Вы тут

Старшыня сельвыканкама — не кабінетны работнік


Са старшынёй Дзешчанскага сельсавета Уздзенскага раёна Уладзімірам Балцянковым мы сустрэліся раніцай. Уладзімір Мікалаевіч спяшаўся ў райцэнтр са справаздачай. Я напрасілася паехаць з ім.


Па дарозе ва Узду мой суразмоўнік распавёў аб сваёй немалой гаспадарцы:

— На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца 29 вёсак, 20 садовых таварыстваў. Сярод буйных населеных пунктаў — гэта пасёлак Дзешчанка, які лічыцца аграгарадком. На працягу чатырох апошніх гадоў актыўнымі тэмпамі развіваецца населены пункт Валодзькі, дзе створаны раён індывідуальнай забудовы, які налічвае 220 зямельных участкаў. Цяпер у пасёлку пражывае каля 300—400 грамадзян, многа шматдзетных сем'яў.

На зваротным шляху заязджаем у Цеплень. Гэта буйны пасёлак, дагледжаны, акуратны, дзе перамяжоўваюцца шматпавярховыя і індывідуальныя дамы. Тут знаходзіцца такая вядомая кампанія, як «Беліта- Вітэкс». Спыняем на вуліцы мясцовага жыхара, пытаем, як жывецца.

— Не скардзімся, работы хапае, — адказвае Іван. — Працуюць вытворчыя і перапрацоўчыя цэхі, цэх па вытворчасці тары і ўпакоўкі, адкрыты цэх па вытворчасці касметыкі. Фермы адноўленыя ў Калодзіне, нават адмысловыя даільныя робаты ёсць. Пчалярства развіваецца, яблыневы сад у нас шыкоўны...

Вымерлых вёсак няма

— У нас няма выміраючых вёсак, нават такія маленькія, як Ладыга, Сянное, карыстаюцца папулярнасцю ў мінчан — прыгожая прырода, лясы. Мы тут пачалі фарміраваць зямельныя ўчасткі, прадаём на аўкцыёне, — кажа Уладзімір Балцянкоў. — Калі ў 2018-м прыйшоў на пасаду, пачаў маніторыць аварыйныя дамы, такіх было 15. Пачалі планамерна імі займацца, шукаць уладальнікаў. І сваякі хутка знайшліся, навялі парадак. Усяго ж знеслі тры дамы, сфарміравалі тры ўчасткі, адзін прадалі з аўкцыёну, тры аддалі тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Мы аб'ехалі з Уладзімірам Мікалаевічам некалькі маленькіх вёсачак. Сапраўды, тут няма зарослых падворкаў, месцаў агульнага карыстання, усюды пакошана трава. У вёсцы Карпілаўка на лавачцы сядзяць жанчыны сталага веку, нешта абмяркоўваюць. «Вось выйшлі пасля работы ў агародзе крыху дух перавесці. Мікалаевіч часта нас наведвае. У яго такая манера — калі ў вёску прыходзіць аўтакрама, ён прыязджае следам, пагутарыць з жыхарамі, пацікавіцца, чаго не хапае, як ідуць справы, — хваляць жанчыны старшыню.

— Уладзімір Мікалаевіч, у колькі гадзін пачынаецца ваш рабочы дзень? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— У шэсць-сем гадзін. Асабліва падчас сельскагаспадарчых кампаній сустракаюся з кіраўнікамі сельгасарганізацый, аб'язджаю тэрыторыю сельсавета, убачу звалку — тэлефаную ў ЖКГ, каб прыбралі, адсочваю працэс скошвання травы. У аддаленыя вёскі магу адвезці касца, як толькі раса спадзе. А забраць у 11 гадзін, пакуль сонца не прыпякло. Людзей трэба берагчы. Я бываю ў кабінеце толькі ў сераду з 8 да 12 гадзін, калі вяду прыём грамадзян. Разам са спецыялістамі кантралюем вадаёмы, дзе забаронена купацца. Аб парушэннях устаноўленых правіл паведамляем участковаму.

Пад'язджаем да аднаго з азёр. На беразе ўстаноўлена таблічка, што купанне забаронена. Праўда, людзей тут не відаць. Рабочы дзень у разгары. Магчыма, вечарам хтосьці захоча апаласнуцца — гарантыі няма. Нягледзячы на папярэджанне, прафілактычную работу, знаходзяцца смельчакі рызыкнуць сваім жыццём. Пасля наведвання возера аб'язджаем мяжу паміж лесам і полем, дзе ўзарана супрацьпажарная паласа.

— Раней лічылася, што старшыня сельвыканкама — гэта кабінетны работнік, такія стэрэатыпы ў мінулым. У мяне малады прафесійны калектыў, які добра валодае тэхналогіямі і любую даведку можа выдаць наведвальнікам за 15 хвілін, хоць заканадаўства адводзіць на працэдуру пяць дзён, — задаволены Уладзімір Балцянкоў.

— З якімі пытаннямі звяртаюцца да вас жыхары?

