Вы тут

Як у Слуцку працуе праект для дзяцей «Магія кодаў»


У Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці навучэнцаў заўсёды выхоўвалі на прыкладах традыцыйнай народнай культуры, пачуцці любові да свайго краю. У Год малой радзімы гэтая работа набыла новае гучанне.


За­ня­ткі з юны­мі мас­та­ка­мі пра­во­дзіць пе­да­гог Але­на Чы­жык.

— Дзеці выязджаюць у мясціны, дзе жывуць іх бабулі, дзядулі, дзе нарадзіліся іх бацькі. На ўроках выяўленчага мастацтва яны малююць хаты, падворкі, вуліцы, пейзажы, дарагія сэрцу іх блізкіх. На практыцы спасцігаюць хараство беларускай прыроды, прыгажосць душы сваіх продкаў, іх традыцыі і побыт, унікальнасць, самабытнасць кожнага кутка Беларусі. Свае работы выхаванцы дэманструюць на міні-выстаўках, — адзначае дырэктар цэнтра Вольга Ярашэвіч.

У межах летняга аздараўлення быў запушчаны праект «Магія кодаў», за які атрымалі дыплом першай ступені на рэспубліканскім конкурсе. Сутнасць яго ў тым, што дзеці спазнаюць сваю краіну шляхам выкарыстання QR-кодаў. Асаблівая ўвага — вывучэнню культурных традыцый, гісторыі Случчыны.

— У межах праекта будзем знаёміць дзяцей з культурнай спадчынай Слуцка, вучонымі, знакамітымі людзьмі, пачэснымі землякамі, — кажа метадыст цэнтра Вольга Шэйко.

Праект стартаваў у мінулым годзе і працягнецца да 2020-га. Ён прадугледжвае самыя разнастайныя мерапрыемствы: мастацкія, творчыя, забаўляльныя, віктарыны, конкурсы. Сучасныя дзеці амаль з пялёнак валодаюць інтэрнэтам. Таму педагогі імкнуцца накіраваць іх інтарэс у патрэбным кірунку пры дапамозе найноўшых інфармацыйных тэхналогій, паколькі звычайныя формы навучання не маюць такога эфекту. Напрыклад, правялі QR-віктарыну «Традыцыйныя абрадавыя стравы беларусаў». З дапамогай кодаў дзеці вывучалі назвы нацыянальных страў, іх рэцэптуру. Адкрыццём для іх сталі і верашчака, і дзеруны.

Та­кая за­ма­лёў­ка з вяс­ко­ва­га жыц­ця  воб­раз­на рас­каз­вае пра ма­лую Ра­дзі­му.

А падчас мерапрыемства «Вусны партрэт княгіні Случчыны» выхаванцы пазнаёміліся з вядомымі гістарычнымі асобамі — Анастасіяй Слуцкай і Сафіяй Слуцкай.
Фільм з дакументальнымі сведчаннямі аб заступніцах зямлі Слуцкай вельмі ўсіх уразіў. Віктарына праходзіла ў інтэрактыўнай форме. Гістарычная шоу-прэзентацыя абрадавага свята Пакровы зноў жа адбылася з выкарыстаннем сучасных тэхналогій.

Праект працягваецца, наперадзе шмат цікавага і пазнавальнага.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Загаловак у газеце: Спадчына праз інтэрнэт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.