Вы тут

Расказваем, як перажыць непагадзь метэазалежным


Варта небу пацямнець ад набеглых хмар, як чалавек скардзiцца на галаўны боль ды страту сiл, нават кажа, што можа страцiць прытомнасць. У кожнага з нас ёсць такiя знаёмыя. А магчыма, вы i самi пазнаеце сябе: ламоту ў касцях цi цяжар у галаве часам нiчым iншым растлумачыць нельга, як толькi зменай надвор'я.

Метэазалежнасць — гэта хвароба цi ўсё ж прыдумка i спосаб нiчога не рабiць? Як на нас уплываюць розныя прыродныя з'явы? Каму варта быць асцярожным падчас рэзкага пахаладання, а хто, наадварот, дрэнна сябе адчувае ў спёку? Цi можна пазбавiцца ад метэаадчувальнасцi i што рабiць, каб яна менш псавала жыццё? Пра гэта i iншае расказала тэрапеўт медыцынскага цэнтра «ЛОДЭ» Марына КАЖАДУБ.


— Марына Валер'еўна, метэазалежнасць — гэта рэальная праблема або плод фантазii занадта ўразлiвых асоб?

— Варта пачаць з вызначэння метэазалежнасцi. Такi тэрмiн сапраўды iснуе. Гэта нетыповая рэакцыя арганiзма чалавека на пэўныя з'явы надвор'я. Яны самыя розныя — змяненне атмасфернага цiску, тэмпературы, сонечная актыўнасць, моцны вецер. Такая праблема актуальная для, бадай, трацiны насельнiцтва.

— Хто найчасцей пакутуе ад метэазалежнасцi?

— У большай ступенi жанчыны, што звязана з асаблiвасцямi гарманальнай сiстэмы, а таксама людзi, якiя маюць сардэчна-сасудзiстыя хваробы, вегета-сасудзiстую дыстанiю, захворваннi суставаў або доўга лечаць траўмы, таксама пажылыя людзi.

— Як метэазалежнасць праяўляецца?

— Варта заўважыць, што абсалютна ўсе мы схiльныя да рэакцыi на змяненне ўмоў надвор'я. Але ў здаровых людзей гэта адбываецца незаўважна, бо iх органы i сiстэмы вельмi хутка адаптуюцца да знешнiх абставiн. А ў пацыентаў з хранiчнымi хваробамi такая адаптацыя цяжэйшая.

Самая частая скарга метэазалежных людзей — галаўны боль. Ён можа быць звязаны са зменамi артэрыяльнага цiску — павышэннем цi панiжэннем. Калi халоднае надвор'е, больш пакутуюць гiпертонiкi. Звычайна пры знiжэннi тэмпературы паветра ў iх павышаецца артэрыяльны цiск за кошт таго, што сасуды звужаюцца i павялiчваецца нагрузка на сэрца. Супрацьлеглая сiтуацыя з гiпатонiкамi. Яны горш пераносяць спёку, калi атмасферны цiск падае. У такiм выпадку сасуды расшыраюцца i знiжаецца артэрыяльны цiск.

— Сёлетняй вясной былi ваганнi тэмпературы — ад холаду да раптоўнага цяпла. Хто адчуваў сябе дрэнна ў такiх умовах?

— Павышэнне тэмпературы i знiжэнне атмасфернага цiску ўплывае на людзей з сардэчна-сасудзiстымi хваробамi. Горш адчуваюць сябе гiпатонiкi.

— Калi мы закранулi атмасферны цiск, то раскажыце, як уплываюць на нас яго змяненнi.

— Нармальны атмасферны цiск вагаецца ад 750 да 760 мм рт. сл. Гэта сярэднiя лiчбы, i яны залежаць яшчэ ад часавога пояса, вышынi над узроўнем мора. Цягам сутак атмасферны цiск, натуральна, мяняецца. Калi гэтае ваганне не перавышае 3-5 мм рт. сл., то мы яго не заўважаем, i наша самаадчуванне не мяняецца. Калi ж ваганне большае за 8-10 мм рт. сл., то многiя гэта адчуваюць. Найбольш часта такiя змены атмасфернага цiску, а таксама рэзкiя скачкi тэмпературы паветра адбываюцца ў мiжсезонне — вясной i восенню. I ад гэтага найбольш пакутуюць пацыенты з вегетасасудзiстымi дыстанiямi. У iх узмацняюцца дэпрэсii, з'яўляюцца неўрозы, галаўны боль, пераднепрытомнасныя станы.

— Змяненнi атмасфернага цiску ўплываюць на цiск артэрыяльны?

