Вы тут

Жыццёвай мітусні — бой!


Гледзячы на ўраджэнку Чэрвеня Вольгу Жураўскую, нямногія здагадаюцца, што гэта спакойная і сціплая жанчына сёлета праз напружаную барацьбу здабыла тытул чэмпіёнкі Беларусі па муай-тай.

Але залаты медаль — не самае важнае дасягненне 31-гадовай суразмоўніцы. Жыццёвыя ўзнагароды для яе — маленькая, але моцная сям'я (мама, сястра, сын Улад) і любімая праца ў мясцовым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.


— Вольга, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства...

— Усё было звычайным. Камп'ютара, інтэрнэту не было — вольны час бавілі на вуліцы. Я, хутчэй, больш спакойная была, чым сарвігалава. Аднак вельмі любіла з хлапчукамі гуляць у казакоў-разбойнікаў. Бегалі па ўсім горадзе! Яшчэ, памятаю, па дрэвах, платах лазілі. Нават на галінах бярозы каталіся.

— Ці былі перадумовы да заняткаў спортам?

— Цягі да яго я не мела. Хіба што ў школе крыху гуляла ў баскетбол. Неяк запісалася на лёгкую атлетыку, але яна мяне не зачапіла. Галоўным захапленнем было маляванне. Наведвала заняткі ў школе мастацтваў, удзельнічала ў творчых конкурсах. Я і зараз часам малюю. А тады марыла стаць дызайнерам адзення, таму і паступіла ў каледж швейнай вытворчасці. Але калі пачалося канструяванне... Дакладнасць, падлікі, вымярэнні цярпець не магу... Праз гэта ўсвядоміла: не быць мне дызайнерам — ды і кінула вучобу на трэцім курсе, скончыўшы толькі этапы краўца і закройшчыка.

— І лёс закінуў у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва...

— Не адразу. Я яшчэ паспела год адпрацаваць па спецыяльнасці, пасядзець у дэкрэтным адпачынку пару гадоў. Напачатку мне прапанавалі стаць кіраўніком гуртка ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў. А далей — скончыла педагагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці «алігафрэнапедагогіка», пачала рухацца па кар'ернай лесвіцы. Цяпер я — загадчык аддзела.

— Як жа вы, такая мініяцюрная і спакойная, трапілі ў тайскі бокс?

— Вырашыла аддаць сына на муай-тай, калі яму было шэсць. А трэнер кажа: «Чаго сядзець і глядзець? Прынось форму, таксама будзеш займацца». Падумала: чаму б і не? Тым больш пасля працы — зручны час. Потым Улад перастаў хадзіць: інтарэсу не ўзнікла. А я засталася!

— Былі цяжкасці напачатку?

— Канешне, як у кожнага з нас. Калі штосьці не атрымлівалася, я моцна засмучалася. Усё цела балела, паўсюдна сінякі... Вярталася з трэніровак і адразу клалася адпачываць. А зараз быццам бы імунітэт выпрацаваўся. Прыходжу бадзёрая, яшчэ і справамі хатнімі займаюся!

— Спарынгі праводзіце?

— А як жа! Але мне цяжкавата: няма дзяўчат адпаведнай вагі ці росту. Таму даводзіцца стаяць у пары з хлопцамі. Яны, канешне, шкадуюць, з усёй сілы не б'юць. Аднак усё роўна крыху страшна. Чаму? Калі ўзяць хлопца маёй вагі, 55 кілаграмаў, ён усё роўна будзе мацнейшы за мяне. Увойдзе ў кураж — і забудзецца, што я дзяўчына, паб'е мяне. (Смяецца.)

— Вы згадвалі сінякі. А траўмы былі?

— Аднойчы я нават хадзіла з фінгалам. А мне — на курсы ў Мінск. Не ведаю, што там людзі думалі...

Сур'ёзная траўма была, калі на адным з турніраў зламала мезенец на назе. Цікава, што заўважыла не адразу. Сышла спакойна з рынга, толькі праз нейкі час зразумела, што нешта палец баліць. Потым нага апухла... А назаўтра — яшчэ бой. Нагу перабінтавалі, я аднекуль знайшла сілы выйсці на рынг. На жаль, траўма перашкодзіла перамагчы.

