У Расіі і іншых суседніх краінах павялічваецца колькасць хворых на адзёр. Фіксуюць выпадкі хваробы і ў Беларусі. Пры гэтым некаторыя бацькі катэгарычна не жадаюць прышчапляць сваё дзіця ад гэтай небяспечнай інфекцыі.
У 2019 годзе Сусветная арганізацыя аховы здароўя прызнала сумненне ў вакцынацыі адной з 10 глабальных пагроз чалавецтву. Праціўнікі прышчэпак вельмі актыўныя ў сетцы — яны ствараюць чаты, блогі і групы ў сацсетках, прасоўваюць свае ідэі на папулярных бацькоўскіх пляцоўках. Чым небяспечны вірус і як ад яго абараніцца, а таксама пра самыя распаўсюджаныя міфы аб вакцынацыі расказала ўрач-інфекцыяніст 22-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска Дар’я Петрачук.
— Дар’я Ігараўна, чаму адзёр лічыцца небяспечнай інфекцыяй? Як ім можна заразіцца?
— Гэта інфекцыйнае захворванне, якое выклікае вірус адру. Крыніца інфекцыі — толькі хворы чалавек. Перадаецца вірус паветрана-кропельным шляхам, а вылучаецца ён у навакольнае асяроддзе падчас кашлю ці чхання. Пры гэтым вірус хутка гіне ў навакольным асяроддзі і заразіцца праз прадметы або трэціх асоб, якія кантактавалі з хворым, практычна немагчыма.
Аднак вірус адру вельмі лятучы. З патокам паветра ён можа трапляць у суседнія памяшканні і нават на іншыя паверхі будынка праз вокны, вентыляцыю, замочныя шчыліны, таму інфіцыравацца можна, проста знаходзячыся ў адным доме з хворым.
Успрымальнасць да віруса адру складае 95-96%. З усіх інфекцый у яго самы высокі базавы рэпрадуктыўны лік — 12–18. Ён паказвае тую колькасць чалавек, якіх можа заразіць вакол сябе адзін хворы. Напрыклад, для грыпу яна роўна 1-2, для COVІD-19 — каля 4. Чым вышэйшы базавы рэпрадуктыўны лік, тым вышэйшы павінен быць узровень калектыўнага імунітэту. Для адру ён мусіць складаць 92-94%.
— Якія праявы адру?
— Інкубацыйны перыяд складае 8–14 дзён, рэдка — да 17 дзён. Гэта той перыяд, калі вірус ужо ў арганізме, але клінічных праяў інфекцыі няма, у апошнія дні інкубацыйнага перыяду чалавек становіцца заразным. Затым вылучаюць прадрамальны (пачатковы) перыяд, калі сімптомы падобныя на звычайную ВРІ. Гэта і сухі кашаль, насмарк, чханне, асіпласць голасу, галаўны боль, тэмпература, боль у горле. Хворы яшчэ не ведае свой дыягназ, а распаўсюджванне інфекцыі ідзе вельмі хутка.
Ёсць і спецыфічныя сімптомы, дзякуючы якім урач можа выказаць здагадку аб правільным дыягназе. Гэта адровая энантэма, плямы Бельскага — Філатава — Копліка, ацёк павекаў і пачырваненне кан’юнктывы, святлабоязь. На 4-5-ы дзень хваробы з’яўляецца адровы сып, які характарызуецца этапнасцю высыпання: спачатку на твары, шыі, за вушамі, на наступны дзень — на тулаве, і на 3-і дзень высыпанні пакрываюць разгінальныя паверхні рук і ног, уключаючы пальцы.
Больш за 30% хворых на адзёр можа атрымаць ускладненні з боку органаў дыхання, сярод іх — ларынгіт, круп (стэноз гартані), бранхіт, першасная адровая пнеўманія, другасная бактэрыяльная пнеўманія. А таксама з боку іншых органаў і сістэм — страта слыху, слепата, энцэфаліт (ацёчнасць мозгу ), менінгіт. Вірус дзейнічае на імунітэт па тыпе «імуннай амнезіі» — няздольнасцю адэкватна рэагаваць на інфекцыю. Такія змены ў імунітэце захоўваюцца некалькі гадоў. Самае сур’ёзнае ўскладненне захворвання — гэта падвостры склеразавальны панэнцэфаліт, які можа сфарміравацца праз гады пасля інфекцыі. Дэбютуе ён з расстройстваў асобы і паводзін, затым з’яўляюцца прагрэсавальныя мышачна-танічныя, рухальныя, глядзельныя, кагнітыўныя парушэнні, параксізмальныя станы.
