Вы тут

Станіслава Умец: «Героі самі вядуць мяне»


Ці магла адзінаццацікласніца з Брэста, якая проста пісала пра свае мары і імкнулася падзяліцца імі з чытачамі, дайсці ў сваіх спадзяваннях да Нацыянальнай літаратурнай прэміі? Станіслава Умец — пераможца ў сёлетняй намінацыі «Дэбют». Яе кніга фэнтэзі «Сэрца Сакры» выйшла ў 2018 годзе. Сёння яна — рэдактар у выдавецтве «Мастацкая літаратура», у вольны час працуе над сваёй новай кнігай. Тым, што змянілася ў творчасці з часоў стварэння першай кнігі, чаго чакаць ад другой, што перашкаджае і што дапамагае ў працы, аўтарка распавядае чытачам «ЛіМа».


Фота Андрэя Рыбачука

— Вы напісалі «Сэрца Сакры», калі вам было сямнаццаць. Цяпер вы атрымалі за гэтую кнігу Нацыянальную літаратурную прэмію. Як адрозніваюцца творчыя мэты сёння ад тых, што былі ў час напісання аповесці?

— З дзяцінства я захаплялася фэнтэзі, і асабіста мне не хапала кніг у гэтым жанры. Таму для сябе пастанавіла: некалі сама напішу раман-фэнтэзі і паспрабую яго выдаць. У 17, вядома ж, я не думала пра ўзнагароды, проста хацелася, каб кніга з’явілася на свет і знайшла свайго чытача, каб спадабалася. Найвышэйшая ўзнагарода для мяне — усмешкі чытачоў. Але не адмаўляюся: атрымаць Нацыянальную прэмію вельмі прыемна. Не чакала гэткай высокай ацэнкі!

— Ці часта сустракаецеся з чытачамі?

— Часта, калі кніга толькі-толькі выйшла. Прынамсі, неаднаразова ездзіла ў родны Брэст, таксама ўдзельнічала ў дзвюх міжнародных кніжных выстаўках — у мінулым годзе і ў гэтым. Адбылася і аўтограф-сесія на сёлетнім Дні пісьменства ў Слоніме.

— Наколькі рэальнымі былі для вас нефэнтэзійныя моманты, апісаныя ў кнізе: сябры, школьнае жыццё, падлеткавыя праблемы?

— У школьныя гады занатоўвала шматлікія моманты з жыцця, калі яны падаваліся мне цікавымі ці смешнымі. Таму ёсць пэўная доля рэалістычнасці ў тым, што датычыць аднакласнікаў, сяброў. Але вобразы маіх герояў даволі агульныя, збіральныя, канкрэтных прататыпаў няма.

— «Меч князя Вячкі» сапраўды быў тады любімай кнігай?

— Так, толькі не маёй, а хлопца, аднаго з аднакласнікаў. Я падумала, што калі хлопцу падабаецца, то чаму б не надаць захапленне кнігай свайму персанажу.

— А што вам падабаецца чытаць найбольш? Ці ёсць любімы пісьменнік або твор? Можа, нават, творчы настаўнік?

Прызнаюся, мая любоў да фэнтэзі прыйшла з «Гары Потэра», і па-ранейшаму лічу гэтыя кнігі цудоўнымі. Не баюся падацца банальнай, але я захапляюся Караткевічам. Ім проста немагчыма не захапляцца! Увогуле, канкрэтных любімых пісьменнікаў у мяне няма, а ёсць любімыя творы. Больш за ўсё падабаюцца добрыя кнігі са шчаслівым фіналам. У жыцці хапае драмы, хочацца, каб хоць кнігі прыносілі радасць. Таму і «Сэрца Сакры» атрымалася светлай летуценнай казкай.

— Як ваша прафесійная праца з кнігамі паўплывала на ўспрыманне ўласнай творчасці? Ці не хацелася яшчэ і яшчэ перапісваць ужо гатовую кнігу?

— Не раз адзначала, што перапісвала «Сэрца Сакры» тройчы. Праца ў выдавецтве дапамагла мне прафесійна пасталець. І я ўпэўненая, што кожнаму пісьменніку варта быць хоць трохі рэдактарам, бо, працуючы з чужымі творамі, увесь час звяртаючыся да правілаў, да прыкладаў класічнай літаратуры, удасканальваеш мову і адшліфоўваеш уласны стыль. Да сваёй кнігі стаўлюся даволі крытычна, сёе-тое можна было б змяніць, але на гэтыя моманты звярну ўвагу ўжо ў наступным творы.

— Што змянілася падчас рэдакцый?

— Змянілася амаль усё, у тым ліку і назва. Засталіся сюжэтная лінія і героі ды некаторыя выпадкі са школьнага жыцця.

— Як вы ставіцеся да меркавання пра тое, што малады чалавек, напрыклад, да трыццаці, не можа стаць добрым празаікам, бо не хапае жыццёвага досведу?

— Праблема не ў тым, што моладзі не стае жыццёвага досведу, а ў тым, што стыль і мова яшчэ недасканалыя. Мне і самой ёсць чаму вучыцца. Падчас працы ўвесь час адкрываю для сябе нешта новае, знаходжу раней не вядомыя мне сакавітыя беларускія словы, якія хочацца надалей выкарыстаць ва ўласнай творчасці.

— Над чым працуеце цяпер?

