Вы тут

Барыста той, хто дагадзіць умее. 21-гадовы хлопец — пра прафесію


Нядаўна выпала магчымасць пабываць у адной цудоўнай сталічнай установе грамадскага харчавання. Каву тут гатуе 21-гадовы барыста Аляксей АНДРЭЙЧУК. Малады чалавек робіць толькі першыя крокі на гэтым шляху, аднак пра справу, якой займаецца, і духмяны напой ведае шмат. Хлопец расказаў пра сваю прафесію, важныя складнікі добрай кавярні, а таксама раскрыў некаторыя сакрэты правільнага выбару духмяных зярнят.


— Я пачаў шукаць работу, бо надышоў час злазіць з шыі бацькоў і забяспечваць сябе самому. Спачатку хацеў стаць афіцыянтам, аднак мяне нікуды не бралі. Цяпер гэтаму вельмі рады (смяецца), бо знайшоў тое, што па душы, прычым з працоўнай дзейнасцю мне ўдаецца сумяшчаць і вучобу, — расказаў Аляксей. — Я студэнт чацвёртага курса БНТУ, факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва, па спецыяльнасці — будучы маркетолаг-эканаміст. Адна з маіх курсавых работ была звязана з вывучэннем кавамашын. Я так пагрузіўся ў тэму, што з цягам часу ўсё гэта, можна сказаць, і прывяло ў кававую індустрыю. Зразумеў, што хачу стаць барыста і што, напэўна, гэта мой лёс.

На той момант хлопец ужо ведаў усю тэорыю пра каву, аднак не было ніякай практыкі. Нарэшце суразмоўніку пашчасціла: яго запрасілі на гутарку ў адну буйную сетку кавярняў. Менавіта там і паказалі, як трэба гатаваць сапраўдную каву. Аднак калі ён пачаў працаваць, зразумеў, што яго навучылі толькі дзесяці працэнтам ад таго, што барыста павінен ведаць і ўмець. Таму давялося на практыцы спасцігаць усё астатняе метадам спроб і памылак.

— Лічу, што прафесіі неабходна вучыцца ў двух выпадках: калі гэта дакладна «тваё» ці калі хочаш зарабляць грошы. Я не вельмі добра стаўлюся да чыстага зарабляння: трэба, каб тое, што робіш, яшчэ і задавальняла, — працягнуў Аляксей. — Мне вельмі падабаецца сам працэс прыгатавання кавы, а таксама стасункі з рознымі людзьмі. Праўда, іншым разам даводзіцца мірыцца з дрэнным настроем гасцей, бывае, што сутыкаешся з людской агрэсіяй. Мне неяк удаецца з гэтым спраўляцца.

Увогуле, хто такі добры барыста? Найперш гэта чалавек, які можа расказаць пра каву ўсё, па-другое, добра яе прыгатаваць. Ну і таксама вельмі важна, каб ён умеў падтрымаць, калі трэба, гутарку. У наведвальніка павінны застацца толькі добрыя адчуванні, настрой і думкі. Смачная ж кава — гэта калі пасля першага глытка вам сапраўды смачна: па выразе твару можна зразумець, ці так гэта. Звычайна я назіраю за чалавекам, і калі той усміхаецца — значыць, у мяне атрымалася яму дагадзіць. І галоўная ўмова, на якую не трэба забывацца, — напой павінен гатавацца з любоўю!

— А можаце даць некалькі парад, як выбраць якасную каву ў звычайным гіпермаркеце?

— Калі будзеце браць у краме, неабходна звяртаць увагу на ўзровень абсмажвання, яно павінна быць сярэдняе. Цёмнае будзе вельмі гарчыць. Глядзіце і на дату абсмажкі: калі даўнейшая за год, напой не будзе свежы і смачны. На некаторых пачках ёсць спецыяльныя клапаны — калі націснуць на пачак, праз іх можна адчуць водар кавы, — адказвае барыста. — І ўсё ж такі я за тое, каб піць яе ў кавярні. Ёсць такое выслоўе: «Кава — гэта цэлая атмасфера». Не толькі сам духмяны напой павінен быць смачным — тут яшчэ вельмі важна, як вы адчуваеце сябе, ці ўтульна вам ад знаходжання ў гэтым месцы.

Увогуле, калі гаварыць пра пастаяннага наведвальніка кавярняў, можна паспрабаваць скласці вобраз гэтага чалавека. Так, ён дакладна любіць каву і не шкадуе грошы на якасны напой, мае добры густ і цудоўна разбіраецца ў гатунках. Каваман не супраць пакаштаваць навінку, аднак усё ж звычайна заказвае нешта прывычнае для сябе. Часцей гэта класіка: эспрэса, амерыкана, капучына, латэ і г. д.

— Некалі Іосіф Бродскі пісаў, што «калі не пачаць дзень з філіжаначкі свежай кавы, то навошта тады падымацца...»

(Смяецца.) Я цалкам згодны з ім, бо для мяне кава — таксама пачатак, старт дня. Сапраўды, толькі з гэтага смачнага напою ў мяне пачынаецца дзень.

Надзея ЗУЕВА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.