Вы тут

Праект стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018—2040» абмяркуюць вучоныя


Па словах дырэктара Цэнтра сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі Валерыя ГАНЧАРОВА, «гэта наша спроба ўбачыць доўгатэрміновыя перспектывы развіцця навукі». Сёння многія краіны свету маюць аналагічныя звышдоўгатэрміновыя стратэгічныя прагнозныя дакументы на перыяд да 2040-га, 2050-га і нават да 2100 года.


— Нам могуць сказаць, што навукоўцы спрабуюць зазірнуць за межы жыцця аднаго пакалення вучоных. Не буду адмаўляць, гэта насамрэч так. Але калі мы не будзем бачыць нашых аддаленых перспектыў, кропак росту, куды трэба рухацца, то ўвогуле нікуды не прыйдзем, — лічыць адзін з распрацоўшчыкаў гэтага дакумента. — Стратэгія з'явілася не на пустым месцы, яна была распрацаваная на аснове ідэй, якія ўтрымліваліся ў шэрагу публікацый, абмяркоўваліся на розных навукова-інфармацыйных форумах, канферэнцыях, семінарах, сімпозіумах. У гэтым дакуменце адлюстраванае канцэптуальнае бачанне будучыні Беларусі інтэлектуальнай, якая забяспечыць нам лідзіруючыя пазіцыі ў сусветнай навуковай супольнасці. Адзначу, што работа над канцэпцыяй распачалася ў Акадэміі навук, мы былі яе ініцыятарамі, але затым да яе шырока падключыліся органы дзяржаўнага кіравання, канкрэтныя вучоныя і навуковыя калектывы.

«Наша бачанне мадэлі Беларусі інтэлектуальнай будуецца на трох ключавых элементах: гэта поўнафарматнае ўкараненне лічбавых тэхналогій, развіты неаіндустрыяльны комплекс і высокаінтэлектуальнае грамадства, — растлумачыў Валерый Ганчароў. — Кожны з нас павінен стаць вучоным і творцам, кожны — на сваім месцы. Таму я заклікаю далучыцца да планамернай рэалізацыі стратэгічнай задачы ўсё навуковае грамадства, адміністрацыйныя органы, органы дзяржкіравання, бізнес-сектар і чацвёртую ўладу — СМІ».

Дасягнуць запланаванага ўзроўню развіцця навукі і тэхналогій плануецца ў тры этапы. Першы з іх разлічаны на 2018—2020 гады, калі будзе адбывацца актуалізацыя навукова-тэхнічнага патэнцыялу Беларусі. За гэты перыяд плануецца распрацаваць план мадэрнізацыі традыцыйных галін, укаранення ў іх найноўшых тэхналогій і тэхнікі, а таксама сфарміраваць нарматыўна-прававую базу для рэгулявання навуковай і інавацыйнай дзейнасці, дзяржзаказ на правядзенне навуковых даследаванняў і навукова-тэхналагічных работ. Таксама ў 2018—2020 гадах прадугледжваецца забяспечыць абнаўленне адукацыйных праграм і перайсці да новых стандартаў вышэйшай адукацыі, каб забяспечыць фарміраванне і развіццё кадраў для інтэлектуальнай эканомікі. Мэта другога этапу (2021—2030 гады) — стварэнне сістэмных умоў для лічбавай мадэрнізацыі традыцыйных галін і выбар кропак росту навукаёмістай эканомікі Беларусі.

На трэцім этапе (у 2031—2040 гадах) плануецца нарасціць кампетэнцыі ў мэтавых сегментах інтэлектуальнай эканомікі і выйсці па іх на лідзіруючыя сусветныя пазіцыі. У гэты перыяд плануецца стварыць умовы для развіцця нацыянальнай эканомікі на аснове вытворчасцяў V і VІ тэхналагічных укладаў.

Галоўным вынікам рэалізацыі стратэгіі павінна стаць стварэнне высокаэфектыўнага эканамічнага комплексу, здольнага забяспечыць высокі ўзровень жыцця насельніцтва. Плануецца, што да 2040 года чацвёртая частка прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў Беларусі будзе інавацыйнай, гэта значыць, новай для беларускага рынку.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіzdа.bу

Загаловак у газеце: Не ілюзія, а план дзеянняў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.