Вы тут

У Мінску праходзіць Беларускі тыдзень моды


Сёлета мерапрыемства змяніла фармат. Паказы арганізавалі ў будынку былога цэха, дызайнерам прапанавалі друкаваць калекцыі на 3D-прынтары, а гасцей чакала лекцыя пра крыптавалюту.


Раней тыдзень моды праходзіў у выставачным цэнтры БелЭкспа. Гэтым разам 30-метровы подыум размясціўся ў культурнай прасторы «ОК16», якая знаходзіцца ў адным са старых будынкаў па вуліцы Кастрычніцкай. Такая тэндэнцыя назіраецца цяпер і на замежных модных мерапрыемствах: замест таго каб узводзіць для паказаў дарагія і складаныя канструкцыі, іх праводзяць у закінутых памяшканнях.

Яшчэ адна адметнасць — гэта спалучэнне моды і тэхналогій. Удзельнікі мерапрыемства могуць убачыць і пратэсціраваць інавацыйныя рашэнні для дызайну. Напрыклад, хутка стварыць элементы абутку і адзення з дапамогай 3D-друку, распрацаваць у праграме прататып аксесуара. Усё гэта прадставіла вытворчая лабараторыя FabLab Garage пры Мінскім гарадскім тэхнапарку. Дырэктар тэхнапарка Уладзімір ДАВІДОВІЧ мяркуе, што новыя тэхналогіі будуць карысныя дызайнерам, дазволяць ім эксперыментаваць і ўдасканаліць многія працэсы вытворчасці.

У галіне моды, дарэчы, хочуць запусціць сваю лічбавую валюту — Fashіon Coіn. У будучыні пакупнікі змогуць разлічвацца ёй за брэндавыя рэчы, а на кошт змогуць уплываць эксперты індустрыі.

Беларускі тыдзень моды праходзіць 16-ы раз. Ці змянілася што за гэты час? Кіраўнік Belarus Fashіon Week Яніна ГАНЧАРОВА ўпэўненая, што так, і адзначае некалькі пазітыўных тэндэнцый. Калі восем гадоў таму многія нашы фабрыкі адзення нават не глядзелі ў бок айчыннага рынку, усё шылі на Расію, то цяпер пашыраюць сетку крамаў у Беларусі. Развіваецца дзіцячая мода. У аднаго з брэндаў, напрыклад, абарот дзіцячых рэчаў на 80 працэнтаў большы, чым дарослых. А ўсяго ў сферы вытворчасці адзення працуе 1600 юрыдычных асоб.

Але ёсць яшчэ да чаго імкнуцца.

— Нам не хапае крэатыву, смеласці. Але гэта залежыць і ад пакупнікоў. Дызайнеры не рызыкуюць выпускаць тое, што не прадасца, — тлумачыць Яніна Ганчарова.

Сёлета ў тыдні моды ўдзельнічае больш за 30 дызайнераў. Калекцыі прадстаўляюць таксама замежныя мадэльеры — з Украіны, Італіі. А што прапануюць насіць наступнай восенню і зімой беларускія творцы? Дызайнер Ларыса Балунова робіць стаўку на жакеты з гіпертрафіраванымі плячыма, сукенкі з тоўстага трыкатажу, камбінезоны з карункамі. А традыцыйную для халоднай пары года шэра-чорна-карычневую гаму разбаўляе фіялетавым і цёмна-чырвоным колерамі. Спалучаць класіку і спорт-шык у адным вобразе прапануюць маркі Devur і Femme. А яшчэ — насіць увосень лёгкія шоўкавыя сукенкі «ў падлогу» пад джэмперы і паліто. Модная парада ад брэнда Lakbі — перавязвайце сукенкі, кашулі і жакеты скуранымі рамянямі, каб падкрэсліць талію, і не бойцеся аб'ёмных плашчоў і паліто, бо яны толькі падкрэсліваюць жаноцкасць.

Ксенія Раманава стварыла калекцыю ў футурыстычна-спартыўным стылі, а Наталля Гайдаржы пашыла яркія ўборы з ільну Аршанскага льнокамбіната.

Погляд на мужчынскую моду прадставіла Людміла Тараканава. Наступнай зімой віцебскі мастак-мадэльер прапануе моцнай палове прымерыць футра і футровыя курткі. А схавацца ад ветру можна ў аб'ёмным шаліку ручной вязкі.

Паказы дзіцячай моды — гэта традыцыйна яшчэ і сацыяльны праект. Усе грошы, атрыманыя ад продажу квіткоў, пойдуць на падтрымку сем'яў з Беларускай асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ

Загаловак у газеце: Зімой — у шоўкавай сукенцы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.