Вы тут

Праект Навума Гальпяровіча «Сюжэт для вечнасці» з'явіцца на канале «Культура» Беларускага радыё


Новы аўтарскі праект пісьменніка і публіцыста Навума Гальпяровіча «Сюжэт для вечнасці» з'явіцца на канале «Культура» Беларускага радыё ў пачатку верасня і будзе гучаць у эфіры па нядзелях. Праграма будзе цікавай як аматарам літаратуры, так і шырокаму колу слухачоў, нераўнадушных да мастацкага слова.


Навум Гальпяровіч пачынаў сваю кар'еру на Беларускім радыё ў якасці ўласнага карэспандэнта па Віцебскай вобласці, а зараз з'яўляецца намеснікам дырэктара радыёканала «Культура». Літаратурны дэбют Навума Якаўлевіча адбыўся ў наваполацкай газеце «Хімік». Сёння на рахунку мэтра — дзясяткі аўтарскіх радыёперадач, тэлевізійныя праекты і больш за дзесяць кніг, вершы з якіх перакладзеныя на польскую, румынскую, балгарскую, рускую, англійскую і іншыя мовы свету.

— У 2013 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла мая кніга пад назвай «Сюжэт для вечнасці», — расказвае Навум Гальпяровіч. — Але новы радыёпраект не пра кнігу, а пра тое, што хачу расказаць слухачам: чым я жыў і жыву, пра што мару, пра маё пакаленне, на якое прыйшлося і пасляваеннае дзяцінства, і савецкі час, і перабудова, і жыццё ў сённяшняй незалежнай Беларусі... Аб гэтым, а таксама пра сталенне чалавека, фарміраванне яго асобы і пойдзе размова ў праграме. Гэта вершы і проза, напісаныя ў розны час, але аб'яднаныя назвай — «Сюжэт для вечнасці».

Арыгінальны праект папоўніць цыкл літаратурных перадач на канале «Культура», сярод якіх «Паэзія XXІ стагоддзя», «Літаратурная анталогія», «Радыёбібліятэка», «Паэтычная раніца» і іншыя. Першы выпуск аўтарскіх чытанняў пад музыку выйдзе ў эфір 6 верасня ў 09.05. Слухачы пачуюць апавяданні «Пітомнік» і «Мама».

Загаловак у газеце: «Сюжэт для вечнасці» з першых вуснаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.