Вы тут

Незвычайныя суперздольнасці «братоў нашых меншых»


Персанажы коміксаў, што апошнім часам сталі вельмі папулярныя, часцяком валодаюць неверагоднымі здольнасцямі, якія ў якасці прататыпаў выкарыстоўвалі ўменні рэальных жывёл нашай планеты. Наш від, чалавек разумны, і сам па сабе маху не дасць — сярод іншых жывёл мы выдзяляемся суперінтэлектам, але, гледзячы на надзвычайныя ўменні некаторых «братоў нашых меншых», застаецца толькі зайздросціць. Таму што прырода, эвалюцыя і ўмовы жыцця надзялілі іх сапраўднымі сілай і здольнасцямі супергерояў.


Сапсан — суперхуткасць. Гэта самая хуткая птушка ў свеце. Паводле ацэнак спецыялістаў, пры атацы на здабычу ў імклівым пікіруючым палёце яна здольная развіваць хуткасць звыш 322 км/г, або 90 м/с. Быў зафіксаваны рэкорд у 390 км/г! Гэтыя птушкі настолькі паспяховыя паляўнічыя, што распаўсюджаныя на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды.

Гнаявік — суперсіла. Мала таго, што гнаевікі валодаюць неверагоднай убудаванай сістэмай навігацыі, якая дазваляе ім знаходзіць дарогу, яны яшчэ і асілкі. Гнаевікі могуць перасоўваць вагу ў 1140 разоў большую за сваю ўласную. Яны штурхаюць прадметы, якія суадносяцца з іх уласнымі памерамі так, як бы чалавек штурхаў 100-тонны груз. Гэта сур'ёзная заяўка на тытул наймацнейшай жывёлы планеты. Набыў жук такую суперсілу у шлюбных баях за самак, калі забраўшыся ў тунэль да выбранніцы, ім даводзіцца выштурхоўваць нечаканага саперніка.

Ціхаходка — няўразлівасць. Мікраскапічныя беспазваночныя, «маленькія вадзяныя мядзведзі» — адны з самых цягавітых стварэнняў Зямлі, здольныя вытрымаць амаль любыя ўмовы існавання. Упадаючы ў своеасаблівы «спячы рэжым», яны перажываюць тэмпературы ад —272 да +150 °C, спакойна пераносяць дозы радыяцыі, якія ў 100 разоў перавышаюць лятальны парог для людзей, і могуць заставацца без ежы на працягу 30 гадоў.

Аксалотль — рэгенерацыя. Прасунутая рэгенерацыя, якая дазваляе аднаўляць канечнасці, не рэдкасць у свеце жывёл. Але лічынкі саламандры, аксалотль, адораныя, як ніхто іншы. Яны могуць адрошчваць новыя канечнасці і ўнутраныя органы ўсяго толькі за месяц, а таксама аднаўляць загінулыя ўчасткі мозга. Самае дзіўнае — калі ўзяць часткі цела аднаго аксалотля, яны цалкам могуць прыжыцца на іншым — нават вочы!

Медуза Turrіtopsіs — неўміручасць. Многія медузы за сваё жыццё змяняюць дзве формы — плаваючую і паліпа. У асноўным трансфармацыя адбываецца толькі аднойчы, але не ў выпадку з медузамі роду Turrіtopsіs. У выпадку фізічнага пашкоджання, хваробы ці старасці яны вяртаюцца ў форму паліпа, адкуль затым зноў выходзяць плаваючай медузай. Біялагічная неўміручасць натуральным чынам.

Пеніца — суперскакун. Пеніцы — сямейства цыкадавых раўнакрылых насякомых, і іх здольнасць да скачкоў пасароміць нават «дасягненні» блох. Пры даўжыні цела ў 2 міліметры пеніца можа скокнуць у вышыню на 70 сантыметраў, а ў даўжыню — да двух метраў. Калі ўзяць чалавека, то з такімі здольнасцямі ён мог бы скакаць на 170 метраў у даўжыню.

Васьміног-імітатар — трансфармацыя. Васьміногі самі па сабе выдатна ўмеюць злівацца з мясцовасцю, змяняючы колер, і пралазіць у маленечкія адтуліны, але Thaumoctopus mіmіcus пайшоў яшчэ далей. Ён пераймае вонкавы выгляд і паводзіны дзясятка марскіх насельнікаў — скатаў, камбал, медуз, крабаў, марскіх змей і інш. Імітатар мяняе знешні выгляд у залежнасці ад таго, які драпежнік ці здабыча набліжаецца да яго.

Электрычны вугор — кіраванне электрычнасцю. Нягледзячы на назву, электрычны вугор на самай справе не вугор, а рыба, роднасная самам. Па баках яго цела размешчаны электрычныя органы, якія генерыруюць разрад напружаннем да 1300 вольт, якія кіруюцца мозгам праз нервовыя валокны. Электрычныя вугры не баяцца нікога ў сваім асяроддзі і ўяўляюць пагрозу нават для чалавека.

Качканосы — электрарэцэпцыя. Здольнасць улоўліваць слабыя электрычныя палі, якія ўзнікаюць пры скарачэнні мускулаў ракападобных, надзвычай карысная, калі трэба паляваць пад вадой. Яна ёсць у шэрагу рыб і амфібій, але сярод жывёл толькі качканосы могуць пахваліцца дасканалым валоданнем электрарэцэпцыяй.

Рак-багамол — суперзрок. Ракі-багамолы валодаюць шэрагам здольнасцяў, якія можна класіфікаваць як «супер», але ў першую чаргу гаворка пойдзе аб зроку. Іх вочы экіпіраваныя 16 відамі фотарэцэптараў (у той час як у чалавека іх чатыры), яны могуць бачыць ва ультрафіялеце, а некаторыя віды — засякаць палярызаванае святло. Таксама ўдары іх клюшняў настолькі моцныя, што могуць разбіць шкло таўшчынёй больш за шэсць сантыметраў.

Гекон — суперліпкасць. Кіношныя супергероі могуць узбірацца па стромых хмарачосах. А вось гекон — невялікая яшчарка — здольная сапраўды трымацца на гладкай шкляной паверхні толькі пры дапамозе нават аднаго пальца. Яго лапкі пакрытыя тысячамі дробных валасінак, дакладней нават мікраваласінак, якія ўзаемадзейнічаюць з іншымі паверхнямі на малекулярным узроўні, забяспечваючы трывалае счапленне.

Іван КУПАРВАС

Загаловак у газеце: Сапраўдныя супергероі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.