— У Дзешчанцы галоўная праблема — вада. У нас уладкавалі станцыю абезжалезвання, якая ў ідэальнам стане, стаіць на цэнтральнай каналізацыі і абслугоўвае чатыры населеныя пункты. Але пасёлак, вескі развіваюцца, будуюцца, і магутнасцяў не хапае ў спякоту.

Якраз на ўездзе ў аграгарадок узвышаецца велічная воданапорная вежа, якая блішчыць у промнях сонца і бачна з усіх бакоў. Падымаецца пытанне аб усталяванні дадатковага аналагічнага збудавання.

Бізнес дынамічна развіваецца

У Дзешчанцы месціцца сялянска-фермерская гаспадарка «Алімп-Агра», якая спецыялізуецца на вырошчванні бульбы, морквы, буракоў, капусты. Прадукцыю пастаўляе на рынкі Беларусі, Расіі, дзяржаўным арганізацыям, ваенным часцям. «Алімп-Агра» актыўна развіваецца, у мінулым годзе ўзяла вялікую колькасць дадатковых зямель.

У вёсцы Ячанка знаходзіцца арганізацыя «Белінтэргент». Яшчэ гады чатыры таму пра яе мала ведалі. Кампанія ўзяла ў арэнду частку зямель, выкупіла дзве фермы, правяла іх рэканструкцыю, дынамічна, можна сказаць, сямімільнымі крокамі, развіваецца, мае племянны дойны статак. Ніводная гаспадарка не можа паспаборнічаць з ёй па надоях малака. Сапраўды, вакол фермы, у самім двары, на палях ідэальны парадак. Але, каб трапіць унутр памяшканняў, неабходна прайсці санітарную зону, ды і без дазволу кіраўніка ніхто не рызыкне туды пусціць старонніх.

— Дырэктар Віктар Зуеў сам наведваецца ў сельсавет, цікавіцца, у чым маем патрэбу, дапамагае вывезці смецце з могілак сваім транспартам, абкасіць тэрыторыі. Падчас свята вёскі школьнікам на 1 верасня за ўласныя сродкі кампанія закупляе падарункі.

Каля вёскі Валодзькі пуставаў участак зямлі ў 50 сотак, шукалі інвестараў, некаторыя прыязджалі, глядзелі, адмаўляліся. Нарэшце знайшоўся чалавек, які адкрывае фірму і мае намер пабудаваць тут гандлёвы комплекс і дзіцячы забаўляльны цэнтр. Ён асабіста наведваўся ў школу, паглядзеў, што там шмат дзяцей, для якіх у вёсцы няма месцаў, дзе можна бавіць вольны час, кафэ.

Гістарычная памяць у пашане

У Цялякаве працуе фірма «Камфорт Плюс», займаецца шмат чым, але асноўны кірунак — пастаўкі беларускіх цяпліц за мяжу, якія разыходзяцца там на «ўра». Кіраўнік рэгулярна цікавіцца, чым можна дапамагчы сельсавету.

Уладзімір Мікалаевіч паказвае месца, дзе стаяў стары клуб, каля якога знаходзіўся помнік загінулым жыхарам гэтага населенага пункта і суседніх вёсак падчас Вялікай Айчыннай вайны. Клуб пераехаў, а помнік быў не ў самым лепшым стане. Дапамагла адрэстаўрыраваць, паставіць агароджу кампанія «Камфорт плюс». Цана пытання — 10 тысяч рублёў, у тым ліку дзве тысячы былі выдзелены з бюджэту сельсавета. У мінулым годзе 9 мая аб'ект адкрылі. У гэтай кампаніі свята шануюць гістарычную памяць, падтрымліваюць моладзь, на святы, Масленіцу набываюць прызы для ўдзельнікаў і пераможцаў конкурсаў.

У вёсцы Цеплень быў устаноўлены помнік лётчыку, якога збілі ў 1943 годзе. Зноў жа, «Камфорт Плюс» вырабіла з металу самалёт, пафарбавала, зрабіла стэлу.

Мы таксама наведалі мемарыял памяці бязвінна забітых фашыстамі мірных жыхароў у вёсцы Старына. Тут было ўсяго з дзясятак двароў. Вёска цалкам знішчана карнікамі разам з 47 яе мірнымі жыхарамі ў пачатку студзеня 1942 года. На жаль, больш не адрадзілася. У 2020 годзе ў знак памяці і смутку аб загінулых тут былі ўстаноўлены вялікі валун, званіца з прыгожым званом, высаджана алея дрэў, якія хутка падрастаюць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

Сёлетні ўраджай трэба сабраць без страт

 Убраць з палёў трэба будзе больш за 2 мільёны збожжавых каласавых і зернебабовых культур без кукурузы, грэчкі і проса. 

Грамадства

Дадатак для падаткаў

Дадатак для падаткаў

Ключавыя навацыі звязаны з лічбавай сферай. 

Грамадства

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вікторыя Шумельчык: «Ніколі не глянула б на мужчыну-лайдака»

Вонкава яна — рамантычная светлавалосая жанчына...