Вы тут

У праграме «Контуры» адкрываецца новая рубрыка «Тур па Беларусі»


У праграме «Контуры» адкрываецца новая рубрыка «Тур па Беларусі» ад аглядальніка Ігара Тура. Яна будзе знаёміць гледачоў з беларусамі, якія імкнуцца дасягнуць поспеху і гатовыя ўкладаць свае сілы ў тое, каб больш камфортным стала не толькі іх уласнае жыццё, але і тых, хто жыве побач.


Па фармаце нас чакае серыя рэпартажаў пра людзей, якіх вылучае ўменне распараджацца сваімі магчымасцямі — неабавязкова фінансавымі. Пабудавалі дзіцячую пляцоўку, дапамаглі пенсіянеру адрамантаваць дом альбо арганізавалі футбольны турнір — значыць, і вы можаце стаць героем новай рубрыкі.

— Павялічыць маштабы добрых спраў — наша галоўная задача, да чаго будзе імкнуцца ў выніку ўся каманда. Але для пачатку мы хацелі б расказаць пра людзей, якія робяць нешта ў жыцці не толькі для сябе і бескарысліва. Паказаць, што чалавекам, які будзе ганарыцца сам сабой і якім будуць ганарыцца ўсе, можа стаць кожны, галоўнае —  мець жаданне! Магчыма, недзе мы хочам змяніць стаўленне да такіх людзей, бо часам ім даводзіцца чуць нешта кшталту: «Табе, што, больш за іншых трэба?» Ды і мясцовыя ўлады, спадзяюся, звернуць на такіх герояў увагу, бо часам людзям для рэалізацыі добрай справы патрэбна дапамога ці хоць бы адсутнасць перашкод. Мяне асабіста матывуе ў гэтай рабоце таксама абвостранае пачуццё справядлівасці. Бо, на маю думку, абсалютна справядліва дапамагаць больш і падтрымліваць тых, хто ўкладае свае сілы на карысць грамадства, а не толькі патрабуе нечага для сябе, — дзеліцца аўтар і вядучы рубрыкі, палітычны аглядальнік АНТ Ігар ТУР. — На этапе прома-кампаніі ў патоку зваротнай сувязі можна выдзеліць два кірункі. Першы — відэапаведамленні людзей, у якіх яны апавядаюць пра сябе альбо пра знаёмых, хто зрабіў нешта для іншых, бо мог. Гісторыі розныя — пра аднаўленне помнікаў, пра дабрачынны мотапарад альбо, напрыклад, гісторыя ад жанчыны, якая дапамагла знайсці сябе ў жыцці абсалютна незнаёмаму чалавеку з інваліднасцю. У дзень прыходзіць 5-7 паведамленняў. Другая частка аповедаў паступае ад калег-рэпарцёраў. Журналісты часта пра такіх людзей ведаюць, пішуць, аднак да «Тура па Беларусі» не было такой прасторы, дзе можна было б расказаць пра іх. У мяне ў асабістых паведамленнях ужо каля паўсотні такіх гісторый.

У эфіры, па планах каманды, рубрыка з'явіцца ў першую нядзелю лістапада, але кім будуць героі дэбютных рэпартажаў, пакуль сакрэт. Выходзіць «Тур па Беларусі» будзе раз на два тыдні ў «Контурах», аднак калі колькасць гісторый будзе вялікая, то перыядычнасць можа змяніцца. Таму спяшайцеся і дасылайце свае відэа на электронную пошту праекта tur@ont.by альбо ў сацыяльных сетках. Ніводная з іх не застанецца без вывучэння і зваротнай сувязі.

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.