— Працягваю працу ў жанры фэнтэзі. Аднак гэта будзе ўжо зусім іншая рэч. Па-першае, ідэя «Сэрца Сакры» з’явілася яшчэ ў школе, з таго часу я пасталела, у мяне ўзнікла шмат новых ідэй. Па-другое, калі «Сэрца Сакры» — цалкам мая фантазія, то цяпер звяртаюся да гісторыі, міфалогіі, таму не хацелася б сурочыць, але гэта павінна быць больш глыбокая і сур’ёзная кніга.

— Для вас прынцыпова пісаць па-беларуску?

— Не магу ўявіць, каб «Сэрца Сакры» гучала на іншай мове. Кніга адмысловая менавіта дзякуючы беларускай мове. Калі перакласці, яна згубіць нешта сваё, нешта асаблівае. І хочацца, вядома ж, зацікавіць чытачоў менавіта беларускімі кнігамі. Замежных твораў у жанры фэнтэзі сёння процьма. А вось беларускіх кніг-фэнтэзі для падлеткаў, на жаль, не стае. Праўда, ёсць цудоўныя прыклады містычных твораў. Маю на ўвазе кнігі Людмілы Рублеўскай, Пятра Васючэнкі, Маргарыты Латышкевіч.

— Якім вы бачыце свайго чытача? Ці арыентуецеся на яго, калі пішаце цяпер?

— Кожны пісьменнік спадзяецца, што яго творы спадабаюцца. Хочацца, каб у чытача пасля прачытання кнігі засталася асалода. Вельмі прыемна чытаць станоўчыя водгукі ў сеціве, атрымліваць асабістыя паведамленні ў сацсетках, бачыць захопленыя вочы чытачоў, калі падпісваеш ім уласныя кнігі. «Сэрца Сакры» арыентаванае на падлеткаў, і ў першую чаргу на дзяўчат. Я апісвала тое, што ў школьныя гады хвалявала мяне саму: першае каханне, выбар найпрыгажэйшай сукенкі на баль, здача іспытаў. Твор, над якім працую цяпер, на мой погляд, павінен ахапіць больш шырокую аўдыторыю.

— Што, акрамя тэмы, зменіцца ў новым творы?

— Узяла пад увагу парады і заўвагі крытыкаў. Надаю асаблівую ўвагу псіхалагізму, канфліктнасці сюжэта. Намагаюся праз апісанні, учынкі, узняцце пэўных праблем дапамагчы чытачу больш глыбока зразумець герояў.

— А калі чакаць новую кнігу?

— На жаль, пішу вельмі павольна. Мне важна, каб кожны сказ гучаў, каб кожнае слова было трапным. Раней магла напісаць абзац, скрэсліць і ўціснуць сэнс у адзіны сказ. Цяпер спрабую адразу пісаць так, каб потым не даводзілася перапісваць.

— Значыць, не імкняцеся ставіць сабе канкрэтныя рамкі па часе ці аб’ёме напісанага за адзін раз? Як арганізуеце творчы працэс: што замінае, а што дапамагае?

— Дазволю сабе правесці паралель з класікамі. Ці ведалі вы, што Андрэй Макаёнак лічыў сябе лайдаком: мог год не пісаць, а потым за два тыдні стварыць п’есу? А Міхась Стральцоў прызнаваўся, што не любіў працаваць і дакараў сябе за гэта, бо «не садзіўся ў час за стол — і перагараў». Вось і я, як чалавек творчы, змагаюся з лянотай, чакаю натхнення, а часам нават прымушаю сябе сесці за рукапіс. Акрамя таго, істотна не хапае часу.

— Ці ствараеце вы сюжэтны план? Ведаеце загадзя, што будзе ў канцы?

— Калі пісала «Сэрца Сакры», мела ў галаве схематычны сюжэт, нават ведала, чым павінна ўсё скончыцца. Праўда, падчас рэдакцыі твора фінал трохі змяніўся. З кнігай, над якой працую цяпер, усё іначай. Героі самі вядуць мяне. Не ведаю, што будзе адбывацца далей і чым усё скончыцца, але так нават цікавей!

— Як у вас змянілася матывацыя да творчасці з часоў «Сэрца Сакры»?

— Мяне матывуе ўнутранае памкненне, я проста не магу не пісаць. Пачала ў 6 гадоў і не магу спыніцца. Калі садзілася за «Сэрца Сакры», проста хацелася падзяліцца з чытачом цікавай казачнай гісторыяй. Памятаю, калі дапісала раман, мама раздрукавала і сшыла яго ў сапраўдную кніжку. Вось гэта быў цуд! Дала пачытаць сябрам і знаёмым — усе былі ўражаныя.

— Што вас натхняе?

— Людзі, пачуцці, музыка, пахі, колеры, смакі… Навокал столькі ўсяго цікавага і прыгожага, варта толькі азірнуцца. Проста ідзеш вуліцай, заўважаеш нейкую дэталь — і адразу хочацца запісаць. З аднаго жэсту, з адной усмешкі можа нарадзіцца цэлае апавяданне.

— Каму першаму пакажаце новую кнігу?

— Вядома ж, маме, найлепшай сяброўцы, а таксама дачцэ-падлетку рэдактаркі маёй кнігі — Настассі. Менавіта яна першая ацаніла апошні варыянт «Сэрца Сакры». Варта, каб будучая кніга спадабалася менавіта падлеткам. Для мяне вельмі каштоўнае меркаванне маёй мэтавай аўдыторыі.

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.