Вы тут

Што губляюць дзеці, якія растуць без казак?


Ці задумваліся вы аб тым, што губляюць дзеці, якія растуць без казак? Займальныя сюжэты дапамагаюць выхоўваць малечу. У казках гаворыцца пра сяброўства, бескарыслівую дапамогу, імкненне да справядлівасці, асуджаюцца няўдзячнасць і здрада, высмейваюцца фанабэрыя, зайздрасць, баязлівасць, гультайства.


Ларыса Рыжкова з Міханавіцкага дома фальклору ведае, як паднесці казку дзеткам.

А як не сказаць пра сакавітую, вобразную, багатую на трапныя параўнанні і характарыстыкі мову беларускіх казак! Між іншым, ці ўпэўнены вы, што ўмееце іх расказваць? Калі б толькі чулі сапраўдных майстроў гэтага жанру, якія сабраліся на міжнародным форуме казкі ў Акадэміі навук, зразумелі б, што пры дапамозе казачнай гісторыі можна і насмяшыць, і расчуліць, перадаць прыгажосць прыроды, пазнаёміць з народнымі традыцыямі. Нават адну і тую ж казачку можна расказваць па-рознаму, дадаваць новыя дэталі, уплятаць у яе песні.

Радуе, што ў розных кутках Беларусі краязнаўцы, педагогі і нават бібліятэкары спрабуюць «раскручваць» беларускую казачную спадчыну. Напрыклад, на Любаншчыне ладзіцца фестываль казкі, а ў мінулым годзе выйшла шыкоўная кніга з чароўнымі гісторыямі, запісанымі ў розных вёсках раёна.

У Міханавіцкім доме фальклору казкі не толькі збіраюцца, але і выконваюцца сучаснымі дзеткамі. «У іх разбіраецца шмат цікавых сітуацый. Праз неверагодныя гісторыі ўвогуле дзеці пазнаюць жыццё, — расказвае кіраўнік узорнага фальклорнага ансамбля «Калыханка» Ларыса РЫЖКОВА. — На казках я вучу малых адчуваць народную інтанацыю, працаваць з голасам. Песенькі, што дадаюцца ў сюжэты, — гэта коды, допускі ў гісторыю, дзеці іх вельмі любяць. Дарэчы, дзякуючы ім казкі лепш запамінаюцца. Калі гэтыя малыя вырастуць, ім будзе што расказаць сваім сынам і дочкам».

Між іншым, казку можна задзейнічаць не толькі ў педагагічным працэсе. Чаму б яе не выкарыстоўваць у турыстычнай галіне? Акрамя фестываляў можна ладзіць спаборніцтвы казачнікаў — напрыклад, у Расіі праводзіцца «казкабатл».

Казка тоіць яшчэ мноства сакрэтаў. «Гэта неспазнаны сусвет, у якім столькі пунктаў, комплексаў, сувязяў, якія нават на сённяшнім этапе развіцця фалькларыстыкі і іншых навук мы яшчэ не можам растлумачыць. Казкі вучаць класіфікаваць свет, адказваць за сябе, выжываць, плюс, як сцвярджаюць псіхолагі, у казачных гісторыях вельмі вялікі пласт падсвядомага, што ўвасабляецца ў вобразах, сюжэтах», — заўважае Таццяна ВАЛОДЗІНА, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.

Некаторым казкам, што сустракаюцца ў Беларусі, тысячы гадоў. У часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай на нашу тэрыторыю трапіла вялізная колькасць вандроўных еўрапейскіх сюжэтаў, у нас яны набылі свае дэталі, але захавалі выразную замежную аснову, каларыт. Зразумела, ёсць у нас і адметныя казкі — напрыклад пра асілкаў. Існуе шмат легендарных сюжэтаў пра тое, як такія персанажы мянялі ландшафт: насыпалі горы, перакідваліся камянямі, молатамі. Таксама на Беларусі можна сустрэць шэраг непаўторных гісторый пра жывёл. Але дзіва: казкі пра зуброў у беларусаў не было, і наогул гэтая жывёліна не была прадстаўлена ў міфалогіі, яе няма ні ў загадках, ні ў песнях. Затое другі персанаж, які зараз моцна тыражуецца, — бусел, — быў задзейнічаны ў самых розных жанрах. Легенда пра буслоў (калі чалавек ператварыўся ў птушку) вядомая па ўсёй тэрыторыі Беларусі ў шматлікіх варыянтах. Часам у бусла нават ёсць імя — Адам (або Сцяпан, Іван). Гэта легенда паўтарае класічны міф пра Пандору. Нават існуе гіпотэза, што гісторыя пра бусла больш старажытная, бо звязаная з канкрэтнымі, а не абстрактнымі з'явамі. Нагадаю, што бусел выпускае з торбачкі жаб, змей, а Пандора — злосць, зайздрасць і г. д...

Сёння казачная спадчына чакае і сваіх даследчыкаў, і сваіх прыхільнікаў. Яно і не дзіва, бо, кажуць, казка — як галаграма — той выпадак, калі праз малое можна спазнаць увесь свет.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Загаловак у газеце: Раскажы, бабуля, казку

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.