Вы тут

На Талачыншчыне нарадзіўся мастак-сцэнограф «Абая»


У апошнія гады шырокае развіёццё атрымалі беларуска-казахскія літаратурныя сувязі. У многім — дзякуючы сяброўству выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва», а пазней — і Выдавецкага дома «Звязда» з казахскімі пісьменнікамі і кнігавыдаўцамі. Паэты, публіцысты, літаратуразнаўцы, перакладчыкі з Казахстана — частыя госці ў Беларусі. І на круглым стале беларускіх і замежных літаратараў «Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго», які традыцыйна праводзіцца ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, і на Міжнародным сімпозіўме літаратараў «Пісьменнік і час». Зусім нядаўна членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі сталі літаратары з Казахстана — кандыдат філалагічных навук, супрацоўніца Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Ауэзава Святлана Ананьева і паэтэса, народны пісьменнік Казахстана Любоў Шашкова (дарэчы, наша зямлячка, нарадзілася на Гомельшчыне). А ў 2010 годзе ў «Літаратуры і мастацтве» пабачыла свет кніга паэзіі легендарнага казахскага асветніка і паэта Абая «Стэпавы прастор». Перакладчыкам выступіў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі. І такіх прыкладаў сяброўства, літаратурнага братэрства можна прывесці даволі шмат. 


А вось па-за ўвагай застаецца даволі цікавы лёс нашага земляка, асобы, якая таксама з’яўляецца па-свойму знакавай у гісторыі беларуска-казахскіх літаратурных, культурных стасункаў. Размова — пра беларускага тэатральнага мастацка Васіля Васільевіча Галубовіча (1910 — 1991), які нарадзіўся на Віцебшчыне, у Коханава Талачынскага раёна. Якая ж сувязь у мастака-сцэнографа з казахскай літаратурай..? 

Але звернемся ўвогуле да біяграфіі нашага земляка. У юным узросце Васіль Галубовіч пераехаў ва Украіну. У Екацярынаслаўлі (цяпер — Дніпро) атрымаў сярэднюю адукацыю. Малады чалавек, захоплены тэатрам, наведваў драматычную студыю пры чыгуначнай станцыі Дзіёўка (гэта прыгарад Екацярынаслаўля; цяпер ужо — у складзе Дніпра). У 1927 годзе наш зямляк паступіў у Кіеўскі мастацкі інстытут, які закончыў у 1932 годзе. Калі Васіль Галубовіч паступаў у Кіеўскі мастацкі інстытут, рэктарам гэтай аўтарытэтнай, творчай ВНУ працаваў Іван Іванавіч Врона (1887 — 1970) — рускі і савекці мастацтвазнаўца, крытык, мастак, кандыдат мастацтвазнаўства. У 1930 — 1932 гг. Іван Іванавіч загадваў кніжным выдавецтвам у Кіеве. А ў 1933 годзе былы рэктар быў рэпрэсіраваны. У 1944 г. (часткова) і ў 1958 г. (поўнасцю) мастака і даследчыка рэабілітавалі. Іван Врона — аўтар унікальнай манаграфіі «Украінская савецкая графіка». Сярод настаўнікаў, выкладчыкаў Васіля Галубовіча было і шмат іншых знакамітасцяў... У тым ліку — і першы рэктар Украінскай акадэміі мастацтваў, прафесар Кіеўскага мастацкага інстытута, заслужаны дзеяч мастацтваў Украінскай ССР Фёдар Крычэўскі... 

Закончыўшы вучобу ў Кіеве, Васіль Галубовіч вяртаецца ў Днепрапятроўск (Дніпро). Спярша працуе кіраўніком мастацка-плакатнай майстэрні пры Цэнтральным палацы культуры металургаў Поўдня. Праз некаторы час Васіль ужо працуе як тэатральны мастак. Спярша — у Тэатры юнага гледачяа. Затым — у оперным тэатры Днепрапятроўска. У 1941 годзе, з пачаткам Вялікай айчыннай вайны, тэатральны мастак — у эвакуацыі. Працуе ў саратаўскіх тэатрах — юнага гледача і ў драматычным тэатры імя Карла Маркса. 

