніг. І вось што пачуў у адказ:

— Мяне цікавяць беларускія класікі. Сам я нарадзіўся ў Маскве. Хоць і маці, і бацька — з Беларусі. Тут, у сталіцы Савецкага Саюза, вучыліся, тут засталіся працаваць, зрабілі кар'еру. А дома ў нас заўсёды ведалі Купалу, Коласа, Куляшова ... Чыталі Шамякіна і Быкава. А я вось зараз хачу нешта прынесці беларускае сваім дзецям — можа быць, адшукаю і новага цікавага пісьменніка...

Фестываль «Красная плошча» носіць на дзіва практычны характар: наведвальнікі вяртаюцца з выставы з пакетамі кніжных навінак. А я знаходжу сярод кніг расійскіх выдавецтваў і тыя выданні, якія так ці інакш звязаныя з Беларуссю. Вось і навінкі серыі «ЖЗЛ» — кнігі С. Рыбаса «Грамыка» і Н. Далгаполава «Надзея Траян». На стэндзе выдавецтва «Время» — кнігі добра вядомых мінскіх дзіцячых пісьменнікаў Яўгеніі Пастэрнак і Андрэя Жвалеўскага. У тым ліку — і іх выдатная аповесць «Гімназія №13», якая, дарэчы, у перакладзе на беларускую была апублікавана і ў часопісе «Маладосць».

Каля беларускага стэнда сустракаю старшыню ФНКА «Беларусы Расіі» Сяргея Кандыбовіча.

— Уважліва паглядзеў навінкі, прысвечаныя Скарыну, 500-годдзю беларускага кнігавыдання. Абавязкова нешта куплю, — сказаў ён. — Якіх кніг асабіста я чакаю ад беларускіх выдавецтваў? Вядома ж, кніг па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Набліжаецца 75-годдзе Вялікай Перамогі, якое, не сумняваюся, вельмі годна краіны Садружнасці Незалежных Дзяржаў будуць адзначаць у 2020 годзе. Агульная для беларусаў і расіян тэма павінна быць адлюстравана ў кнігах. Хацелася б убачыць выданні пра кіраўнікоў партызанскага руху, пра тых, без каго не было б сённяшняга мірнага неба. Мне здаецца, што пяра гісторыкаў, публіцыстаў і нават празаікаў вартыя такія гістарычныя персанажы, як Панамарэнка, Мазураў, Машэраў, Зімянін...

Сяргей ШЫЧКО

Масква

Загаловак у газеце: Нашы кнігі на Краснай плошчы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.