Вы тут

І будуць ісці дажджы... 12 кастрычніка памёр Юрка Голуб


Не стала сярод нас, жывых, вялікага беларускага паэта, які сціпла і годна жыў і працаваў у Гродне, не стала мастацкага летапісца і творцы з планетарным паэтычным мысленнем... 12 кастрычніка памёр Юрка ГОЛУБ.


Светлы чалавек, з усмешкай на твары, якая, здавалася, прысутнічала ў яго заўсёды, ён быў здольны з вышыні свайго таленту аглядаць усе часы, быў здольны ахапіць усю Айчыну і яе клопаты. Калі сёння кажуць, што нашы дзесяцігоддзі — не час для паэзіі, то я веру, што вялікую, сапраўдную паэзію, шчырае яе ўспрыманне чытацкай грамадою вернуць якраз вершы Юркі Голуба і роўных, блізкіх яму паэтаў.

Неяк так склалася, што ў якасці мастацкага сімвала, архетыпу, вобраза паэт часта выкарыстоўваў дождж і ўсе словы, што яго характарызуюць. Першая кніга (выдадзеная ў 1969-м, калі паэту, пэўна, яшчэ не было і 22 гадоў) — «Гром на зялёнае поле». Другі зборнік — праз шэсць гадоў — «Дрэва навальніцы». А былі ж яшчэ: «Сын небасхілу», «Поруч з дажджом»...

Гродзенскі літаратуразнавец, чалавек высокай мастацкай культуры, кандыдат філалагічных навук Аляксей ПЯТКЕВІЧ так сказаў пра паэзію Юркі
Голуба: «...вершам паэта ўласцівы вострае адчуванне драматызму сучаснасці, шчодрасць душэўнага самавыяўлення, валоданне сваім творчым голасам, непаўторнай манерай пісьма, якая вызначаецца лаканічнасцю, багатай асацыятыўнасцю, яркай метафарычнасцю, натуральнасцю рытміка-інтанацыйнага прамаўлення».

Родам Юрка Голуб з Гродзеншчыны, з вёскі Горна, што ў Зэльвенскім раёне. Паўвека яго жыцця прайшло ў Гародні, Гродне. Працаваў на тэлебачанні, у абласной газеце «Гродзенская праўда». Выдаў некалькі нумароў рэгіянальнага літаратурнага часопіса «Галасы».

У асобе Юркі Голуба прыкметная яшчэ і наступная акалічнасць — ён з тых мастакоў слова, чыя прысутнасць, творчая дзейнасць у тым ці іншым рэгіёне бачыцца знакавай, шматзначнай. Менавіта дзякуючы ў многім асобе Юркі Голуба Гродна лічыцца літаратурным цэнтрам, які поўніцца рознымі мастацкімі фарбамі.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.