Вы тут

Якія сакрэты гасцям раскрывае Белавежская пушча


У каго ні спытай пра асноўныя славутасці Беларусі, кожны сярод пераліку розных цікавых месцаў, абавязкова назаве Белавежскую пушчу. Унікальны і ад таго самы знакаміты лес не толькі Беларусі, але і ўсёй Еўропы, гасцінна запрашае турыстаў. Самыя запаветныя таямніцы ён гасцям, канешне, не раскрые. Але і цікавостак адкрытых для турыстаў цалкам хопіць, каб упэўніцца, што Белавежская пушча — месца надзвычайнае і нават чароўнае. У гэтым маглі ўпэўніцца і ўдзельнікі выязнога семінара ад Нацыянальнага агенцтва па турызме, сярод якіх былі і карэспандэнты «Звязды».


З вякоў мінулых

Белавежская пушча — гэта не толькі помнік прыроды, але і помнік гісторыі, прычым гісторыі ад самага яе пачатку. Першабытны чалавек пакінуў свой след на гэтай тэрыторыі яшчэ ў VІІ тысячагоддзі да нашай эры, менавіта да гэтага перыяду адносяцца першыя археалагічныя знаходкі. Тут прырода стварыла ўсе ўмовы для жыцця: вады хапае, каменю для вырабу прылад прыцы — больш чым дастатковаыць, лес кішыць жывёламі. Жыві не хачу.

Археалагічны музей пад адкрытым небам у Белавежскай пушчы — адзіны ў нашай краіне музей, які не проста дае ўяўленне, а рэальна паказвае гісторыю людзей ад каменнага веку (ІХ тысячагоддзя да нашай эры) і да ранняга Сярэднявечча (Х стагоддзе нашай эры). Сучасныя спецыялісты правялі вялізную даследчую і археалагічную работу, каб узнавіць першабытныя стаянкі эпохі каменнага веку. У музеі ўпершыню прадстаўлены жыллёвыя пабудовы па тыпе «чумаў» з жэрдак, крытых шкурамі жывёл, пластамі кары і саломай. Пасяленне бронзавага веку ўзноўлена па матэрыялах тштынецкай археалагічнай культуры ІІ тысячагоддзя да нашай эры. У кожнай «хатцы» прадстаўлены прадметы побыту, прылады працы. Нават інтэр’еры адпавядаюць тагачаснай рэчаіснасці, ну наколькі мы цяпер можам аб тым меркаваць. Шпацыр па археалагічным музеі — гэта як падарожжа на машыне часу. Ад бронзавага стагоддзя да сярэднявечча. І адразу адучаваеш, як са зменамі эпох людзі сталі жыць лепей. На змену чумам прыходзяць дамы, у якіх ужо ўзгадваюцца рысы сучасных дамоў — два пакоі, невялікі калідор, акенцы. Прасочваецца, як развіваюцца промыслы і рамёствы — прылад працы становіцца больш, яны ўжо больш дасканалыя і зручныя.

Як вядома, вывучэнне гісторыі пачынаецца з гісторыі старажытных часоў. Настолькі далёкіх, што, чытаючы іх гісторыю з сучасных кніг ці электронных носьбітаў, цяжка ўявіць, як там усё было. Археалагічны музей у Белавежскай пушчы рэальна паказвае, як жылі першабытныя людзі, чым займаліся і на што былі здольныя. А такая інфармацыя заўжды запамінаецца лепей. Праўда, вельмі хацелася б, каб нешта з заняткаў таго часу сучасныя людзі маглі паспарабаваць самі. Сёння проста пацерці камень аб камень і тым самым выклікаць агонь — незвычайны атракцыён, які прынясе яшчэ больш непаўторных уражанняў ад наведвання археалагічнага музея.

Падарожжа на машыне часу працягваецца і ў музеі народнага побыту. Экспазіцыя паказвае, як жылі нашы недалёкія продкі ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Вялікім адкрыццем для гасцей гэта не стане, бо кожны хоць раз быў у звычайнай беларускай хаце. Але ж як тут утульна! А гасцям прапаноўваюць гасцям традыцыйныя пушчанскія пачастункі. Каб даведацца, якія, трэба ехаць у Белавежскую пушчу.

