Вы тут

Як бабулін лён набыў другое жыццё


Мама шые вінтажныя цацкі, дочкі прыдумляюць ім імёны, а тата фатаграфуе

Фатограф Павел ПЯТРЫШЧАЎ прыйшоў на інтэрв'ю не адзін. А з Хэлен і Эшлі. Гэта мілыя фантастычныя істоты, пашытыя з ільну, які Павел з жонкай Аленай знайшлі ў бабуліным куфары.


Твор­чая сям'я Пят­ры­шча­вых.

«Усе «блышыныя рынкі» абышлі ў пошуках незвычайных аксесуараў»

— Павел, раскажыце з чаго ўсё пачыналася, як прыйшла ідэя заняцца цацкамі?

— З таго, што мы прыехалі ў Шаркаўшчынскі раён, у дом, дзе калісьці жыла Аленіна бабуля, і знайшлі там два рулоны саматканага лёну. Уяўляеце, праляжаў там больш за 50 гадоў. Але час яго ніколькі не папсаваў. Толькі зірніце: гэта вельмі якасны, трывалы матэрыял. Адзін рулон мы ўжо патрацілі на цацкі... Я перакананы: у беларускіх вёсках такога дабра яшчэ хапае. Але, на жаль, стаўленне многіх людзей да гэтага скарбу спецыфічнае. Маўляў, навошта нам пыльная старая тканіна? Але гэта не пра нашу сям'ю. Мы — аматары вінтажных рэчаў, з гісторыяй, з асаблівай энергетыкай. Калі пачыналі з жонкай працаваць у Нацыянальнай школе прыгажосці — я як фатограф, яна як стыліст — усе мінскія «блышыныя рынкі», «стокі» ды сэканд-хэнды абышлі, шукалі незвычайныя аксесуары для фотасесій. У нас дома вялізны чамадан рарытэтаў: старадаўнія французскія карункі, чэшская біжутэрыя... Гэта ўсё каштуе капейкі, але разам з тым мае бясцэнны энергетычны эфект. Прынамсі, як і льняная тканіна, якую ткала Аленіна бабуля.

— Але ж бабулін лён калі-небудзь скончыцца, што тады будзеце рабіць?

— Будзем шыць з крамнага, папярэдне састарыўшы яго. Гэта вельмі цікавы і творчы працэс — ператварэнне звычайнага лёну ў вінтажны. Радуе, што ў Оршы, на льнокамбінаце, сёння робяць цудоўную якасную тканіну.

— Я так разумею, вашай жонцы ў спадчыну ад бабулі дастаўся не толькі саматканы лён, але і «залатыя» рукі?

— Так, бабуля Алены не толькі ткала, але і цудоўна шыла, дзядуля майстраваў акардэоны, брат — розныя рэчы з дрэва. Гэтая рукастасць, відаць, на генетычным узроўні перадалася і маёй жонцы. Талент праявіўся пасля нараджэння нашых дачок. Алена з задавальненнем шые ім сукенкі, арыгінальныя касцюмы на Новы год. Не таму, што няма магчымасці купіць, проста хочацца, каб абноўка была па фігуры. Можна, вядома, і крамную рэч падагнаць, але значна цікавей пашыць штосьці ўласнаруч. Тым больш гэта выхоўвае ў дочках індывідуальнасць і добры густ. Пасля таго як жонка скончыла курсы шыцця, мы ёй адразу ж купілі добрую швейную машынку. Гэта вельмі важна: якасная тэхніка дапамагае ў творчасці. «Хацеў падкласці бабульцы пад спінку Катазая, але не адважыўся»

— Вашыя дочкі таксама актыўна ўдзельнічаюць у сямейнай справе?

