Вы тут

Лічбы захваральнасці — як у Еўропе


Сёння па колькасці анкалагічных, гематалагічных і сардэчна-сасудзістых захворванняў насельніцтва, што пацярпела ад катастрофы на ЧАЭС, не адрозніваецца ад астатніх беларусаў.


— Штогод усе пацярпелыя праходзяць дыспансерызацыю — 96—97 % дарослых і 100 % дзяцей. Лічбы захваральнасці не адрозніваюцца ад агульнарэспубліканскіх. Гэта сведчыць пра тое, што сістэме аховы здароўя ўдалося выканаць асноўную задачу — мінімізаваць медыцынскія наступствы аварыі, — расказвае дырэктар РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека Аляксандр Ражко.

Як растлумачыў эксперт, сістэма дыспансерызацыі скіравана ў тым ліку і на выяўленне захворванняў шчытападобнай залозы.

— Паводле вынікаў 33 гадоў, якія прайшлі з моманту катастрофы, мы разумеем, што радыенукліды ёду паўплывалі на развіццё раку адной лакалізацыі — шчытападобнай залозы. І тут важна і атрыманая доза, і тое, наколькі яна паўплывала на арганізм.

Аляксандр Ражко паведаміў, што ў Дзяржаўны рэгістр асоб, якія перанеслі радыяцыйнае ўздзеянне з прычыны катастрофы на ЧАЭС, унесена 1,5 мільёна чалавек. Яны падзелены на катэгорыі. У прыватнасці, у асобных групах рызыкі знаходзяцца ліквідатары, насельніцтва, якое эвакуіравана з 30-кіламетровай зоны, дзеці і іншыя. Усе яны праходзяць абследаванні на розных узроўнях: урачэбных амбулаторыях, раённых і абласных бальніцах, РНПЦ радыяцыйнай медыцыны і экалогіі, дзе, дарэчы, канцэнтруюць хворых з найбольш цяжкімі паталогіямі. У прыватнасці, тут абследуюць і лечаць пацыентаў па такіх кірунках, як імуналогія, гематалогія, эндакрыналогія.

Рост колькасці раку шчытападобнай залозы ў дзяцей і падлеткаў пачаўся праз некалькі гадоў пасля катастрофы. Калі за 15 гадоў да аварыі было зафіксавана ўсяго 19 хворых, то пасля аварыі на рак захварэла каля 830 дзяцей.

— Ніводнага з іх мы не згубілі. Сёння гэта дарослыя людзі, маюць свае сем'і і нарадзілі дзяцей, — расказвае Уладзімір Каранік, галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансера, на базе якога працуе Рэспубліканскі цэнтр пухлін шчытападобнай залозы.

Цяпер захваральнасць сярод дзяцей і падлеткаў істотна зменшылася, бо няма ўплыву радыенуклідаў. Але на дааварыйны ўзровень яна не апусцілася.

— Гэта звязана з тым, што палепшылася дыягностыка. Сёння ў дзяцей на ранняй стадыі мы выяўляем тое, што раней знаходзілі ў дарослага чалавека, калі пухліна істотна павялічвалася. Калі параўноўваць лічбы, а штогод у Беларусі выяўляецца каля 1 100 хворых на рак шчытападобнай залозы, то яны не вышэйшыя, чым у Еўропе. У год у дзяцей мы выяўляем 5-6 выпадкаў раку шчытападобнай залозы, — кажа Уладзімір Каранік.

Эксперт падкрэсліў, што ад папілярнага раку шчытападобнай залозы, прычынай якога можа служыць іанізуючае выпраменьванне, пацыенты не паміраюць. А вось ад генетычнага — медулярнага раку — выратаваць складаней. Таму ў цэнтры распрацавана праграма прэвентыўнага выдалення шчытападобнай залозы.

— Калі ў сям'і з абцяжараным анамнезам мы вызначаем генетычную паломку, гэта падстава абследаваць дзіця, бо яно мае 100-працэнтныя шанцы на рак. Калі гэту генетычную паломку выяўляем і ў дзіцяці, то выдаляем шчытападобную залозу. Самаму маленькаму пацыенту было тры гады, і калі ў выдаленай залозе мы знайшлі ўчасткі раку, якія фарміраваліся, мы зразумелі, што дзейнічаем правільна. Пацыенты з выдаленай залозай атрымліваюць гармоназамяшчальную тэрапію і могуць займацца спортам, падарожнічаць, нараджаць дзяцей і весці паўнацэннае жыццё. Час, калі раніцай трэба прыняць таблетку, надыходзіць ва ўсіх: у кагосьці ў 40 гадоў, у некага ў 60, а ў іншага — у 5 гадоў, але з гэтым можна жыць, — упэўнены Уладзімір Каранік.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.