Вы тут

Музей гісторыі ВАВ прадставіць цыкл Міхаіла Савіцкага "Лічбы на сэрцы


Выстава серыі карцін "Лічбы на сэрцы" Героя Беларусі народнага мастака БССР і СССР Міхаіла Савіцкага адкрыецца 27 жніўня ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, паведаміла БЕЛТА кіраўнік рабочай групы па стварэнні часовай экспазіцыі Галіна Паўлоўская.


Пачатак Вялікай Айчыннай вайны для Міхаіла Савіцкага супаў з яго службай у Чырвонай Арміі. У снежні 1941 года ён ва ўзросце 19 гадоў прыняў свой першы бой у Паўночнай бухце Севастопаля. У ліпені 1942 года трапіў у палон, прайшоў праз пекла фашысцкіх канцлагераў Дзюсельдорфа, Бухенвальда. 29 красавіка 1945 года ён быў вызвалены з Дахау амерыканскімі войскамі. Пасля лячэння і праверак у фільтрацыйным лагеры НКУС Міхаіл Савіцкі прадоўжыў службу ў 6-й гвардзейскай зенітна-артылерыйскай дывізіі мастаком-афарміцелем. Потым ён скончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Маскоўскі мастацкі інстытут імя В.І.Сурыкава.

Свой знакаміты цыкл "Лічбы на сэрцы" Міхаіл Савіцкі стварыў у 1974-1979, 1987 гадах. "Гэта аўтабіяграфічная серыя, якая складаецца з 16 карцін. У ёй мастак расказвае пра тыя жахі, якія перажывалі ваеннапалонныя ў нямецкіх канцлагерах. Цыкл уключае аўтапартрэт Міхаіла Савіцкага, дзе ён паказаны ў робе зняволенага. Ёсць палатно, прысвечанае жанчынам-вязням, - "Мадонна Біркенау". Карціна "Свабода" паказвае доўгачаканы момант вызвалення. Кожная работа - гэта філасофскае асэнсаванне і яскравае сведчанне злачыннасці канцэнтрацыйнага лагера, фашысцкай тэхналогіі забойства мільёнаў людзей", - расказала Галіна Паўлоўская.

Экспазіцыя прымеркавана да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзя стварэння музея. Кожнае палатно суправаджае пашыраная анатацыя на рускай і англійскай мовах. "Гэта серыя - жамчужына нашага збору - заўсёды выклікае павышаную цікавасць у наведвальнікаў. У старым будынку музея яна была на пастаянным экспанаванні, і людзі прыязджалі, каб убачыць менавіта яе. Гэты выставачны праект у тым ліку дае магчымасць праз мастацтва мастака-франтавіка расказаць школьнікам аб падзеях ваенных гадоў", - адзначыла кіраўнік рабочай групы. Выстава "Лічбы на сэрцы" будзе працаваць у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны па 26 верасня.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.