Супрацьвірусных прэпаратаў, якія змаглі б выкарыстоўвацца ў лячэнні адру, не існуе, толькі сімптаматычнае лячэнне. Таму вакцынацыя з’яўляецца адзіным спосабам аховы ад захворвання.
— Наколькі эфектыўная прышчэпка ад такой заразнай інфекцыі?
— Да ўвядзення масавай вакцынацыі ў Беларусі рэгістравалася 58 тысяч выпадкаў за год. З 1967 года пачалі руцінна прышчапляць ад адру, захворванне паступова стала зніжацца.
— Існуе шэраг міфаў аб вакцынацыі, хочацца пачуць ваша меркаванне наконт іх. Адзін з самых распаўсюджаных: вакцына можа выклікаць аўтызм…
— Рашэнне бацькоў адмовіцца ад прышчэпак часцей за ўсё звязваюць з апублікаваным у 1998 годзе даследаваннем брытанскага гастраэнтэролага Эндру Уэйкфілда, які выказаў меркаванне, што вакцына ад адру можа спрыяць развіццю ў дзяцей аўтызму. Артыкул праціўніка вакцынацыі апублікаваў аўтарытэтны медыцынскі часопіс Lancet. Дапушчэнні вучонага не знайшлі пацвярджэння, публікацыя была адклікана з часопіса, а сам Уэйкфілд выключаны з рэестра практыкуючых урачоў. Аднак яго няспраўджаная тэорыя да гэтага часу застаецца папулярнай у розных краінах.
— Яшчэ адно меркаванне супраць вакцынацыі — большасць захварэлых на адзёр была прышчэплена…
— Справа ў тым, што ні адна вакцына, ні адзін лекавы сродак не дасць стапрацэнтную абарону. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, прышчэпка абараняе ад захворвання на 85–95%. Кожны арганізм індывідуальны і рэагуе на вакцынацыю па-свойму. Сярод невакцынаваных узровень захворвання значна вышэйшы. Прышчэплены чалавек усё ж такі калі і захварэе, то рызыка ўзнікнення ў яго цяжкай формы хваробы, а тым больш смяротнага зыходу, будзе значна меншай, чым у непрышчэпленага.
— Наступны міф — змова фармацэўтычных гігантаў, зацікаўленых у продажы вакцын…
— У апошнія гады рынак вакцын сапраўды набірае абароты. І асноўныя фактары росту — пашырэнне праграм імунізацыі. Так, у некалькіх краінах была ліцэнзавана новая вакцына супраць страшнай хваробы — ліхаманкі Дэнге. Павялічваецца колькасць вакцын, якія знаходзяцца ў распрацоўцы на стадыі клінічных выпрабаванняў. Зрэшты, насамрэч зацікаўлены бок — гэта жыхары планеты, бо хварэць значна даражэй.
— Яшчэ адзін камень у агарод вакцын — быццам бы яны змяшчаюць небяспечныя таксіны…
— Бацькоў непакоіць утрыманне ў вакцынах такіх рэчываў, як фармальдэгід, ртуць, алюміній, антыбіётыкі. Гэтыя рэчывы ўваходзяць у склад вакцын для папярэджання іх бактэрыяльнага забруджвання, некаторыя з іх павышаюць эфектыўнасць прэпарата (так званыя «ад’юванты» — гідравокіс алюмінію) і гарантуюць іх бяспеку (фармальдэгід надзейна абясшкоджвае таксіны). Плюс доза гэтых хімічных злучэнняў у вакцыне настолькі малая, што не можа лічыцца таксічнай.
Паводле даных, у стандартнай вакцыне доза ртуці складае 25 мікраграмаў на 0,5 мл дозы. Столькі ж ртуці змяшчаецца ў 85-грамовай бляшанцы кансерваванага тунца. Прычым дадзеныя рэчывы не назапашваюцца ў арганізме і не аказваюць на яго негатыўнага ўплыву. Бяспека такіх дабавак даказана шматлікімі мультыцэнтравымі даследаваннямі і пацверджана вынікамі працяглага практычнага прымянення.