На прыём да імператара…

Ехаць у Белавежскую пушчу трэба ў першую чаргу для таго, каб захапіцца ўнікальнай прыродай. Усё ж такі гэта яе царства. Тым, хто не проста захапляецца, але яшчэ і глыбока цікавіцца прыродай, варта завітаць у музей прыроды нацыянальнага парку. Па багацці ён лічыцца адным з найлепшых музеяў свайго профілю ў Беларусі. У сямі залах прадстаўлена разнастайнасць флоры і фаўны Белавежскай пушчы. Прычым некаторых прадстаўнікоў сёння ў пушчы ўжо не сустрэць. Ды і ў ніякіх лясах іх не сустрэнеш. У музеі прадстаўлены чучалы жывёл, якія ўжо вымерлі. Самы велічны — легендарны тур. Калісьці гэтыя магутныя быкі насялялі тэрыторыю Белавежскай пушчы і карысталіся пашанай у паляўнічых. Кубак з рога тура лічыўся найлепшым падарункам. На жаль, ад такой вялікай пашаны яны і вымерлі.

У музеі прадстаўлена і гісторыя пушчы, якая як і гісторыя кожнай дзяржавы, насычана рознымі шчаслівымі і трагічнымі часамі. Белавежская пушча бачыла шмат «моцных свету гэтага». У 1409 годзе польскі кароль Ягайла і князь ВКЛ Вітаўт падчас палявання здабылі шмат лясных звроў. Іх мяса запаслі на будучую вайну з Тэўтонскім ордэнам. Вітаўту і Ягайлу вельмі спадабаліся тарпанавідныя коні, якія жылі ў гэтых лясах. Вельмі моцныя, вынослівыя коні, як кажуць экскурсаводы музея, «маглі напіцца ранішняй расой» — лепшага памочніка на вайне знайсці цяжка. Такім чынам, можна сказаць, што ў Белавежскай пушчы было закладзена першая цаглінка перамогі ў вайне з Тэўтонскім ордэнам. У часы расійскага імператара Аляксандра ІІІ Белавежская пушча знаходзілася ва ўласнасці царскай сям’і. Імператар разумеў культурна-гістарычнае значэнне пушчы і неабходнасць яе аховы і сачыў за яе станам. Але і паляваць у гэтых лясах члены царскай сям’і вельмі любілі. Праўда, вялікія царскія паляванні праводзіліся раз на тры гады, каб колькасць жывёл паспела аднавіцца. У 1894 годзе ў Белавежскай пушчы быў пабудаваны царскі палац, які стаў асенняй рэзідэнцыяй апошніх рускіх цароў Аляксандра ІІІ і Мікалая ІІ. Праўда, палац застаўся на польскай частцы пушчы і ў ХХ стагоддзі быў разбураны. А на Беларусі застаўся толькі яго макет, які захоўваецца ў музеі прыроды. Шмат няшчасцяў прынесла пушчы Першая сусветная вайна. У жніўні 1915 года яе тэрыторыя была акупавана нямецкімі войскамі, якія адразу пачалі актыўна высякаць каштоўныя векавыя дрэвы. Прагаліны ад высечаных палян і сёння, нібы шнары, нагадваюць аб тых трагічных часах. Але пушча ўзнавілася і працягвае радаваць сваіх гасцей.

