Вы тут

Сёння Брэст пачынае грандыёзнае святкаванне свайго 1000-годдзя


Сёння наш горад пачынае сваё грандыёзнае святкаванне. Як быццам, ёсць нагода. Усё-такі 1000-гадовы юбілей адзначаем. Другі такі праз 10 вякоў наступіць. Ці будзе на гэтым месцы нейкае пасяленне, і якім яно будзе, дакладна не скажа ніхто. А зараз у Брэсце жывуць людзі, іх 350 тысяч чалавек. Большасць з іх, несумненна, любяць свой горад, хочуць, каб ён квітнеў і развіваўся.


Фота БелТА.

З многімі давялося гаварыць апошнім часам пра тысячагоддзе. Пра будучы юбілей у нас сталі згадваць не ўчора, а нашмат раней. Гэта актыўная падрыхтоўка ішла ў апошнія гады, маецца на ўвазе ўзвядзенне і рамонт розных аб'ектаў, шматпланавае добраўпарадкаванне. А ў культурніцкім асяродку тэма міленіума ўзнікала даўно, ідэі выспявалі загадзя. Многія з тых ідэй знайшлі сваё ўвасабленне ў праграме святкаванняў, таму і выглядае названая праграма вельмі цікава.

Яшчэ некалькі гадоў таму, на адной з навуковых канферэнцый, прысвечаных Берасцейскім кнігазборам, тагачасны намеснік дырэктара па навуковай рабоце Брэсцкай абласной бібліятэкі Ала МЯСНЯНКІНА нагадала аўдыторыі, што 1000-гадовая гісторыя ўвасобленая не ў сценах і мурах, тым больш што іх тут фактычна не засталося, а ў дакументах, у пісьмовых і друкаваных помніках. Сапраўды, спачатку было слова. Інакш хто б даведаўся, калі той Брэст узнік.

І дата — 1019 год — узятая з «Аповесці мінулых гадоў», лічыцца першым упамінаннем аб старажытным Бярэсці. Праўда, даследчыкі гісторыі Анатоль Гладышчук і Анатоль Нікітчык знайшлі дакумент, у якім гаворыцца, што Яраслаў Мудры хадзіў да Бярэсця ў 1017 годзе. Але ж указаная інфармацыі была агучаная адносна нядаўна, у 2014 годзе, і афіцыйна прыняты дзень нараджэння горада пакуль застаецца нязменным.

Анатоль ГЛАДЫШЧУК, фізік па прафесіі і нястомны краязнавец, шмат зрабіў для аднаўлення і папулярызацыі гісторыі горада. Яго трылогія «Замак Берасцейскі», якая складаецца з кніг «Русь», «Літва», «ResPublіka» пра старажытны Брэст і яго жыхароў. Цікава, што ён, прафесіянал у фізіцы, сказаў на адной з прэзентацый сваіх твораў такую рэч: «Шмат тэхнічных навінак стварыў чалавечы розум, яны істотна аблягчаюць наша жыццё. Але ніводзін самы наварочаны гаджэт не працуе без батарэйкі. А кніга працуе.»

Сапраўды, можна ганарыцца кнігазборамі колішніх берасцейцаў, якія апошнім часам удалося ўзнавіць, няхай сабе толькі ў электронным выглядзе. А нядаўна ўся краіна зноў успамінала Брэсцкую біблію, бо яе факсімільнае ўзнаўленне прэзентавала Нацыянальная бібліятэка. У Брэсце ёсць і арыгінал гэтай кнігі, выдадзенай некалі Мікалаем Радзівілам Чорным, праўда, не цэлы фаліянт, а толькі яго фрагмент.