Дарэчы, у індыйскай вакцыне ад адру, паратыту, краснухі змяшчаецца толькі жэлацін, ён выступае ў якасці стабілізатара. Калі ў дзіцяці алергія на жэлацін, то вакцынацыя яму не супрацьпаказана. Харчовы жэлацін і жэлацін у вакцыне — не адно і тое ж. У фармвытворчасці выкарыстоўваецца жэлацін з высокай ступенню ачысткі, і яго колькасць у вакцыне зусім невялікая. У інструкцыі такога супрацьпаказання, як алергія на жэлацін, няма.
Ёсць станы, якія патрабуюць устрымацца ад вакцынацыі: камбінаваныя першасныя імунадэфіцыты, цяжарнасць, ВІЧ-інфекцыя ў стадыі цяжкага імунадэфіцыту, проціпухліннае лячэнне і іншая ятрагенная імунасупрэсія. Напрыклад, пасля трансплантацыі касцявога мозгу можна вакцынавацца не раней як праз год.
— Ёсць меркаванне, што дзіцячая імунная сістэма не здольная адрэагаваць на вакцыну…
— Дзеці развіваюць здольнасць рэагаваць на староннія антыгены (рэчывы, якія стымулююць імунную рэакцыю) яшчэ да свайго нараджэння. Праз лічаныя гадзіны пасля нараджэння, атрымаўшы прышчэпку, яна пачынае фарміраваць сваю абарону. Імунная сістэма дзіцяці бесперапынна працуе, рэагуючы на ўсё навакольнае.
— Наступны памылковы погляд — жывая вакцына ад адру здольная выклікаць захворванне…
— Жывыя вакцыны часам могуць выклікаць сімптомы, падобныя да захворвання. Сам жа інфекцыйны працэс не разаўецца. Наогул, любая вакцына праходзіць сур’ёзную праверку ў рамках некалькіх этапаў выпрабаванняў і толькі пасля гэтага прызнаецца прыдатнай да выкарыстання. Пасля вываду вакцын на рынак яны рэгулярна становяццааб’ектамі паўторных праверак. Навукоўцы таксама ўвесь час адсочваюць мноства крыніц інфармацыі на прадмет выяўлення звестак аб магчымасцях неспрыяльных праяў пасля вакцынацыі. Значна вышэй верагоднасць сур’ёзна пацярпець ад хваробы, якая папярэджваецца вакцынацыяй, чым ад самой вакцыны.
— І апошні распаўсюджаны міф: у Беларусі ніхто не хварэе на адзёр — навошта прышчапляцца?
— У нас у краіне гэтак жа рэгіструюцца выпадкі адру па прычыне міграцыйных працэсаў. Планавая вакцынацыя робіцца дзецям двухразова (у 12 месяцаў і 6 гадоў) з выкарыстаннем камбінаванай вакцыны ад адру, эпідэміялагічнага паратыту, краснухі. Цяпер прышчапляем не звыклай нам бельгійскай вакцынай, а індыйскай. Гэта жывая камбінаваная вакцына вытворчасці Serum Іnstіtute of Іndіa Ltd — не навінка на рынку вакцын. Выпускаецца яна з 1993 года і прымяняецца ў звыш 70 краінах свету. Большасць дзяцей у свеце прышчэплена менавіта гэтай вакцынай.
Ужо на этапе рэгістрацыі было выяўлена, што гэтая вакцына дае выдатную абарону і цудоўна пераносіцца. Досвед назапашаны за больш чым 30 гадоў. У цэлым, Serum Іnstіtute of Іndіa Ltd — адзін з найбуйнейшых вытворцаў вакцын у свеце. Гэтак жа магчыма правядзенне вакцынацыі па эпідэміялагічных паказаннях — на працягу 72 гадзін з моманту кантакту з пацыентам з дыягназам, які не выключае адзёр. Вакцына камбінуецца з любымі іншымі вакцынамі.
Дарэчы, СААЗ упершыню ўключыла свядомую адмову ад вакцынацыі ў лік 10 глабальных пагроз чалавечаму здароўю нараўне з забруджваннем паветра, ВІЧ, ліхаманкай Эбола і такімі неінфекцыйнымі захворваннямі, як рак.
Алена КРАВЕЦ
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.