— Так, менавіта яны, гуляючы, прыдумляць імёны новым цацкам: Катазай, Чу-ча, Вінкі, Бегемот Ліманад, Дзядуля капітана Кусто, Шушумба, Зубазеі... А таксама неверагодныя гісторыі пра іх прыгоды. Нам, дарослым, застаецца толькі падглядаць і падслухоўваць. Калі нарадзілася старэйшая дачка, я завёў чарадзейны нататнік, куды мы з Аленай уклейваем дзіцячыя малюнкі, а таксама запісваем усе іх наватворы і арыгінальныя фразы. Вожыка малыя раней чамусьці называлі «сёка», самалёт — «місіёт», змяю — «місія». Я вельмі далікатна стаўлюся да ўсяго, што яны ствараюць, усё гэта падшываю, у нас вялізныя архівы. Дзеці — гэта нерэальны паток энергіі, іх фантазіі — бясцэнная скарбонка ідэй.

— Соня і Марта не толькі прыдумляюць імёны новым героям, але і з'яўляюцца вашымі асноўнымі фотамадэлямі. Акрамя таго, бачыла, што вы робіце душэўныя здымкі цацак не толькі з дочкамі, але і ў самых нечаканых месцах па-за кватэрай: у дупле дрэва, на клумбе з кветкамі...

— Як толькі Алена пашые нейкую новую цацку, яна адразу ж апынаецца ў маім заплечніку. Нашу яе паўсюль з сабой і вельмі шмат фатаграфую ў розных месцах. Катазая (фантастычная істота, якая з аднаго боку нагадвае ката, з другога — зайца. Аўт.), я наогул увесь мінулы год вазіў па ўсёй краіне. Ішоў неяк з гэтай цацкай па парку, фатаграфаваў. Бачу, сядзіць бабулька на лавачцы з жалезнай спінкай. І мне так шкада стала яе, думаю, мо падкласці ёй Катазая, каб мягчэй было. Але не адважыўся. (Уміхаецца.) Наш Катазай наогул шматфункцыянальны. У мяне ёсць некалькі ідэй, як можна гэтую цацку выкарыстоўваць. Планую ў найбліжэйшы час зрабіць невялічкі відэаролік-інструкцыю.

— Можна сказаць, што агульная справа з'яднала вашу сям'ю?

— Я не сказаў бы. Бо мы і да таго, як заняліся цацкамі, жылі дружна. Проста ў сямейным жыцці Пятрышчавых пачаўся новы цікавы этап. Я, дарэчы, заўважыў, што пасля таго, як у нашым доме з'явіліся льняныя цацкі, Соня і Марта перасталі гуляць з крамнымі барбі. А нядаўна, калі я чарговы раз назіраў, як дочкі ўкладваюць спаць Чу-чу ды Шушумбу, у мяне нарадзілася ідэя. Цудоўна было б пачаць рабіць персанажаў для лялечных тэатраў, як беларускіх, так і замежных. У найбліжэйшы час паспрабуем зняць свой сямейны маленькі спектакль і выкласці на «Ютубе». У нас ужо ёсць некалькі цудоўных гісторый. Тым больш мая жонка — рэжысёр фальклорнага тэатра. «Жыццё адно, ёсць сэнс займацца толькі тым, што акрыляе»

— Што альбо хто натхняе вас з жонкай на новыя цацкі?

— Па-першае, дочкі. Соня і Марта — нашы галоўныя натхняльніцы. Па-другое, людзі, якія цэняць ручную працу і не шкадуюць часу на зваротную сувязь. Не так даўно 45-гадовы жыхар Японіі ўбачыў у сацсетках фотаздымак нашай лісіцы. У японцаў «кіцунэ» (так называецца гэтая жывёла ў японскай міфалогіі) лічыцца ў тым ліку ахоўніцай сям'і. І папрасіў, каб мы яму яе пераслалі. Бачылі б вы, як ён радаваўся, калі атрымаў цацку. Нават даслаў мне відэа, як ён з лісіцай кланяецца. І напісаў: «Я адчуваю сябе побач з блізкім сябрам. Буду песціць яго і берагчы як зрэнку вока. Мне здаецца, я блізкі да чагосьці...» Падобныя водгукі неверагодна акрыляюць. Хочацца тварыць яшчэ і яшчэ. У такія моманты пераконваешся, што ты на правільным шляху. А яшчэ мне прыемна, што дзякуючы нашай лісіцы японец даведаўся, што ёсць такая краіна, як Беларусь.

