Вы тут

Віктар Хрэнін: Беларусь гатовая ўносіць свой уклад у папярэджанне любых канфліктаў


Аб гэтым падчас lX Маскоўскай канферэнцыі па міжнароднай бяспецы заявіў міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар ХРЭНІН. Выступаючы з дакладам падчас пленарнага пасяджэння, кіраўнік абароннага ведамства нашай краіны прадставіў погляды Беларусі на глабальныя пагрозы бяспецы ў сучасным свеце.


— Сёння ідзе глабальная проксі-вайна за будучую мадэль светаўладкавання паміж транснацыянальнымі і нацыянальнымі элітамі, — адзначыў Віктар Хрэнін. — Мэта першых — звергнуць нацыянальныя ўрады, сцерці дзяржаўныя граніцы паміж краінамі. Найлепшым сродкам для гэтага, на іх думку, з'яўляецца «стратэгія кіруемага хаосу». Менавіта ў яе межах прымяняюцца сучасныя канцэпцыі «каляровых рэвалюцый» і «гібрыдных войнаў». На стварэнне кіруемага хаосу «працуе» і ўсепланетная пандэмія каранавіруса. Ствараюцца ўмовы, каб у рукатворным хаосе разбурыць дзяржавы і захапіць іх нацыянальныя багацці.

Як падкрэсліў міністр абароны, беларускі народ таксама быў уцягнуты ў гэты «глабальны хаос», не разумеючы яго сапраўдных мэт і прызначэння. «З вялікай верагоднасцю можна прагназаваць абвастрэнне барацьбы ў посткаранавірусны перыяд, — лічыць генерал-лейтэнант. — «Ламаць» незалежныя дзяржавы працягваюць усімі магчымымі спосабамі. Супраць Беларусі выкарыстоўваецца інструментарый гібрыднай вайны. Галоўны ўдар прыходзіцца па эканоміцы і ўсім, што прыносіць грошы. Бітва ідзе за кантроль над фінансавымі патокамі. Эканамічныя санкцыі, пратэкцыянісцкія меры, нядобрасумленная канкурэнцыя — не грэбуюць нічым. Напрыклад, нядаўні выпадак з самалётам ірландскай кампаніі Ryanaіr: яго выкарысталі для зніжэння транзітнага патэнцыялу Беларусі, знішчэння беларускага авіяперавозчыка і сістэмы паветранай навігацыі».

Кіраўнік абароннага ведамства сфармуляваў беларускі погляд у адносінах да супрацьдзеяння негатыўным працэсам, адзначыўшы, што пазіцыя Беларусі ў гэтым пытанні нязменная.

Акрамя таго, у межах канферэнцыі запланаваны двухбаковыя сустрэчы міністра абароны з кіраўнікамі абаронных ведамстваў іншых дзяржаў, у ходзе якіх будуць абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. У форуме ўдзельнічаюць дэлегацыі ваенных ведамстваў са 109 дзяржаў, а таксама прадстаўнікі такіх міжнародных арганізацый, як СНД, АДКБ, ААН, АБСЕ, Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа, Лігі арабскіх дзяржаў.


Фота БелТА.

А тым часам у Мінску адкрылася 10-я Міжнародная выстаўка ўзбраення і ваеннай тэхнікі «MІLEX-2021», якая па сваім маштабе, складзе і ўзроўні ўдзельнікаў, інфраструктуры з'яўляецца адной з найбольш буйных ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. На выстаўцы дэманструецца звыш 300 узораў найноўшых відаў узбраенняў, ваеннай і спецыялізаванай тэхнікі ад Беларусі, 177 з іх прадстаўлены ўпершыню.

— MІLEX — гэта добра пазнавальны брэнд, які ўвасабляе інавацыйнасць і якасць беларускага абаронна-прамысловага комплексу, — заявіў на адкрыцці выстаўкі прэм'ер-міністр Беларусі Раман ГАЛОЎЧАНКА. — Нягледзячы на ўсе цяжкасці, арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб у чарговы раз сабраць у Мінску гэтае істотнае для нашай краіны і рэгіёна мерапрыемства, на якім збіраюцца сябры, партнёры, калегі. Тыя людзі, якія працуюць над вельмі важнай і патрэбнай справай — стварэннем, вытворчасцю сучасных узораў узбраення, ваеннай тэхнікі, якія стаяць на варце абароны і бяспекі не толькі нашай краіны, нашага стратэгічнага партнёра і саюзніка Расійскай Федэрацыі, а і цэлага шэрагу дзяржаў ва ўсіх рэгіёнах свету.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.