Вы тут

З Налібоцкай пушчы сыходзяць зубры


Як праект «Ветландс» плануе захоўваць рэдкія віды жывёл, і навошта нам патрэбны галандскія тарпаны.

Налібоцкая пушча — першае ў Беларусі месца, дзе ў свой час была створана папуляцыя зуброў, якія жывуць на волі (дагэтуль рэдкіх жывёл трымалі ў вальерах). І калі 20 гадоў таму яна бесперапынна расла, то сёння паказчыкі нараджальнасці знізіліся да нуля. Акрамя таго, жывёлы пачалі пакідаць лясны масіў і выходзіць «у людзі». Прычын такіх змен некалькі, але асноўныя — недахоп ежы і зарастанне тэрыторый, на якіх зубры пасвяцца, упэўнены спецыялісты.


Вырашыць праблемы павінен пяцігадовы праект «Устойлівае кіраванне ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі для дасягнення шматмэтавых пераваг» («Ветландс»), які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Наша задача — захаваць і аднавіць месцапражыванні раслін і жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, а таксама палепшыць кармавыя ўгоддзі для вольна жывучай налібоцкай мікрапапуляцыі зуброў, — адзначае начальнік упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Мікалай СВІДЗІНСКІ. — Сёння там 200 га тэрыторыі знаходзіцца ў дэструктыўным стане. Зубры сыходзяць, трэба іх вярнуць.

Для гэтага плануецца стварыць канвеер, які забяспечыць жывёл зялёнымі кармамі з ранняй вясны да позняй восені, а таксама ацаніць генетычны патэнцыял зуброў і, па магчымасці, аздаравіць папуляцыю.

— Зубра можна назваць лясной каровай. А ў беларускіх лясах амаль не засталося адкрытых участкаў з зялёнай расліннасцю, якія б не зараслі хмызнякамі. Зарасла і вада. Мы плануем расчысціць каля 300 га і пракантраляваць, каб гэтыя мерапрыемствы праводзіліся рэгулярна, — падкрэсліў загадчык сектара міжнароднага супрацоўніцтва і суправаджэння прыродаахоўных канвенцый НПЦ па біярэсурсах НАН Беларусі, навуковы каардынатар праекта Аляксандр КАЗУЛІН.

Па словах спецыяліста, у рамках праекта таксама будзе працягнута дзейнасць па выдаленні раслінасці з нізінных балот і пойменных лугоў, у тым ліку на тэрыторыі заказнікаў «Спораўскі» і «Званец», якая была распачата яшчэ падчас праекта «Кліма-Іст». Вядома, без увагі не застанецца і Тураўскі луг — унікальная тэрыторыя, праз якую пралягаюць міграцыйныя шляхі соцень тысяч птушак, у тым ліку і рэдкіх.

— На працягу 20 гадоў мы маніторым колькасць птушак на пойменных лугах. І з кожным годам іх становіцца ўсё менш. Так, амаль у два разы скарацілася колькасць кулікоў, практычна зніклі марадункі і кнігаўкі (а гэта не глабальна пагражаемы від), — падкрэсліла вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі НПЦ па біярэсурсах Наталля Карліёнава. — Безумоўна, прынятыя меры, напрыклад, кіруемае выпальванне сухой расліннасці, паляпшаюць сітуацыю, але без комплекснага падыходу станоўчы эфект доўга не працягнецца. Вось не стала ў прыватных гаспадарках кароў, перасталі мясцовыя жыхары пасвіць жывёл на пойменным лузе — і ён зарос.

Тарпан.

Дарэчы, свойскім жывёлам, своеасаблівым «санітарам» лугоў, якіх сёння ў многіх месцах для выканання гэтай місіі не хапае, у праекце «Ветландс» прадугледжана цікавая альтэрнатыва. Аляксандр Казулін расказаў, што ў хуткім часе ў Беларусі могуць з'явіцца вольна жывучыя тарпаны і турападобныя каровы. Жывёл плануецца прывезці з Галандыі, дзе іх паспяхова разводзяць ужо на працягу некалькіх гадоў. Так што хутка ў нашых зуброў з'явіцца цікавая кампанія.

Кацярына ЦІТОВА

Фота Андрэя ШЫМЧУКА

Загаловак у газеце: Зубры сыходзяць, трэба іх вярнуць

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.