Вы тут

Новае выданне Аляксандра Пушкіна


У выдавецтве «Мастацкая літаратура» толькі што пабачыў свет зборнік прозы рускага класіка «Капітанская дачка».


Першыя кнігі Аляксандра Пушкіна ў Беларусі пачалі выходзіць яшчэ ў сярэдзіне 1930-х гадоў. Спярша «Яўгеній Анегін» — у «Школьнай серыі» ў 1934-м. Праз год у  гэтай  жа серыі — легендарная аповесць «Капітанская дачка». А самая першая кніга Аляксандра Сяргеевіча на беларускай мове ўбачыла свет у  Мінску ў 1937 годзе. Гэта была трагедыя «Барыс Гадуноў». Перакладчыкам выступіў вядомы на той час паэт Пятро Глебка. Праўда, на лацініцы пераклад твораў Аляксандра Пушкіна выйшаў з друку крыху раней: «Казка пра рыбака і рыбку» ў перакладзе Вінцука Адважнага ў Вільнюсе (Вільні) у 1935 годзе.

 Знакавым для выдання асобнымі кнігамі шэрагу твораў вялікага рускага пісьменніка Новае выданне Аляксандра Пушкіна У выдавецтве «Мастацкая літаратура» толькі што пабачыў свет зборнік прозы рускага класіка «Капітанская дачка» аказаўся 1937 год. Выйшлі ў перакладах на беларускую мову «Домік у Каломне» (перакладчык — Алесь Вечар), «Каўказскі пленнік» (паэму перастварыў Мікола Хведаровіч), «Цыганы» (перакладчык — Аркадзь Куляшоў, тады яшчэ зусім малады літаратар, а праз некаторы час — народны паэт Беларусі). Усяго ў гэтым годзе пабачыла свет восем кніг класіка.

А вось публікацый твораў Пушкіна ў беларускім перыядычным друку ў 1937 годзе з’явілася значна больш. У выданнях «Полымя рэвалюцыі», «Іскры Ільіча», «Работніца і  калгасніца Беларусі» былі надрукаваны пераклады асобных вершаў, урыўкаў з паэм і цэлыя паэмы. Перакладчыкамі выступілі Алесь Якімовіч, Янка Купала, Пятро Глебка, Эдзі Агняцвет, Анатоль Астрэйка, Андрэй Александровіч, Аркадзь Куляшоў, Кандрат Крапіва, Якуб Колас і іншыя вядомыя і  меней вядомыя паэты. Прозу Аляксандра Пушкіна пераклалі Кузьма Чорны і Макар Паслядовіч.

Асобна варта сказаць пра судакрананне з творчасцю Аляксандра Пушкіна народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова. У канцы 1930-х гадоў у перыёдыцы пачалі з’яўляцца яго пераклады ўрыўкаў з «Яўгенія Анегіна». У 1949 годзе раман у  вершах у перакладзе Аркадзя Куляшова пабачыў свет асобным выданнем, верагодна, напрыканцы года. Пераконвае ў гэтым і публікацыя рэцэнзіі Рыгора Шкрабы на пераклад «Яўгенія Анегіна», якая з’явілася ў газеце «Літаратура і  мастацтва» толькі 8 ліпеня 1950 года.

Вяртаючыся да 1937 года як года пушкінскага, да месца згадаць, што да беларускага прачытання класіка звярнуўся і будучы народны паэт Беларусі Максім Танк. Яго пераклады выдатнай паэзіі рускага мастака слова з’явіліся ў заходнебеларускім дэмакратычным друку на тагачаснай тэрыторыі Польшчы.

Пачынаючы з 1930-х гадоў у Беларусі на рускай і беларускай мовах выйшла каля 100 кніг Аляксандра Пушкіна. Двойчы ўбачылі свет і зборы твораў у некалькіх тамах: на рускай мове — у трох тамах, па-беларуску — у двух.

 Кніга «Капітанская дачка», якая пабачыла свет у «Мастацкай літаратуры» напрыканцы 2019 года, складаецца з пяці твораў: «Дуброўскі», «Пікавая дама», «Кірджалі», «Егіпецкія ночы», «Капітанская дачка». Гэта выданне можна назваць падарункам да 220-годдзя з дня нараджэння класіка рускай літаратуры.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.