Вы тут

Супадзенне саюзніцкіх інтарэсаў


У апошняй дэкадзе лістапада ў Мінску пераважала тэматыка беларуска-расійскага супрацоўніцтва


Фота БЕЛТА

У прыватнасці, у тыя дні Прэзідэнт Беларусі прымаў міністра замежных спраў Расіі. Хатя асноўнай мэтай прыезду Сяргея Лаўрова ў Мінск быў удзел у сумесным пасяджэнні калегій МЗС Беларусі і Расіі. Але як гэта часта бывае з візітамі такога ўзроўню, інфармацыйную прастору тут жа апанавалі розныя здагадкі. З нагоды гэтага Аляксандр Лукашэнка выказаўся прынцыпова і выразна — абедзвум краінам нікуды не падзецца ад блізкіх і цесных адносін:

— Нам трэба, можа быць, не пра нейкую перазагрузку казаць, але пра ўзмацненне, інтэнсіфікацыю нашых адносін… Я хачу, каб вы разумелі і ведалі, што мы да гэтага гатовыя.

Сяргея Лаўрова па праву называюць карыфеем расійскай дыпламатыі. І сустрэчы з ім, як адзначыў Прэзідэнт Беларусі, заўсёды прадуктыўныя. Перш за ўсё гэта добрая магчымасць «зверыць гадзіннікі» ў знешняй палітыцы.

— Усё ж такі вам даводзіцца больш круціцца на міжнароднай арэне — у гэтым шалёным свеце, і ваша пазіцыя, пункт гледжання для нас вельмі актуальныя і пазнавальныя, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Вядома ж, у парадку дня былі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва. Сустрэча паказала, што і Беларусь, і Расія праяўляюць узаемнае імкненне да ўмацавання саюзных адносін. Ва ўсялякім выпадку, Аляксандр Лукашэнка ў пацвярджэнне гэтага, звяртаючыся да расійскага міністра, заявіў наступнае:

— Мы б хацелі мець не проста добрасуседскія адносіны, мы хацелі б мець вельмі блізкія, брацкія адносіны з Расійскай Федэрацыяй. Я нічога новага не сказаў. Я заўсёды пра гэта казаў. Проста не заўсёды, слухаючы мяне, хацелі гэта падкрэсліваць і паўтараць, асабліва ў Расіі. Магчыма, камусьці гэта было нявыгадна, але час паказаў, што нам нікуды не дзецца ад вельмі цесных і сяброўскіх адносін.

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што менавіта такім адносінам сёння аддае перавагу і кіраўніцтва Расіі. Калі меркаваць па зваротным слове Сяргея Лаўрова, так яно і ёсць. Першай справай міністр перадаў Аляксандру Лукашэнку прывітанне ад Уладзіміра Пуціна:

— Ён пацвердзіў усё, пра што вы дамовіліся з ім раней, асабліва ў Сочы. У нас цалкам супадае зацікаўленасць ва ўмацаванні адносін. Можна па-рознаму называць, але ў нас тая ж самая мэта: прасоўвацца да ўзаемнай выгады нашых народаў, краін і Саюзнай дзяржавы.

Сяргей Лаўроў нагадаў, што Аляксандр Лукашэнка выступіў з шэрагам важных для беларускага грамадства ініцыятыў і кіраўніцтва Расіі зацікаўленае ў тым, каб «гэтыя ініцыятывы адбыліся»:

— Калі нешта можам зрабіць у іх падтрымку — мы заўсёды адкрытыя для гэтага.

У цэнтры ўвагі падчас сустрэчы, несумненна, была і міжнародная праблематыка. У прыватнасці, Прэзідэнт Беларусі пазітыўна ацаніў дзеянні і ролю Расіі ва ўрэгуляванні канфлікту паміж Арменіяй і Азербайджанам у Нагорным Карабаху:

— Вы проста малайцы. Ясна, што без выдаткаў не бывае — і крытыка будзе, і ўсё будзе. Але тое, што шмат у чым дзякуючы Расіі спынілася гэтая бойня, што там не гінуць людзі і што ў прынцыпе, хоць і на пачатку шляху знаходзімся, пачалі гэты доўгі шлях да нармалізацыі адносін на Каўказе, гэта вельмі пазітыўны і добры знак.

Аляксандр Лукашэнка распавёў, што першапачаткова вельмі глыбока быў пагружаны ў гэтыя праблемы, не раз абмяркоўваў іх з лідарамі Расіі, Арменіі і Азербайджана і вельмі задаволены, што гэты крызіс вырашыўся так, як бакі дамаўляліся на сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу.

Разам з тым, Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу суразмоўцы на тое, што выклікаў і канфліктаў у сучасным свеце вельмі шмат:

— І вы павінны ведаць, што мы заўсёды гатовыя прайсці свой шлях (калі Расія пажадае таго) побач з Расіяй, пераадольваючы гэтыя праблемы, пачынаючы ад пандэміі і заканчваючы рознага роду прэтэнзіямі, перш за ўсё Злучаных Штатаў Амерыкі, на аднаасобнае панаванне ў свеце. Мы гэта ніколі не віталі і вітаць не будзем.

Пазней аб гэтых выкліках у гутарцы з журналістамі згадае і Сяргей Лаўроў. У прыватнасці, дыпламат падкрэсліў відавочнасць спроб ўмяшання ва ўнутраную палітыку з боку заходніх партнёраў:

— Мы бачым, прама скажам, варожае стаўленне і да Расіі, і да Беларусі. Бачым спробы актыўна ўплываць на ўнутраныя працэсы ў нашых краінах. Уласна кажучы, заходнія лідары гэтага асабліва і не хаваюць. Прымаюцца дакументы «аб прасоўванні дэмакратыі», такі ўжо ёсць па Расіі. Цяпер такі ж дакумент у кангрэсе ЗША па Рэспубліцы Беларусь.

Зрэшты, сказаў кіраўнік МЗС РФ, гэтую сітуацыю «мы ўспрымаем спакойна»:

— У нас ёсць Саюзная дзяржава, нам ёсць чым абараняць сябе, як абараніць сваю незалежнасць. Гэта агульная пазіцыя нашых прэзідэнтаў і ўрадаў.

Сяргей Лаўроў таксама распавёў, што ў ходзе сустрэчы быў у чарговы раз пацверджаны курс на ўмацаванне двухбаковых саюзніцкіх сувязяў ва ўсіх абласцях. Гаворка ішла і аб знешнепалітычным супрацоўніцтве, рэалізацыі праграмы сумесных знешнепалітычных дзеянняў на 2020–2021 гады. Казалі таксама аб дзейнасці Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы і будучым старшынстве Беларусі ў СНД.

Сведчаць факты

У 2019 годзе таваразварот паміж Беларуссю і Расіяй склаў 35,5 млрд долараў. Па выніках дзевяці месяцаў 2020 года ўзаемны гандаль некалькі скараціўся за кошт паліўна-энергетычнай прадукцыі (мінус 3,1 млрд долараў). На долю Расіі сёння прыпадае каля 48 працэнтаў вартаснага аб’ёму беларускага знешняга гандлю таварамі. Акрамя таго, у 2019‑м на долю Расіі прыпадала 4,5 млрд долараў, або 45,1 працэнта ад агульнага аб’ёму прыцягнутых у Беларусь замежных інвестыцый. Удзельная вага прамых інвестыцый з Расійскай Федэрацыі ў агульным аб’ёме прыцягнутых прамых інвестыцый склала амаль 40 працэнтаў.

Аляксандр Піменаў

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.