Вы тут

Пройдзе рэспубліканская школьная алімпіяда па фізічнай культуры і спорце


У бягучым навучальным годзе Міністэрства адукацыі ўпершыню правядзе рэспубліканскую школьную алімпіяду па фізічнай культуры і спорце.


Як расказала журналістам кансультант Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Анжэла КУДАЯРАВА, да 2015 года алімпіяды сярод школьнікаў праводзіліся па 16 вучэбных прадметах, а з 2015-га ў пераліку алімпіядных дысцыплін з'явілася кітайская мова.

Рэспубліканскі алімпіядны рух — гэта ўнікальны праект, у якім задзейнічана больш як паўмільёна навучэнцаў і сотні настаўнікаў. На першым і другім этапах (школьным і раённым) вучням даецца магчымасць выступаць па некалькіх вучэбных прадметах. Але на трэцім (абласным, мінскім гарадскім) і рэспубліканскім этапах навучэнец павінен выбраць адзін вучэбны прадмет.

— Штогод для абласнога і рэспубліканскага этапаў фарміруецца склад распрацоўшчыкаў алімпіядных заданняў. Гэтыя заданні ў адзін і той жа дзень даводзяцца да ўсіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Таксама штогод зацвярджаецца склад журы заключнага этапу алімпіяды, куды ўваходзяць выкладчыкі ўстаноў вышэйшай адукацыі з усіх рэгіёнаў, найлепшыя педагогі па кожным прадмеце і метадысты інстытутаў развіцця адукацыі, — паведаміла Анжэла Кудаярава. — Акрамя каманд з абласцей і Мінска, у заключным этапе асобна прымае ўдзел каманда ліцэя БДУ.

У папярэднім навучальным годзе на першым, школьным, этапе алімпіяды ўзялі ўдзел каля 600 тысяч навучэнцаў, а на заключным — паўтары тысячы чалавек з усіх рэгіёнаў краіны.

«Рэспубліканскія школьныя алімпіяды — гэта аснова піраміды па выяўленні і рабоце з адоранымі навучэнцамі, а яе вяршыня — удзел нашых школьнікаў у міжнародных школьных алімпіядах, — падкрэслівае спецыяліст міністэрства. — Напрыклад, сёлета за мяжой гонар нашай сістэмы адукацыі адстойвалі 58 навучэнцаў і 50 з іх вярнуліся з узнагародамі. Скарбонку беларускай школы папоўнілі 5 залатых, 19 сярэбраных і 26 бронзавых медалёў.

На некаторых міжнародных алімпіядах для школьнікаў, як, напрыклад, на алімпіядзе па геаграфіі, рабочай мовай з'яўляецца англійская, таму толькі ведання геаграфіі для пападання ў зборную аказваецца недастаткова. Адбор на алімпіяду вядзецца з улікам свабоднага валодання англійскай мовай.

Міжнародная геаграфічная алімпіяда (іGeo) праводзіцца пад патранатам Міжнароднага геаграфічнага саюза пачынаючы з 1996 года. Першапачаткова спаборніцтвы арганізоўваліся раз на два гады, а з 2012-га ладзяцца штогод. Іх праграма ўключае тры асноўныя этапы: тэарэтычны, палявы і мультымедыйны. Навучэнцы абследуюць мясцовасць, аналізуюць матэрыялы праведзеных палявых назіранняў і статыстычныя звесткі, думаюць над тэарэтычнымі і прыкладнымі пытаннямі і задачамі.

XV Міжнародная геаграфічная алімпіяда праходзіла сёлета ў Квебеку (Канада) з удзелам школьнікаў з 43 краін свету. На прэстыжным міжнародным першынстве беларуская каманда заваявала тры сярэбраныя ўзнагароды.

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Найлепшыя ў геаграфіі і... фізічнай культуры

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.