Вы тут

Каго чакае меншае пакаранне?


Сенатары пагадзіліся з Законам «Аб амністыі», прымеркаваным да 75-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Здавалася б, што ў ім можа быць новага? Аналагічныя законапраекты разглядаюцца штогод, але навацыі ёсць.


Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў папярэдне разгледзелі законапраект у двух чытаннях і прынялі яго. Наступны крок — ухваленне з боку членаў Савета Рэспублікі.

Законапраект сенатарам прадставіў міністр унутраных спраў Юрый КАРАЕЎ, які паведаміў, што, па папярэдніх звестках, ад рознага віду пакаранняў будуць вызвалены 5372 асуджаныя, у тым ліку з месцаў пазбаўлення волі — 1985 чалавек, з выпраўленчых устаноў адкрытага тыпу — 727, з крымінальна-выканаўчых інспекцый — 2660.

Акрамя таго, плануецца скараціць тэрмін пакарання 6400 асуджаным.

Як расказаў журналістам старшыня Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Сяргей СІВЕЦ, закон аб амністыі — прагрэсіўны крок наперад на шляху ўдасканалення крымінальна-прававой палітыкі дзяржавы.

— Навацыяй з'яўляецца тое, што да катэгорыі такіх асоб нароўні з грамадзянамі, якія і раней траплялі пад амністыю (а гэта інваліды І і ІІ груп, анкахворыя і ВІЧ-інфіцыраваныя, непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, адзінокія матулі ці бацькі, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў і іншыя) дадаецца шэраг іншых людзей, якія раней не ўваходзілі ў лік тых, хто мае права на амністыю, — паведаміў сенатар.

Ён растлумачыў, што на год будзе скарочана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі асобам, якія здзейснілі карупцыйныя злачынствы.

Нагадаем, у папярэдняй амністыі, якая была год таму, гэтая катэгорыя асоб не трапіла ў спіс тых, хто мог на яе разлічваць.

Суразмоўнік прывёў яшчэ адзін прыклад паслаблення пакарання: непаўналетнія асуджаныя па справах, звязаных з распаўсюджваннем наркатычных сродкаў (па частцы 4 і 5 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса) таксама атрымалі права на амністыю — скарачэнне тэрміну пазбаўлення волі на год.

— І гэта таксама з'яўляецца прагрэсіўным крокам у частцы распаўсюджвання закона аб амністыі на шырэйшае кола суб'ектаў, — падкрэсліў Сяргей Сівец.

На думку старшыні профільнай камісіі, цяперашні закон прагрэсіўны і ў тым сэнсе, што не толькі рэгламентуе пазбаўленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання, але і разглядае пытанні рэсацыялізацыі, рэабілітацыі і адаптацыі грамадзян, вызваленых з месцаў пазбаўлення волі. У прыватнасці, мясцовым органам улады даручана правесці комплекс бытавых, сацыяльна-адукацыйных, медыцынскіх мерапрыемстваў, звязаных з вяртаннем амнісціраваных грамадзян у соцыум, наданнем ім магчымасці цалкам рэабілітавацца і не вярнуцца зноў на шлях злачынства.

Між іншым, як паведаміў міністр унутраных спраў Юрый Караеў, амністыя не распаўсюджваецца на асоб, у адносінах да якіх у перыяд 2015—2020 гадоў прымяняліся амністыя ці памілаванне і якія зноў учынілі наўмыснае злачынства ў перыяд непагашанай судзімасці, якія цалкам не пакрылі матэрыяльную шкоду, на злосных парушальнікаў парадку адбывання пакарання, а таксама тых, хто дапусціў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынства, і некаторых іншых.

Прэв'ю: nash-dom.info

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.