Вы тут

Грамадскасці быў прадстаўлены талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў


Ім стала лісяня — Лесік. З гэтага часу менавіта Лесік з'яўляецца візуальным вобразам, які будзе выклікаць прамую асацыяцыю мільёнаў людзей па ўсім свеце з нашай краінай, а таксама тым фактарам, які аб'яднае вакол сябе ўсіх гасцей і натхніць удзельнікаў на яркія перамогі.


Як і ва ўсіх талісманаў, у Лесіка ёсць свая легенда, яна звязана з казкай пра «Маленькага прынца». Пасля таго, як маленькі прынц пакінуў планету Зямля, лісяня засумавала. Усе думкі яго былі пра тое, як знайсці сяброў. Яно прынюхвалася і прыслухоўвалася, ад гэтага яго вушкі сталі большыя. Яно даследавала наваколле ў пошуках адказу на пытанне «Як жа зрабіць так, каб у яго з'явіліся сябры?». І аднойчы, дзякуючы сваім вялікім вушкам і моцным лапкам, яно даведалася, што недзе ў Беларусі існуе кветка, якая выконвае ўсе жаданні. Гэта легендарная беларуская Папараць-кветка. Лісяня адправілася ў Беларусь, каб знайсці Папараць-кветку і выканаць сваю мару. Шлях у яго быў няблізкі, яму давялося зрабіць мільён крокаў, у гэтым мы можам пераканацца, убачыўшы яго фітнес-бранзалет.

Пра тое, што 2019-ы будзе самым яркім годам у яго жыцці, ды і ў спартыўным жыцці Еўропы, гаворыць надпіс на казырку Лесіка. Зялёны колер на футболцы талісмана азначае развіццё і гармонію, а чорныя шорты — дысцыпліну і рашучасць. Жоўтая шэрстка кажа аб яго жыццярадаснасці, сінія чаравікі сведчаць аб нязломнасці персанажа, а чырвоны колер адлюстроўвае яго энергічнасць.

Нагадаем: каб выбраць талісман ІІ Еўрапейскіх гульняў, у краіне быў зладжаны конкурс. Самымі актыўнымі ў ім аказаліся мінчане, яны даслалі каля 500 работ. Таксама варыянты талісмана прыходзілі з-за мяжы, прытым не толькі ад суседзяў. Напрыклад, у конкурсе прыняў удзел жыхар Егіпта.

Адзначым, што ўдзел у прэзентацыі талісмана прынялі зорныя паслы ІІ Еўрапейскіх гульняў доктар Рашэд Мустафа Сарвар, алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Аляксандр Багдановіч, прадстаўнікі замежных дыпламатычных місій, міністэрстваў і ведамстваў, знакамітыя спартсмены, прадстаўнікі шоу-бізнесу і партнёры гульняў, выхаванцы дзіцячых SОS-вёсак і кандыдаты ў валанцёры.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.