— Так, пры знiжэннi атмасфернага цiску знiжаецца i артэрыяльны. Гiпатонiкi горш пераносяць знiжэнне атмасфернага цiску. Гiпертонiкi, наадварот, дрэнна рэагуюць на яго павышэнне. У iх артэрыяльны цiск павышаецца яшчэ больш, iснуе небяспека гiпертанiчных крызаў i iншых сардэчна-сасудзiстых катастроф — iнфарктаў i iнсультаў. Таму ў зiмнi час, калi адбываецца павышэнне атмасфернага цiску, часцей за ўсё здараюцца такiя сiтуацыi.

— Некаторыя людзi змены надвор'я «адчуваюць касцямi». Растлумачце, што гэта значыць.

— Гэта адбываецца ў халоднае надвор'е пры высокай вiльготнасцi. У такiх людзей узмацняюцца болi ў суставах. Але яны з'яўляюцца не ва ўсiх, а менавiта ў тых пацыентаў, якiя маюць захворваннi суставаў — артрозы, артрыты, рэўматычныя хваробы. I пасля траўмаў, канешне. Тады болi ўзмацняюцца пры змяненнi надвор'я. У кагосьцi пачынае балець напярэдаднi, у некага — падчас перамены надвор'я.

— Змяненнi магнiтнага поля, цi так званыя магнiтныя буры, могуць уплываць на наш стан?

— Магнiтныя буры таксама ўплываюць на наша самаадчуванне. У першую чаргу адбываецца змяненне параметраў крывi — павялiчваецца яе вязкасць i замаруджваецца цячэнне. У сувязi з гэтым горш забяспечваюцца крывёй перыферычныя органы i тканкi. Чалавек можа адчуваць санлiвасць, галаўны боль, раздражнёнасць, павышаную нервовасць.

— Яшчэ адна з'ява — моцны вецер. Кажуць, што ён можа быць прычынай мiгрэняў.

— Так. Гэта адбываецца з-за раздражнення паверхневых рэцэптараў галавы. Пры схiльнасцi да мiгрэняў моцны вецер можа iх правакаваць.

— Як палепшыць адаптыўныя здольнасцi свайго арганiзма? Цi лечыцца метэаадчувальнасць i як з ёй змагацца? Цi можна неяк падрыхтавацца да змен надвор'я?

— Цалкам пазбавiцца ад метэазалежнасцi наўрад цi атрымаецца. Але палепшыць стан магчыма. Для маладых людзей у асноўным агульныя рэкамендацыi — найперш здаровы сон у дастатковай колькасцi: 6-8 гадзiн. Пакой перад сном неабходна праветрыць, каб сон быў глыбокi, без прабуджэнняў. Важнае i рацыянальнае харчаванне з вялiкай колькасцю садавiны i агароднiны. Рацыён павiнен складацца з лёгказасваяльных прадуктаў, не ўжывайце нiякай цяжкай ежы, бо арганiзм i так перажывае нагрузку падчас гэтых з'яў надвор'я.

Не лiшнiм будзе захоўваць пiтны рэжым — пiць дастатковую колькасць вадкасцi. Асаблiва гэта датычыцца тых жа магнiтных бур, калi павялiчваецца вязкасць крывi. Звычайна патрабуецца да двух лiтраў у суткi, калi няма супрацьпаказанняў — высокага артэрыяльнага цiску, захворванняў нырак, пры якiх рэкамендавана абмяжоўваць ваду i iншыя напоi. У перыяд неспрыяльных умоў надвор'я гiпатонiкам можна парэкамендаваць прымаць адаптагены кшталту жэньшэню, эхiнацэi. Гiпертонiкам пры неабходнасцi можна павялiчыць дазiроўку антыгiпертэнзiўных прэпаратаў, каб не было гiпертанiчных крызаў. Важна выключыць з рацыёну каву, моцную гарбату, салодкае. Гiпатонiкаў гэта таксама датычыцца, бо такiя прадукты ўзбуджаюць нервовую сiстэму.

Пры схiльнасцi да мiгрэняў у моцны вецер лепш насiць галаўны ўбор i прыкрывацца, напрыклад, капюшонам. А што датычыцца людзей з хранiчнымi захворваннямi, то ў першую чаргу важнае iх лячэнне, каб не дапусцiць абвастрэнняў i крытычных станаў. Гэта абавязковае рэгулярнае выкарыстанне базiснай тэрапii пры сардэчна-сасудзiстых хваробах, бранхiяльнай астме, захворваннях суставаў. Ну i неабходна выключыць алкаголь i курэнне — гэта датычыцца ўсiх.

— Цi могуць паўплываць на стан фiзiчныя нагрузкi?

— Яны не павiнны быць празмернымi, непажаданая i цяжкая фiзiчная праца. А вось хада перад сном вiтаецца.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: У прыроды няма дрэннага надвор'я?

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.