Вы тут

Весткі навукі: Кветкі, асаблівасці асінага жала, беспілотны кантэйнеравоз


Выяўлены букеты старажытных кветак

Археолагі знайшлі іх, узростам ад 1800 да 2000 гадоў, у разбураным мексіканскім горадзе Цеаціуакане. Пра гэта паведаміла газета The Daіly Maіl.


Старажытныя артэфакты былі знойдзены на глыбіні 18 метраў пад храмам, прысвечаным Кетцалькаатлю (ён жа «Птушыны змей») — аднаму з важных багоў часоў старажытнай Мезаамерыкі, у гістарычным рэгіёне, які ўключаў у сябе цэнтральную Мексіку і паўночную Коста-Рыку. На думку спецыялістаў, расліны маглі з'яўляцца дарамі богу. Мясцовыя жыхары верылі, што гэтае бажаство падаравала чалавецтву кукурузу, а таксама ўдзельнічала ў стварэнні людзей.

Як адзначыў археолаг Нацыянальнага інстытута антрапалогіі і гісторыі (Мексіка) Серхіа Гомес, сцёблы раслін выдатна захаваліся. Усяго спецыялісты знайшлі чатыры букеты ў добрым стане. Яны звязаныя вяроўкамі, зробленымі, верагодна, з бавоўны. Гомес назваў знаходку вельмі важнай, паколькі яна даказвае, што на гэтым месцы праводзіліся рытуалы.

Археолаг адзначыў, што цяпер яму разам з калегамі трэба будзе ўстанавіць, хто менавіта рабіў гэтыя дары.

Каманда навукоўцаў амаль 12 гадоў працуе ў Цеаціуакане. Яны прасейваюць старажытную глебу, вывучаюць скалы, піраміды і руіны палацаў, каб знайсці падказкі аб тым, хто некалі жыў у гэтым раёне. На думку спецыялістаў, горад быў пабудаваны ў 100-м годзе да нашай эры і існаваў да восьмага стагоддзя. На піку развіцця, як мяркуюць навукоўцы, яго насяляла каля 200 тысяч чалавек.


З-за глабальнага пацяплення «абудзяцца» вірусы?

Яно і раставанне вечнай мерзлаты могуць прывесці да «абуджэння» нечаканых вірусаў. Пра гэта заявіў лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Рае Квон Чунг.

Паводле яго слоў, раставанне льдоў у тайзе і тундры Сібіры прывядзе да таго, што старажытныя хваробы і вірусы гэтага рэгіёна могуць зноў «прачнуцца».

«Нельга прадбачыць, які вірус з існых ў дагістарычную эпоху ці сотні тысяч гадоў таму можа з'явіцца зноў. Яны вяртаюцца. Я ўпэўнены, што існуюць самыя розныя віды вірусаў, з якімі мы ніколі раней не сутыкаліся», — прыводзіць «РІА Навіны» словы вучонага.

Ён дадаў, што чалавецтва павінна быць гатовае да такіх выклікаў і хутка рэагаваць на іх.


Асаблівасць асінага жытла: яно... свеціцца

Такі незвычайны прыклад біяфлюарэсцэнцыі сустрэўся навукоўцам-энтамолагам з Сарбоны ў трапічных лясах на поўначы В'етнама, піша N+1 са спасылкай на апублікаваны ў Journal of The Royal Socіety Іnterface артыкул.

Гнёзды, якія свяціліся ў адказ на ультрафіялетавае выпраменьванне, аказаліся прыналежнымі да чатырох мясцовых відаў вос з роду Polіstes, адзін з якіх пакуль неапазнаны. Паўпразрыстыя накрыўкі сотаў выпускаюць моцнае зеленавата-жоўтае свячэнне. У прыродзе такое ззянне можна заўважыць няўзброеным вокам на адлегласці 5-20 метраў.

Акрамя таго, свячэнне, — аднак у гэтым выпадку ззянне, — выявілася таксама ў гнёздаў яшчэ двух відаў вос, знойдзеных у Французскай Гвіяне і на поўдні Францыі.

Дарослыя асобіны вос робяць накрыўкі сваіх сот з валокнаў шоўку і бялкоў, і менавіта нейкія з гэтых бялкоў, як лічаць навукоўцы, «адказваюць» за свячэнне.

Пры гэтым пакуль незразумела, для чаго казуркам такая біяфлюарэсцэнцыя ў гнёздах. Яны здольныя бачыць выпусканае ззянне, і навукоўцы мяркуюць, што, магчыма, накрыўкі сот служаць маякамі для асобін, якія ляцяць дадому ў вячэрнім змроку на іх ззянне.

У той жа час існуе меркаванне, што такая асаблівасць засцерагае лічынак у сотах ад небяспечнага ўздзеяння ўльтрафіялету, да якога яны ўразлівыя падчас метамарфозу, а таксама дапамагае рэгуляваць іх развіццё.


Запусцяць першы беспілотны кантэйнеравоз

У будучыні ўсе аперацыі па загрузцы і разгрузцы судна плануецца таксама даверыць аўтаномным тэхналогіям. У Нарвегіі да канца 2021 года збіраюцца адправіць у першы рэйс аўтаномнае электрычнае грузавое судна Yara Bіrkeland. Як паведамляе CNN, на борце не будзе экіпажа, а за перамяшчэннем будуць сачыць тры берагавыя цэнтры кіравання.

Плануецца, што Yara Bіrkeland здзейсніць сваё першае падарожжа паміж двума нарвежскімі гарадамі — даставіць груз з горада Хероя ў Брэвік ужо сёлета.

Судна распрацоўвала нарвежская кампанія Yara Іnternatіonal — адзін з найбуйнейшых у свеце пастаўшчыкоў мінеральных угнаенняў. Пры яго стварэнні кампанія кіравалася ідэяй скарачэння шкодных выкідаў падчас перамяшчэння грузаў. Па даных Міжнароднай марской арганізацыі, на долю суднаходства ў цяперашні час прыпадае ад 2,5 працэнта да 3 працэнтаў сусветных выкідаў парніковых газаў.

Распрацоўка пачалася ў 2017 годзе, а першыя выпрабаванні планавалі правесці ў 2020-м. Аднак пандэмія COVІD-19 у спалучэнні з лагістычнымі праблемамі затрымала запуск.

Адзначаецца, што Yara Bіrkeland здольнае перавозіць 103 кантэйнеры і развіваць максімальную хуткасць у 13 вузлоў. Кантэйнеравоз будзе выкарыстоўваць акумулятар ёмістасцю 7 МВтг, што «прыкладна ў тысячу разоў больш, чым у аднаго электрамабіля», па словах Ёна Слетэна, кіраўніка завода Yara ў Порсгруне.

Першапачаткова для загрузкі і разгрузкі судна спатрэбяцца людзі, аднак, як сцвярджае Слетэн, усе аперацыі ў будучыні будуць выконвацца з выкарыстаннем аўтаномных тэхналогій.

Гэта не першае ў свеце аўтаномнае судна, паколькі ў 2018 годзе ў Фінляндыі ўжо спускалі на ваду аўтаномны паром. Аднак стваральнікі называюць Yara Bіrkeland першым цалкам электрычным кантэйнеравозам. Пры гэтым у снежні 2019 года свой першы выпрабавальны рэйс здзейсніла кітайскае аўтаномнае электрычнае грузавое судна «Цзіньдоўюнь 0 Хао», абагнаўшы Yara Bіrkeland у сусветным першынстве.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.