Вы тут

З любоўю да бацькаўшчыны


Загадчыцу вясковай бібліятэкі ў Чарэі Чашніцкага раёна Таццяну Казлоўскую ведаюць і паважаюць не толькі жыхары з 6 населеных пунктаў Лукамскага сельсавета, якіх яна абслугоўвае.


Таццяна Казлоўская.

Па параду звяртаюцца спецыялісты з раёна, вобласці, рэспублікі. Хто яны? Вучоныя, педагогі, мастакі, літаратары.

Установу культуры штогод наведваюць грамадзяне замежных краін. Бывалі тут амерыканцы, французы, літоўцы, палякі, расіяне, ізраільцяне. Што яднае захавальніцу мясцовага кніжнага фонду з усімі гэтымі людзьмі? Адказ просты: 950-гадовая Чарэя. У працы бібліятэкі ёсць адметнасць — краязнаўчы напрамак. «Калі жывеш у Чарэі, нельга прайсці міма гэтага, — лічыць суразмоўца, — зямля Сапегаў і Мілашаў заклікае…»

Ураджэнка Пермскага краю прыехала на радзіму бацькішахцёра старшакласніцай. Тут упершыню дакранулася да таямнічай гісторыі, якая захоўвалася ў легендах, успамінах старажылаў, старых руінах. Вельмі зацікавілася. Пасля школы вярнулася ў Перм. Скончыла бібліятэчны тэхнікум і паспела папрацаваць у абласной дзіцячай бібліятэцы. Потым пераехала з сям’ёй ва Украіну. Там напаткалі цяжкія дзевяностыя. У 1997-м вяртаецца ў Чарэю і бярэ пад сваю апеку вясковы кніжны фонд.

Калі неабыякавы чалавек трапляе ў мясціны, дзе на працягу вякоў кіпела культурнае жыццё, нараджаліся, жылі і тварылі гістарычныя асобы, нярэдка бярэцца за даследаванне. Таццяна Казлоўская выключэннем не стала.

Першыя спробы на гэтым шляху звязаны з імем ураджэнца Чарэі, французскага паэта і дыпламата, дзядзькі нобелеўскага лаўрэата Чэслава Мілаша — Аскара Мілаша. У той час, калі Таццяна Міхайлаўна пачынала збор матэрыялаў, інфармацыі амаль не было. Ведалі: у Чарэі жылі паны Мілашы, мелі раскошны палац, карані іх ні то ў Літве, ні то ў Францыі. Сын — вядомы паэт. «Хто ён, ці шмат жыў у Чарэі, як склаўся яго лёс?» — пра ўсё гэта трэба было даведацца. Вельмі нялёгкая справа, калі ўлічыць, што амаль ніякіх біяграфічных даведнікаў, зборнікаў вершаў паэта-дыпламата ў Беларусі тады было не знайсці.

Вясковая бібліятэкарка пачала шукаць. Дасылала лісты ў Літву і Францыю. Дачакалася водгукаў, а потым у Чарэі абывалі людзі, якія змаглі праліць святло на гісторыю Мілашаў. Так паступова пачала ажываць мілашаўская Чарэя. Сімвалам апошняй з’яўляецца бэзавая алея. Па ёй вярталіся ў радавы маёнтак з далёкіх дарог Мілашы. Чарэя ў тыя часы славілася бэзам. Больш чым сто відаў расліны, завезенай з розных куткоў Еўропы, упрыгожвала мястэчка. Вясной пах разносіўся па ўсім наваколлі.

У сваіх вершах, на літоўскай і французскай мовах, Аскар праславіў прыгожую пару, яго называюць «паэтам бэзавай Чарэі». Сёння ўдзячныя землякі маюць сур’ёзны намер адрадзіць алею, і першыя крокі ўжо зроблены. Чарэйскі бэз прыцягальны і ў нашы дні. Раскошныя гронкі малююць юныя вяскоўцы, апяваюць у вершах і песнях.

Адзін з тых, хто дапамагае вярнуць памяць пра Мілашаў на радзіму, — мецэнат з Францыі Бенэдыкт Завіша-Даўгяла. У 2007 годзе ён наведаў Чарэю. Чарэйцы памятаюць, як усхвалявана ў засені векавых дрэў былога памешчыцкага парку французскі госць чытаў вершы Аскара. Праз нейкі час вясковая бібліятэкарка атрымае бандэроль з  двухтомнікам вершаў Мілаша на французскай мове і каталог твораў, выдадзеных да 100-годдзя з дня нараджэння паэта ў Парыжы. «Лічу, што Чарэя, — напісаў у суправаджальным лісце Завіша-Даўгяла, — найбольш вартае месца для захоўвання гэтых кніг».

Аскар Мілаш, «паэт бэзавай Чарэі».

Такія вось рарытэты мае сёння маленькая вясковая бібліятэка. І не толькі гэтыя. Тут, напрыклад, можна ўбачыць унікальны здымак, на якім — дом Мілашаў у  ампірскім стылі, куплены ў Сапегаў. Фота зроблена падчас Першай сусветнай вайны, на фоне будынка — кайзераўскія салдаты.

Значны ўнёсак у адраджэнне гісторыі Чарэі зрабіў доктар тэхнічных навук, філасофіі і мастацтвазнаўства Раальд Раманаў з Масквы, які неаднойчы наведваў радзіму свайго бацькі, падараваў бібліятэцы сваю кнігу «Цар-град Чарэя». У апошняй расказваецца пра найбольш важкія падзеі 950-гадовай гісторыі, яна карыстаецца вялікім попытам у тых, хто па-сапраўднаму цікавіцца гісторыяй Беларусі.

Матэрыялы, што сабраны і захоўваюцца ў вясковым кніжным фондзе, дапамаглі арганізаваць «Інтэрактыўны гід: Чарэя — Белая Царква» Мацвею Сабурову і Кацярыне Аверкавай, заснавальнікам добра вядомага не толькі ў Беларусі фестывалю «SPRAVA».

Мілашаўскія мясціны — рай для творчых асоб. Непадалёк ад Чарэі — вёска Мар’іна, дзе шмат працаваў заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Барыс Аракчэеў. Зараз ва ўстанове знаходзіцца няскончаная карціна Барыса Уладзіміравіча «Ода Чарэі», якую перадала ўстанове ў часовае карыстанне дачка Аксана Аракчэева.

Чарэйская зямля шчодра паліта крывёй. У архіве бібліятэкі — гісторыя кожнага ветэрана Вялікай Айчыннай, сярод якіх Герой Савецкага Саюза Яўген Іваноўскі, удзельнік бельгійскага супраціўлення Аляксей Дуброўскі, дзясяткі простых воінаў і партызан.

Асобная старонка ваеннай гісторыі вёскі — расстрэл яўрэяў у сакавіку 1942-га. У бібліятэцы — спісы ўсіх, хто пахаваны ў агульнай магіле. Кожны год у Чарэю наведваюцца нашчадкі ахвяр з розных краін свету. У хуткім часе павінен быць Леанід Міркін з Чыкага. У Чарэі расстраляны яго дзяды па бацьку. Старэйшы Міркін — Міхаіл — выдаў у Штатах кнігу «Ад Чарэі да Чыкага», дзе распавядае пра вёску 1920—1940-х гадоў. У 2019-м сын прывёз яе ў дар мясцоваму кніжнаму фонду.

Так нястомная праца вясковай бібліятэкаркі звязала невялікую беларускую вёску, дзе ўсяго каля 300 жыхароў, з землякамі і іх нашчадкамі ў розных кутках свету.

Ірына ТОРБІНА, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.