— Калі нешта не атрымліваецца, апускаюцца рукі. Як знаходзіце матывацыю ў такіх сітуацыях?

— Вельмі хочацца, каб мной ганарыліся сын, мама, трэнер... Каб бачылі, што недарэмна займаюся. Калі шчыра, то муай-тай — хоць якая разнастайнасць у маім жыцці. А то ўсё дом — праца, праца — дом... Таксама хочацца ўбачыць на трэніроўцы сяброў — ці ж не самая лепшая матывацыя?

— На сёлетні чэмпіянат Беларусі як сябе настройвалі?

— Звычайна на спаборніцтвах мне заўсёды чагосьці не хапала: ці сілы волі, ці досведу. Я ж бачу, як рэагуе на мае вынікі трэнер, як перажываюць і вераць у мяне родныя, калегі. Думала: калі сёлета нічога не вазьму, мне будзе сорамна і перад імі, і перад сабой. Не магла не перамагчы! Настроілася: буду біцца да апошняга ўздыху.

— Пачуцці чэмпіёнкі, якія яны?

— Спакой і ціхая радасць. Не было такога: «Ой, глядзіце, я чэмпіёнка!». Толькі на працы медаль паказала дырэктару, Людміле Генадзеўне Шарковай. Спаборніцтвы ж падчас працы праходзяць, яна мяне адпускае, заўжды ідзе насустрач, падтрымлівае, за што я ёй вельмі ўдзячная. Калегі павіншавалі, мама, на трэніроўцы сябры парадаваліся. Нідзе больш не выхвалялася.

— Вы не трапілі на сёлетні чэмпіянат свету ў Мексіцы. Чаму?

— На жаль, вельмі дарагая паездка. Трэба было знайсці каля дзвюх з паловай тысяч долараў. Ні ў мяне, ні ў клуба такіх грошай няма. Федэрацыя таксама не здолела прафінансаваць...

— Кароткае філасофскае пытанне: што для вас спорт?

— Гэта адпачынак ад працы, ад жыццёвай мітусні, адпачынак для душы. Частка мяне. Без яго ўжо нельга.

...Можна было б задаць яшчэ мільён пытанняў. Мая суразмоўніца з задавальненнем адказвала б на іх, а я — слухала. Але час — найвялікшая каштоўнасць..

У Вольгі — яшчэ каля дзесяці гадоў для рэалізацыі сваіх спартыўных планаў (у муай-тай можна выступаць да сарака гадоў) і яшчэ больш — для дасягнення жыццёвых. Пажадаем ёй поспехаў!

Бліц-апытанка

— Чым/кім больш за ўсё ганарыцеся?

— Сынам. І працай.

— Калі б быў шанц што-небудзь змяніць, што б гэта было?

— Мабыць, нічога. Думаю, што ўсё ў жыцці не выпадковае. Сумныя і складаныя моманты робяць чалавека мацнейшым. Ва ўсім трэба шукаць станоўчае. Напрыклад, у мяне не склаліся адносіны з мужам, аднак нарадзілася цудоўнае дзіця, якім я ганаруся!

— Якую музыку любіце?

— Аўдыязапісы «УКантакце» ў мяне «пад замком»: калі хто-небудзь іх паслухае, падумае, што я дзівачка. Але музыка маёй душы — песні 1980—1990-х. А яшчэ дужа люблю шаманскія барабаны, гукі медытацыі.

— Калі б выйгралі ў латарэю, што зрабілі б з грашыма?

— Я ўжо думала над гэтым пытаннем. (Усміхаецца.) Спачатку патраціла б на рамонт. Калі буйная сума, то, магчыма, на паездку за мяжу. Не пашкодзіла б крыху грошай і ў наш цэнтр аддаць...

— Чаго баіцеся больш за ўсё?

— Мабыць, як і ўсе людзі, каб нічога з роднымі не здарылася.

Юлія Адамовіч, студэнтка ІІІ курса факультэта журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.