Нашы нястомныя музейшчыкі, што прыдумалі цікавы праект «12 артэфактаў тысячагоддзя» на кожным новым паказе яшчэ і яшчэ раз нагадваюць гараджанам, якімі прасунутымі і культурнымі для свайго часу былі продкі. Гэта відно па ўпрыгажэннях, побытавых рэчах, якія стваралі на гэтай зямлі. Многія з артэфактаў знайшлі пры раскопках нашай сусветнай славутасці — старажытнага пасялення гараджан, якое датуецца ХІ—ХІІІ стагоддзямі. Цяпер там вядомы музей «Бярэсце», які, дарэчы, нядаўна перажыў рэканструкцыю. І той факт, што Брэст першым на беларускіх землях атрымаў грамату на магдэбургскае права — 15 жніўня 1390 года, — гаворыць аб значнасці горада ў сярэднявечныя часы. Грэх было б і не згадаць гістарычную сустрэчу, прысвечаную распрацоўцы генеральнага плана Грунвальдскай бітвы. Сустрэча польскага караля Ягайлы і вялікага князя літоўскага Вітаўта прайшла ў снежні 1409 года ў Брэсце. І ўсё гэта адлюстравана ў дакументах, навуковых працах, шматлікіх кнігах. Таму, вядома, кніга сёння адзін з галоўных герояў святкавання міленіума.

Дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» Рыгор БЫСЮК любіць паўтараць, што ў свядомасці тысяч і мільёнаў людзей, асабліва жыхароў былога Саюза, Брэст успрымаецца як месца подзвігу абаронцаў крэпасці. І гэта сапраўды так. Бывае, знаходзячыся недзе на адпачынку ці ў паездцы, згадаеш сваю малую радзіму, і ўсе адразу: «Брэст, ведаем, у крэпасці былі на экскурсіі з класам сорак, трыццаць... гадоў таму». А вось калі пачынаеш расказваць, што ў 30-я гады ХІХ стагоддзя горад паміж Мухаўцом і Заходнім Бугам быў поўнасцю зруйнаваны дзеля будаўніцтва на яго месцы Брэсцкай крэпасці, людзі часта здзіўляюцца. Але ж гэта наша гісторыя. І крэпасць для горада асаблівае месца. На яе цяперашняй тэрыторыі была аддрукаваная знакамітая Брэсцкая біблія, тут была заключаная Брэсцкая унія, падпісаны Брэсцкі мір. А ў 1941 годзе абаронцы крэпасці паказалі свету ўзор стойкасці і гераізму.

А цяпер шматлікія госці выказваюць захапленне тым, як мы ўмеем захоўваць і падтрымліваць помнік, па якім пазнаюць Брэст. І гэта прыемна. Мы сапраўды шмат робім для захавання памяці не толькі гераізму, але і трагізму часоў вайны. Амаль трэцюю частку жыхароў даваеннага горада знішчылі акупанты падчас Халакосту. І напярэдадні святкавання юбілею гэтая трагедыя нечакана зноў напомніла пра сябе. У самым цэнтры горада пры выкопванні катлавана знойдзена масавае пахаванне вязняў гета. Астанкі 1214 чалавек былі ўзняты і перапахаваны на Паўночных могілках. Там цяпер ёсць памятны знак. На месцы расстрэлу таксама неўзабаве з'явіцца мемарыяльны знак.

Памяць пра свае карані, сваю гісторыю, несумненна, галоўнае ў культуры і калектыўнай свядомасці любой супольнасці. Гэтую памяць паспяхова падтрымліваюць брэсцкія музеі. А яшчэ тут абавязкова раскажуць пра знакамітых людзей-сучаснікаў. Такіх, напрыклад, як мастак-ювелір Мікалай Кузьміч. У краіне пра яго даведаліся пасля таго, як ён узнавіў крыж Ефрасінні Полацкай. Нядаўна мастак стаў ганаровым грамадзянінам Брэста. Мікалай Пятровіч сказаў, што да юбілею горада падрыхтаваў асобны твор, а які — сюрпрыз. Думаю, сёння і раскрыецца тайна. А пра сябе мастак стрымана дадаў: «У маёй асобе ўзнагародзілі культуру». А вось Ганна РАДЗЬКО прадстаўляе маладое пакаленне мастакоў. Гэта яна стварыла лагатып святкавання тысячагоддзя і працягвае здзіўляць крэатыўнымі работамі пра свой горад. «Уся мая любоў сёння імкнецца туды», — сказала Аня, якая апошнімі днямі была па справах у сталіцы, а ўчора вярнулася ў Брэст.

