Вы тут

​Што яднала і адрознівала Шамякіна і Мележа


У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры 8 лютага 2021 года адкрылася літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...», прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа.


Гэтыя пісьменнікі маюць шмат агульнага. Абодва нарадзіліся на Палессі, абодва сталі народнымі пісьменнікамі і класікамі яшчэ пры жыцці... Якраз пра тое, што аб'ядноўвае двух выдатных майстроў слова, і расказвае новая экспазіцыя ў музеі гісторыі беларускай літаратуры.

— Наша выстаўка называецца «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...», гэтак жа называецца раздзел эсэ «Зямля пад белымі крыламі» Уладзіміра Караткевіча. У аснову часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі пакладзены ўспаміны Івана Пятровіча Шамякіна «Палёт над Палессем», прысвечаныя Івану Мележу. Яны надрукаваныя ў кнізе «Карэнні і галіны» ў 1986 годзе. Прачытаўшы іх, мы вырашылі, што цікава было б паказаць кожнага з юбіляраў як асобу, як чалавека, іх адносіны да калег-пісьменнікаў, да крытыкі сваіх твораў, і тым самым даць магчымасць зразумець, чым яны падобныя, а ў чым адрозніваюцца, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік навукова-экспазіцыйнага аддзела Паліна Таўген. — Выстаўкі, прысвечаныя Івану Шамякіну, у нас неаднойчы ладзіліся, таму і матэрыялаў назбіралася. Складаней было з тым, каб болей даведацца пра Івана Мележа, таму што яго архіва ў нас няма. А тыя матэрыялы, якія маем, трапілі да нас з архівамі іншых пісьменнікаў. Таму ў нас ёсць кнігі з аўтографамі, фотаздымкі, ліст Івана Паўлавіча пра выхад кнігі Васіля Быкава «Трэцяя ракета», дзе Мележ адзначае значнасць гэтага твора. Але цікава даведацца пра тое, як Іван Мележ і Іван Шамякін пазнаёміліся, калі пасябравалі, сталі суседзямі па кватэрах, па дачах. І вельмі часта ў іх адбываліся цёплыя гутаркі, калі абмяркоўвалі літаратуру альбо нешта побытавае. У многім, вядома, іх погляды розніліся, напрыклад у тым, што датычылася грамадскай дзейнасці. Цікавыя ўспаміны, хоць пісаліся яны ўжо пасля таго, як Івана Мележа не стала. Адчуванне, быццам Іван Шамякін падбіраў кожнае слова, каб не пакрыўдзіць памяць свайго сябра і калегі.
І гэта дарагога варта.

Выстаўка будзе дзейнічаць да 16 жніўня бягучага года. Дарэчы, наведаць яе да пачатку сакавіка можна па ўмовах акцыі «Музей і тэатр побач», якую распачалі Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры і Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача. Па яе ўмовах, наведаўшы з 3 лютага да 28 лютага 2021 года Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача, вы атрымліваеце купон на 50 %-ную зніжку на наведванне пастаяннай і часовых экспазіцый Музея гісторыі беларускай літаратуры да 10 сакавіка 2021 года. На экскурсійнае абслугоўванне зніжка не распаўсюджваецца.

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Творцы аднаго часу і адной зямлі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.