У 1946 — 1958 гады ўраджэнец Коханава — галоўны мастак Казахскага драматычнага тэатра. Гэты перыяд можна лічыць даволі плённым для станаўлення прафесіяналізму, для масшўтабных творчых здзяйсненняў Васіля Галубовіча. Заснаваны ў 1925 годзе годзе галоўны драматычны тэатр Казахстана, ужо на той час набыў істотны вопыт. На сцэне пачалі ставіцца складаныя спектаклі. Спектакль «Абай» па раману Мухтара Аўэзава, які і раней супрацоўнічаў з тэатрам, паставілі ў 1949 годзе. Працуючы над дэкарацыямі, мастацкімі рашэннямі ў афармленні спектакля, выбары касцюмаў, Васіль Галубовіч імкнуўся пранікнуць у глыбіні казахскай нацыянальнай культуры, імкнуўся асэнсаваць, кім жа з’яўляецца асветнік, паэт, пачынальнік сучаснай казахскай нацыянальнай літаратуры для народа Казахстана, для гісторыі гэтага края. Працу рэжысёра, працу акцёраў, як і працу мастака —сцэнографа заўважылі. У 1952 годзе разам з калегамі Васіль Галубовіч атрымлівае Дзяржаўную прэмію СССР (у тыя часіны, праўда, галоўная прэмія называлася Сталінскай) за спектакль «Абай». 
Высокая ўзнагарода не спыніла росту, мастацкага развіцця мастака-сцэнографа. Новыя адкрыцці і знаходкі гледачы, калегі па працы разгледзелі і ў мастацкім афармленні іншых спектакляў, у якіх Васіль Галубовіч удзельнічаў як галоўны мастак. Адметнасць тых часін для тэатра была яшчэ і ў тым, што ў сярэдзіне 1950-х гадоў даволі часта драматычная трупа звярталася да гістарычнай, глыбока нацыянальнай тэматыкі. У 1954 годзе В. Галубовічу прысвоілі званне заслужанага дзеяча мастацтваў Казахскай ССР. 

У 1958 годзе наш зямляк вяртаецца ў Беларусь. Працуе чатыры гады галоўным мастаком Тэатра імя Янкі Купалы. Наступныя дзесяць гадоў — галоўным мастаком Рускага драматычнага тэатра БССР. У Купалаўскім тэатры Васіль Васільевіч аформіў спектаклі «Дні нашага нараджэння» па п’есе Івана Мележа, «Уваскрасенне» (паводле рамана Л. Талстога), «Смерць ваяводы» па п’есе Ю. Славацкага і іншыя адметныя пастаноўкі. У Рускім драматычным тэатры БССР мастак стварыў дэкарацыі да спектакляў «Узнятая цаліна» (паводле М. Шолахава), «Галоўная стаўка» Кастуся Губарэвіча, «Марыя» Анатолія Салынскага, «Птушкі нашай маладосці» Іона Друцэ... У другой палове 1970-х гг. Васіль Васільевіч працаваў і над афармленнем спектакляў для Брэсцкага абласнога драматычнага тэатра. 

... Талочынскі край — радзіма многіх цікавых дзеячаў культуры і мастацтва. У Высокім Гарадцы нарадзілася паэтэса Вера Вярба. Як, дарэчы, і славуты беларускі празаік, аўтар раманаў «Вязьмо», «Сцежкі-дарожкі», «Крывічы» Міхась Зарэцкі. З вёскі Перавалочная — драматург і кінасцэнарыст Алесь Петрашкевіч. З вёскі Звенячы — народны мастак СССР, Герой Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Міхаіл Савіцкі... А ў Коханаве, дзе зрабіў свае першыя крокі Васіль Галубовіч, нарадзіўся мастак. Кніжны графік Валерый Славук. Родам з Новага Сяла — мастак, даследчык культуры Леанід Баразна. У самім Талачыне нарадзіўся тэатральны рэжысёр і акцёр Валерый Анісенка. З Рыдомлі — драматург, празаік, публіцыст Алесь Рылько... Край паэтаў і мастакоў, акцёраў і музыкаў!.. Унікальнае культурна-асветніцкае гняздо Віцебшчыны і ўсяе Беларусі!.. 

Кастусь ХАДЫКА

Прэв'ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.