— Я так разумею, рамесніцтва не асноўная ваша дзейнасць?

— Гэта пакуль. Веру ў тое, што з маленькай сямейнай справы можа вырасці штосьці большае. Бо інтарэс да дызайнерскіх рэчаў ёсць. Не так даўно я пазнаёміўся з беларусам, які дзякуючы цацкам стаў доларавым мільянерам. Ён распрацоўвае іх дызайн, а робіць у Кітаі. Дык вось яго цацкі карыстаюцца папулярнасцю па ўсім свеце.

Мне многія кажуць: табе ўжо 43, займіся чым-небудзь больш сур'ёзным. Я ж ужо даўно зразумеў: самы правільны шлях — прыслухоўвацца да сваёй інтуіцыі. Адзін знаёмы, якому за 70, сказаў класную фразу: «Жыццё адно, ёсць сэнс займацца толькі тым, што акрыляе». А яшчэ мяне вельмі натхняе фраза Како Шанэль: «Калі вы хочаце мець тое, чаго ніколі не мелі, пачніце рабіць тое, чаго ніколі не рабілі».

— Павел, у вас дзве дачкі. Ці ёсць нейкі сакрэт, як наладзіць з імі даверлівыя адносіны?

— Трэба як мага больш часу бавіць з дзецьмі, старацца знаходзіць адказы на ўсе іх «чаму?». Вось і ўвесь сакрэт. Зараз я вельмі люблю гуляць на вуліцы з малодшай дачкой, ёй пяць гадоў. Мы ніколі не затрымліваемся на адной дзіцячай пляцоўцы. Мінімум 5-7 абыходзім. У гэты час я магу яе пафатаграфаваць, Марта вельмі любіць пазіраваць. З дзецьмі трэба размаўляць на роўных, не сюсюкацца. Абавязкова хваліць, нават за невялікае дасягненне. І ні ў якім разе нельга падмяняць духоўныя адносіны матэрыяльнымі падарункамі. Яшчэ ў нашай сям'і вітаецца дзіцячая ініцыятыва. Напрыклад, нядаўна Соня папрасіла, каб яе аддалі ў музычную школу на электрагітару. Мы з Аленай яе адразу ж падтрымалі. Або калі Марта хоча памаляваць, то, як бы я ні стаміўся, але дастаю фарбы. Галоўнае, не прытупляць інтарэс у дзецях. Нават калі іх «хачу» хопіць усяго на пяць хвілін.

 

Зараз жонка з дочкамі за горадам. На Віцебшчыне ў Чашніцкім раёне жыве цешча. У нас такая традыцыя — на лета мае дзяўчаты едуць туды. Дзецям там вельмі падабаецца. Плюс час, праведзены на прыродзе, іх аздараўляе. Калі яны з'язджаюць, я вельмі без іх сумую. Па тэлефоне размаўляем некалькі разоў на дзень, здымкамі па вайберы абменьваемся. Але мне неабходна быць у Мінску: сесія (Павел паступіў на завочнае аддзяленне факультэта журналістыкі. — Аўт.), праца. Ды і тое, што мы з жонкай нейкі час жывём на адлегласці, толькі ўмацоўвае нашы адносіны. Недарэмна ж кажуць: перамены патрэбныя для таго, каб усё засталося як раней. Мы з Аленай у шлюбе ўжо 18 гадоў. Калі я яе сустрэў, адразу ж зразумеў, што гэта мой чалавек. Ніколі такога не было. Я дагэтуль маю да яе пачуццё пяшчоты, кахання. Не ўяўляю, як можна жыць з нелюбімымі людзьмі пад адным дахам. Гэта паступова разбурае чалавека знутры. А хочаце яшчэ адзін сакрэт трывалага шлюбу? Я стараюся ніколі не ўказваць жонцы, што і калі рабіць, бо паважаю яе жаданні і ўнутраную свабоду. І гэта ўзаемна.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Фота Паўла ПЯТРЫШЧАВА

Загаловак у газеце: Другое жыццё бабулінага лёну

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.