Асабліва турыстаў радуюць гаспадары лесу — жывёлы. З імі можна пазнаёміцца бліжэй каля экскурсійных вальераў. У гэтым невялікім лясным заапарку можна блізка ўбачыць аленяў і касуль, ваўкоў і мядзведзяў, зразумець, чаму Ягайлу спадабаліся тарпанавідныя коні, захапіцца моцнымі птушкамі, сярод якіх пугач вялікі і арлан белахвосты. Найбольшую ўвагу, ад якой, відавочна, атрымлівае задавальненне, выклікае імператар Белавежскай пушчы — зубр. Страшна ўявіць, што гэтага сімвала Белавежскай пушчы, ды і ўсёй краіны магло б не быць. Першая сусветная вайна стала фатальнай для іх папуляцыі. У 1915 годзе налічвалася каля 300 жывёл, затым іх колькасць паступова скарачалася. А ў 1919 годзе ў Белавежскай пушчы была забіта апошняя зубрыца. Усяго ў той час у заапарках іншых краін заставалася ўсяго 52 зубры, якія калісьці былі вывезены з Белавежскай пушчы. На шчасце, у 1920-х гадах пачалося аднаўленне гэтага віду ў Беларусі. Работа, якая стала на паўзу з пачаткам Другой сусветнай вайны, пасля яе заканчэння аднавілася. У 1950 гадах пушчанскіх веліканаў разводзілі ў спецыяльна створаных для іх гадавальніках і паступова выпускалі іх на волю. Сёння ў Белавежскай пушчы жыве больш за 700 асоб зуброў. І гэта вялікае дасягненне. Бо яшчэ Мікола Гусоўскі ў знакамітай «Песні пра зубра» пісаў, што «звер гэты цудам толькі шчэ ў нас захаваўся пад зоркай Палярнай». Цікавы факт — у зубрыным статку пануе матрыярхат, магутныя зубры пакорліва слухаюць старэйшую зубрыцу. А яшчэ, нягледзячы на свае памеры, зубр досыць грацыёзная жывёла — спецыялісты сцвярждаюць, што ён з месца можа пераскочыць двухметровы плот. На ўдачу турыстаў, у экскурсійных вальерах ён сабе такога не дазваляе. Але з гонарам падыходзіць да гасцей і праз загарадзь прымае пачастунак, паказваючы, што ён хоць і выглядае грозным, але ў душы досыць мілы.

І ў госці да казкі

Водгаласы песні зубра гучаць у Белавежскай пушчы літаральна паўсюль. На месцы былога гадавальніка, дзе калісьці лясны велікан атрымаў другое жыццё, сёння размешчана славутасць, дзеля якой кожную зіму дзеяяткі тысяч людзей бяруць курс на Белавежскую пушчу, — садзіба беларускага Дзеда Мароза. Сёлета ў яе юбілей — 20 гадоў з моманту адкрыцця. Здаецца, беларускі Дзед Мароз жыў у Белавежскай пушчы заўсёды. Аднак не, афіцыйную прапіску атрымаў толькі ў 2003 годзе. Наведваючы сядзібу сапраўды апынаешся ў казцы, сустракаеш знаёмых з дзяцінства герояў і толькі паспяваеш загадваць жаданні — Дзед Мароз на цуды не сквапіцца. І ўсё гэта ў старажытным лесе, пад шатамі векавых дрэў, бо сядзіба знаходзіцца ў самым цэнтры Белавежскай пушчы. Гасцей Дзеда Мароза на шляху да казкі сустракаюць дрэвы, якія размянялі больш за тры стагоддзя. Такія дрэвы лічацца лячэбнымі, таму ўсім гасцям Белавежскай пушчы раяць абняць ствол (ну, на колькі хопіць рук) і спакойна пастаяць некалькі хвілін, насыціцца іх энергетыкай.

Такі прыродны антыстрэс разам з радасцю ад зносін з жывёламі, новымі цікавамі ведамі, насычаным водарам лясным паветрам падораць кожнаму госцю цэлы комплекс непаўторных уражанняў. Пра Белавежскую пушчу можна казаць бясконца, але лепей яе хоць адзін раз убачыць, каб зразумець веліч і ўнікальнасць гэтага месца. Тым больш што гэта не так складана. Падчас круглага стала па выніках выязнога семінара Ніна Богуш, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку «Белавежская пушча», адзначыла, што тут створаны ўсе ўмовы для адпачынку, а гасцей (якія прыйшлі з добрымі намерамі) тут заўсёды рады бачыць.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Белавежская пушча

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.