І калі цяперашняя брэсцкая культура трывала асацыюецца з асобамі дзеячаў мастацтва, то брэсцкі спорт неаддзельны ад перамогі алімпійскай чэмпіёнкі Юліі НЕСЦЯРЭНКІ,
дарэчы, ганаровай грамадзянкі Брэсцкай вобласці. А калі б мяне папрасілі намаляваць словамі партрэт брастаўчанкі-сучасніцы, то гэта была б Юлія: прыгожая, працавітая і вельмі сціплая. «Я люблю свой горад, тут нарадзілася, вырасла, дасягнула спартыўнага поспеху», — кажа спартсменка.

Думаю, было б недаравальнай памылкай гаварыць пра брастаўчан сённяшняга дня і не згадаць будаўнікоў, чыёй стараннай і складанай працай горад падрыхтаваны да свята. У даволі сціслыя тэрміны ўзведзена 28 так званых аб'ектаў тысячагоддзя. Гэта толькі тыя, што фінансаваліся з рэспубліканскай праграмы. Насамрэч іх значна больш. За год-два ў горадзе з'явіліся новы Кобрынскі мост, велічны тэатр лялек, пераўтварылася набярэжная ракі Мухавец, адкрыўся адноўлены Гарадскі сад. І самы значны ды маштабны праект у пераліку называецца Заходні абход, які ўрачыста адкрываецца сёння і абазначае новую якасць жыцця для значнай колькасці гараджан. Адна з арганізацый, якая займалася ўзвядзеннем гэтага пуцеправода, — ААТ «Палессежылбуд». На рахунку згаданых будаўнікоў новы аўтавакзал, іншыя аб'екты тысячагоддзя. Генеральны дырэктар ААТ Анатоль ПЯТРЫНІЧ сказаў, што гэтае свята немагчыма аддзяліць ад вялікай стваральнай працы інжынераў і рабочых усіх арганізацый, якія былі задзейнічаны на будаўнічых пляцоўках: «Людзі працавалі ад цямна да цямна, у выхадныя і святы, у спякоту і ў холад, каб усе астатнія гараджане карысталіся потым новымі будынкамі, мастамі, дарогамі».

Будаўніцтва і паляпшэнне не завяршаюцца пасля маштабнага святкавання. Падчас адкрыцця Гарадскога саду старшыня гарвыканкама Аляксандр РАГАЧУК сказаў, што апаска на гэты конт не мае пад сабой грунту. Ужо ёсць праграма на добраўпарадкаванне і паляпшэнне ў 2020 годзе і на наступныя гады. Так што горад застанецца з тым, што было створана і абноўлена да свята, і будзе развівацца далей.


У кожнага з нас, брастаўчан, ёсць свае асаблівыя мясціны ў горадзе. Калі спытаць мяне, то я і не адказала б напэўна, якая самая любімая. Цяпер родным падаецца мікрараён Кавалёва ў раёне Вяслярнага канала, куды я пераехала чвэрць стагоддзя таму. Тады яшчэ новы, неўладкаваны раён, цяпер адзін з найлепшых у плане інфраструктуры. Прыемна прайсціся па Набярэжнай, часам гуляю па Савецкай, дзе турысты натоўпам фатаграфуюцца з іх улюбёнцам — ліхтаршчыкам. У час правядзення «Белай вежы» люблю тэрыторыю вакол тэатра, тут заўсёды назіраецца асаблівы рух, урачыстасць, многа святочна апранутых людзей. Але ж галоўнае... як там у Янкі Брыля: «Абавязкова ёсць на гэтым шалёным свеце куток, дзе любяць і цябе». Гэты куток і ёсць мой горад, дзе жывуць родныя і блізкія людзі, куды кожны вечар спяшаешся, бо ведаеш: цябе чакаюць.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Горад, які любіць нас і які любім мы

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.