Вы тут

«Унутраны рынак забяспечаны айчыннай хлебабулачнай прадукцыяй»


Хлебапякарная вытворчасць — адна з вядучых галін харчовай прамысловасці Беларусі, якая пастаянна развіваецца. Хлеб і хлебабулачныя вырабы з'яўляюцца прадуктамі штодзённага попыту, адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні харчовай незалежнасці і бяспекі краіны. Такую думку выказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення перапрацоўчай прамысловасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Ірына Баранцэвіч.


Па яе словах, у хлебапякарнай галіне 65 % займаюць прадпрыемствы сістэмы Мінсельгасхарча, каля 20 % — «Мінскхлебпрама», каля 15 % — «Белкаапсаюза». У спажывецкай кааперацыі дзейнічае 55 хлебапякарных прадпрыемстваў, размешчаных у райцэнтрах і сельскай мясцовасці, шэсць арганізацый «Мінскхлебпрама» знаходзіцца ў сталіцы. У галіне занята каля 1 тысячы чалавек.

Унутраны рынак сёння цалкам забяспечаны айчыннай хлебабулачнай прадукцыяй. Асартымент налічвае звыш дзвюх тысяч найменняў, і ён не змяншаецца. Хлебапёкі штогод распрацоўваюць новыя віды прадукцыі, актыўна працуюць з дзяржаўным прадпрыемствам «Белтэхнахлеб». Карыстаюцца попытам дыетычныя, спецыялізаваныя вырабы для розных груп і ўзростаў насельніцтва: цяжарных жанчын, спартсменаў, пажылых людзей. Распрацаваны такія перспектыўныя кірункі, як замарожаныя вырабы, кансерваваныя спіртам, падвергнутыя цеплавой стэрылізацыі. На заводах укараняюцца новыя сучасныя тэхналогіі, якія дазваляюць павялічыць тэрмін захоўвання заварнога хлеба з 96 сутак да трох месяцаў і пры гэтым выключыць прымяненне хімічных кансервантаў і дабавак.

— Гэта экспартны патэнцыял, хлебабулачныя вырабы можна прапаноўваць у іншыя краіны, — лічыць Ірына Баранцэвіч.

Як адзначыла Ірына Алегаўна, цяпер усе хлебапякарныя камбінаты высокамеханізаваныя. Тут заменены тэхналагічнае абсталяванне, упаковачныя лініі на сучасныя аўтаматычныя, паўаўтаматычныя. Штогод працягваецца мадэрнізацыя. Эстэтыка вытворчасці на заводах на высокім узроўні. Гэта дазваляе вырабляць прадукцыю высокай якасці. З задавальненнем спажываюць беларускія хлебабулачныя вырабы за мяжой — экспарт з кожным годам павялічваецца.

— «Белкаапсаюз» з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў хлебабулачнай прадукцыі ў Беларусі. Заводы сістэмы спажыўкааперацыі займаюць больш за 15 працэнтаў айчыннага каравая, — паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення прамысловасці, якасці і стандартызацыі Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Таццяна Касякова. — Дзякуючы прафесіяналізму работнікаў хлебазаводы і пякарні «Белкаапсаюза» выпускаюць шырокі асартымент прадукцыі, які пастаянна пашыраецца і абнаўляецца. Без гэтага нельга ўтрымаць пастаянных пакупнікоў і прыцягнуць новых.

Вырабляецца хлебабулачная, кандытарская, снэкавая прадукцыя з функцыянальнымі дабаўкамі — збожжавымі сумесямі, вотруб'ем, кукурузнай або грачанай мукой, сухафруктамі.

— Многія віды хлебабулачных вырабаў спажыўкааперацыі сталі брэндам. Напрыклад, хлеб фармавы, які пакупнікі называюць «цаглінка». Наладжана вытворчасць хлеба подавага і заварнога, жытнёва-пшанічнага. Шырокі выбар булачных вырабаў: батоны, багеты, хлеб тоставы, плеценыя і вітыя булачныя, здобныя дробнаштучныя вырабы з рознымі начынкамі, пірагі, караваі, сарты хлеба з чарнаслівам, разынкамі, арэхамі, сухафруктамі, а таксама хлеб з салам і часнаком, — канстатавала Таццяна Іванаўна.

Прыйшліся даспадобы спажыўцам хлябы подавыя заварныя «Нарач», «Браслаўскі», «Чэрвеньскі», «Чабарок», «Вясёлкавы» з сухафруктамі, «Мядовы» з соладам, а таксама булачныя вырабы: батон «Каласковы», пляцёнка «Сонечная», пірагі «Асалода», казінакі «Фларэнта», мучныя прысмакі «Госці на парог», «Грыбы па-хойніцку».

Хлебабулачную прадукцыю «Белкаапсаюза» можна адрозніць на паліцах магазінаў па маркіроўцы «Каласок», «Ежа без шкоды». Хлеб ды розныя прысмакі можна таксама набыць у крамах каля хлебапякарных заводаў «Гарачы хлеб». Іх у сістэме налічваецца 40.

«Белкаапсаюз» дастаўляе прадукцыю нават у крамы самых аддаленых вёсак асабістым транспартам — 556 машынамі.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.