Вы тут

У свеце ўведзена больш за 6,5 мільярда доз вакцын супраць COVІD-19


Пра гэта расказала тэхнічны спецыяліст аддзела вакцынакіруемых захворванняў і імунізацыі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Людміла Мосіна. Гэтая кампанія па вакцынацыі стала беспрэцэдэнтнай і, магчыма, самай вялікай у свеце.


Фота: pixabay.com

Пасля таго як вакцыны супраць каранавіруса пачалі прымяняцца, праведзены і маюць вынікі 106 даследаванняў з 18 краін. Паводле іх, усе вакцыны, якія прымяняюцца сёння, падчас выніках клінічных выпрабаванняў паказалі эфектыўнасць, бяспеку, добра пераносіліся людзьмі, пасля іх не было выяўлена ніякіх цяжкіх праяў.

Эфектыўнасць вакцын падчас клінічных выпрабаванняў складала ад 90 да 100 %. Вакцыны пацвердзілі сваю эфектыўнасць і ў «палявых умовах».

— У рэальным жыцці вакцыны працуюць практычна гэтак жа, як і ў клінічных выпрабаваннях, — адзначыла Людміла Мосіна. — Гэтыя даныя актуальныя як у плане прадухілення смяротнасці, так і цяжкіх захворванняў. Велізарная колькасць даследаванняў была выканана ў розных краінах для розных вакцын. І ўсе даныя сведчаць аб тым, што тыя вакцыны, якія цяпер выкарыстоўваюцца, з'яўляюцца высокаэфектыўнымі ў прадухіленні цяжкіх выпадкаў захворванняў у рэальным жыцці.

Аднак вірус муціруе, лягчэй перадаецца, з'яўляюцца яго новыя штамы. Таму даследчыкаў цікавіла, ці застаюцца вакцыны эфектыўнымі. Такі агляд падрыхтаваў інстытут імя Роберта Коха (Германія). У прыватнасці, па штаме «дэльта» эфектыўнасць вакцын супраць шпіталізацый складае 91 %, у папярэджанні захваральнасці любой формы цяжару — 75 %, у папярэджанні інфекцыі варыянта «дэльта» — 63 %. Імунітэт захоўваецца на працягу шасці месяцаў пасля прышчэпак МРНК-вакцынамі і васьмі месяцаў — вектарнай вакцынай Johnson&Johnson.

Пры гэтым Людміла Мосіна падкрэсліла, што падлік антыцел — не адзіны спосаб ацэнкі імунітэту і іх змяншэнне не заўсёды сведчыць пра зніжэнне імунітэту. І Сусветная арганізацыя аховы здароўя пакуль не рэкамендуе ўводзіць бустарныя дозы.

— СААЗ рэкамендуе ўвядзенне дадатковай дозы вакцыны ў рамках першаснай серыі толькі людзям з аслабленым імунітэтам, — падкрэсліла эксперт.

У прыярытэце для вакцынацыі — асобы пажылога ўзросту, людзі з хранічнымі захворваннямі. Паказаннем з'яўляецца і цяжарнасць. Цяпер узровень вакцынацыі цяжарных супраць COVІD-19 недастатковы ва ўсім свеце, сказала Людміла Мосіна. Цяжарныя не былі ўключаны ў першапачатковыя клінічныя выпрабаванні, якія праводзіліся для вакцын супраць ковіду. Таму першапачаткова СААЗ не рэкамендавала іх вакцынацыю.

— Аднак пасля пачатку пандэміі прайшоў час, у нас назапасілася вялікая колькасць даных аб рызыцы COVІD-19 для цяжарных жанчын. Быў праведзены метааналіз даных 192 апублікаваных даследаванняў, і на падставе гэтых даных мы ведаем, што вельмі высокая рызыка развіцця цяжкіх формаў захворвання ў цяжарных жанчын, — адзначыла спецыяліст.

У цяжарнай больш чым у два разы вышэйшая рызыка таго, што яна будзе змешчана ў палату інтэнсіўнай тэрапіі, амаль у тры разы вышэйшая рызыка смерці і амаль у 2,5 раза вышэйшая рызыка таго, што спатрэбіцца штучная вентыляцыя лёгкіх. Больш за тое, ёсць даныя 42 даследаванняў сотняў цяжарных жанчын, што перанеслі ковід, якія распавялі аб негатыўных наступствах для плода. Устаноўлена, што рызыка заўчаснага нараджэння дзіцяці ў гэтым выпадку вышэйшая ў 1,8 раза, а рызыка таго, што дзецям спатрэбіцца інтэнсіўнае лячэнне, вышэйшая ў больш як 3,5 раза.

На аснове гэтых звестак СААЗ перагледзела рэкамендацыі да вакцынацыі. Цяпер яна рэкамендуе вакцынацыю цяжарных у краінах, дзе карысць ад вакцынацыі перавышае любыя патэнцыйныя рызыкі.

У Еўрапейскім рэгіёне высокі ахоп прышчэпкамі — першую дозу атрымалі 56 % насельніцтва, поўны курс вакцынацыі прайшлі 51 %. Аднак ёсць краіны, дзе прышчэплена менш за 20 % жыхароў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.