Вы тут

«Лістапад» паказвае беларускія фільмы і называе першых пераможцаў


Ад цырымоніі адкрыцця Мінскага міжнароднага кінафестывалю да першых вынікаў прайшло некалькі дзён. Яшчэ, здавалася б, учора ў кінатэатры «Масква» мы глядзелі фільм «Бацька», што сведчыў аб пачатку «Лістапада», а ўжо сёння ведаем пераможцаў Конкурсу нацыянальных кінашкол і Конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». Праўда, не ўзнагародамі адзінымі: у фестывальныя дні ў сталічных кінатэатрах адбываецца багата, скажам так, важных падзей і сустрэч, некаторыя з якіх датычацца новых беларускіх фільмаў. Ад уласна цырыманіялу да кінаадкрыццяў — у нашых першых уражаннях.


Кадр з фільма «ІІ».

Звычайна высокае мастацтва кіно на «Лістападзе» атачалі афіцыёзныя і нязграбна квяцістыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця. Пачатак 26-га кінафестывалю прадэманстраваў заўважна большае падладжванне пад кінападборку: экран хутка прадставіў конкурсныя праграмы і журы, ганаровы старшыня форуму Генадзь Давыдзька разбіў аб штатыў кінакамеры талерку, і без звычайнага перапынку зала пачала глядзець фільм адкрыцця.

За першыя дні кінафестывалю адбылося некалькі важных рэчаў. Адназначна найпрыемнейшым было разуменне, што галоўнай падзеяй і ўражаннем першага дня конкурсных паказаў стаў сеанс фільма «Стрыптыз і вайна» беларускага дакументаліста Андрэя Куцілы. Пра яго гаварылі даўно, трэба сказаць, што і мы неаднаразова згадвалі «Стрыптыз» як адзін з найцікавейшых беларускіх кінапраектаў апошняга часу, а цяпер на карціну толькі на маіх вачах некалькі разоў намякалася ў кантэксце «паглядзелі на «Лістападзе» некалькі фільмаў, і найлепшым аказаўся беларускі».

Нагадаю, гэта гісторыя пра сумеснае жыццё дзеда, падпалкоўніка ў адстаўцы, з унукам-стрыптызёрам. Праз іх рознасць у поглядах, памкненнях і кантэксце, нягледзячы на якую яны ўсё роўна застаюцца блізкімі людзьмі, мы бачым, як у нашай краіне спалучаецца савецкае мінулае і XXІ стагоддзе. Як мы ўжо пісалі, летась карціна не была ўключана ў Нацыянальны конкурс, затое праз год стаў магчымы не толькі паказ у рамках «Лістапада», але і ўдзел у яго Асноўным конкурсе дакументальнага кіно. Варта таксама адзначыць, што яшчэ адна работа Андрэя Куцілы — лаўрэат найпрэстыжнейшага ў сферы дакументальнага кіно фестывалю ІDFA ў Амстэрдаме — сёлета ўдзельнічае ў Нацыянальным конкурсе.

Хутка, зноў жа ў Асноўным конкурсе дакументальнага кіно, адбылася, можна сказаць, нацыянальная прэм'ера новага фільма аднаго з самых славутых беларускіх дакументалістаў Віктара Аслюка: «Абход», што расказвае аб працы вясковага ўчастковага міліцыянера Аляксандра Клямята, сабраў поўную залу. Наколькі мы ведаем, умовы для здымак складваліся не найлепшым чынам: напрыклад, часу на работу з героем у рэжысёра было менш за тыдзень. Тым не менш праз Аляксандра можна ўбачыць нейкую частку, канешне, не самую прывабную, беларускай вёскі, і гэта можа выглядаць як забаўна, так і страшна. У абходзе ўчастковы наведвае, скажам так, сацыяльна неўладкаваных людзей, але праяўляе пры гэтым амаль што бацькоўскі патранаж — можа дыдактычна палаяцца, паспрабаваць наставіць на розум, папужаць пратаколам. А часам праяўляе эмоцыі і павышае голас: «Саша-Саша, я табе не Саша, я з табой гарэлку не піў». Аляксандр Клямята таксама прыехаў на прэм'еру і на прамое пытанне рэжысёра сказаў, што фільм яму спадабаўся.

Нарэшце, падзеяй стаў першы ў Беларусі паказ ігравой карціны Улады Сяньковай «ІІ», што значыць «два», альбо дзве палоскі. Яе сусветная прэм'ера не так даўно прайшла на Варшаўскім кінафестывалі, больш за тое — кажуць, гэта першы беларускі фільм, уключаны ў яго конкурсную праграму. У гісторыі пра дзесяцікласнікаў — тэма заражэння ВІЧ, гомасексуалізм і, галоўнае, пэўнае стаўленне грамадства да гэтага. Карціна паказвае, як людзі могуць быць крыўдна непадрыхтаванымі да такіх сустрэч і якімі непрыгожымі яны ў сваіх прадузятасці і нецярпімасці становяцца. Тое, як у герояў фільма праяўляюцца забабоны і страхі, становіцца галоўным эмацыянальным момантам фільма, але сваім фіналам карціна ўсё яшчэ шле гледачам важны меседж: жыццё, нягледзячы ні на што, працягваецца, таму варта запланаваць наступны паход у кіно.

Пераможцы асноўных конкурсных праграм Мінскага міжнароднага кінафестывалю будуць названыя 8 лістапада на цырымоніі закрыцця ў кінатэатры «Масква».

Сафія ПАЛЯНСКАЯ


  • Тым часам

«Лістапад» падвёў свае першыя вынікі. У Конкурсе нацыянальных кінашкол прыз «За найлепшы фільм» атрымала «Планета Гелніца» Паўлы Райселавай з Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў у Браціславе. Дыплом «За выдатнае ўзаемадзеянне руху камеры і мантажу» — «На сувязі» Аляксандры Мачэйчык з Польскай нацыянальнай школы кіно, тэлебачання і тэатра ў Лодзі. Дыплом «Фільм з самым крэатыўным рашэннем для аповеду гісторыі» — «Тэрыкон» Бронтэ Стал з Мабільнай кінашколы DocNomads. Нарэшце, дыплом «За самую дакладную рэжысуру» — «Інжынер Фёдаравіч» Алены Мурганавай са Школы дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава.

У конкурсе фільмаў для дзяцей і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік» перамагла карціна «Маё неверагоднае лета з Тэс» (Нідэрланды, Германія, рэжысёр Стывен Ваўтэрлод).

Спецыяльны прыз журы, у якое ўваходзілі рэжысёр і сцэнарыст Улада Сянькова (Беларусь), пісьменнік, рэжысёр тэатра і кіно Томас Хайнеман (Германія) і прафесар кіназнаўства, заснавальніца кампаніі па стварэнні дзіцячых фільмаў Клара Суарэс (Аргенціна), прысуджаны стужцы індыйскага рэжысёра Рыма Даса «Булбул можа спяваць». За найлепшую дзіцячую ролю адзначылі Эмілі Б'ер («Калонія», Канада), а найлепшай работай дарослага акцёра ў дзіцячым фільме суддзі назвалі ролю Соні ван Утэрэна («Маё неверагоднае лета з Тэс»).

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.