Вы тут

Сувязь паміж снежным чалавекам і мядзведзямі, а таксама «продак» піцы з Пампеяў


З метэарытнага жалеза

У Швейцарыі падчас раскопак знайшлі наканечнік стралы з бронзавага веку (з 800 па 900 гг. да н. э.) з метэарытнага жалеза.

У часопісе Journal of Archaeological Science апублікавалі вынікі адпаведных раскопак, якія праводзіліся пад кіраўніцтвам геолага Беды Хофман з Музея натуральнай гісторыі Берна і Бернскага ўніверсітэта. Навукоўцы мяркуюць, што знойдзены наканечнік маглі прывезці гандляры з тэрыторыі сучаснай Эстоніі.

Паведамляецца, што даўжыня наканечніка — 39,3 міліметра, а вага — 2,904 грама. Створаны ён са сплаву жалеза, нікеля і алюмінія-26 (радыеактыўны ізатоп алюмінія, які ўтвараецца толькі ў касмічным асяроддзі).

Даследчыкі мяркуюць, што наканечнік вырабілі з метэарыта класа IAB. Хутчэй за ўсё гаворка ідзе пра Кааліярва з Эстоніі. Лічыцца, што ён упаў прыкладна ў 1500 г. да н. э. і раскідаў мноства фрагментаў.


«Продак» піцы з Пампеяў – выява стравы, падобная на сучасную 

На адной з нядаўна адкрытых фрэсак у старажытнарымскім горадзе Пампеі археолагі ўбачылі выяву стравы, падобную на сучасную піцу. Аб гэтым са спасылкай на агенцтва ANSA паведамляе ТАСС.

Фрэску выявілі падчас нядаўніх раскопак горада, які загінуў у выніку вывяржэння вулкана Везувій у 79 годзе н. э. На нацюрморце можна ўбачыць дастаткова тыповыя выявы садавіны, у тым ліку гранатаў і фінікаў, але акрамя іх даследчыкі разгледзелі і плоскую круглую аладку, якая нагадвае піцу. Агульная кампазіцыя фрэскі цалкам характэрная для Пампеяў. На нацюрморце таксама ёсць кубак з віном на срэбным падносе, такі жанр малюнкаў узыходзіць да грэцкай традыцыі III–I стагоддзяў да н. э. Усяго археолагам вядома аб трох сотнях падобных фрэсак у Пампеях.

«Аладка» на малюнку можа быць продкам піцы. Навукоўцы ўдакладняюць, што наўрад ці гэтую страву, выпечаную ў I стагоддзі н. э., можна назваць піцай у вядомым нам сэнсе слова, паколькі тады не выкарыстоўваліся яе асноўныя інгрэдыенты — памідоры і мацарэла. Аднак гэтая знаходка даказвае, што ў Старажытным Рыме ўжо існаваў прататып піцы. Па адной з навуковых версій, рэцэпт мог прыйсці ў Старажытны Рым з Кітая, аднак лічыцца, што сучасную піцу прыдумалі ў XIX стагоддзі ў Неапалі.


Хваробы сельгасраслін — па фота

Навукоўцы з Аб’яднанага інстытута ядзерных даследаванняў распрацавалі спецыяльную платформу, якая дазваляе вызначаць хваробы хатніх і сельскагаспадарчых раслін па фатаграфіі. Як сцвярджаюць аўтары, ім удалося дасягнуць 98 працэнтаў дакладнасці выяўлення захворвання, якое закранула агуркі, таматы, ружы, вінаград і вішню. Сэрвіс ужо сумяшчальны з дадаткам для смартфона на базе Android.

Для вызначэння хвароб хатніх і сельскагаспадарчых раслін былі выкарыстаны згортачныя нейронавыя сеткі, якія паўсюдна прымяняюцца для класіфікацыі малюнкаў. Апрацоўваючы запыт карыстальніка, алгарытм спачатку выкарыстоўвае агульную мадэль па хваробах і шкодніках, затым нейрасетка вызначае від расліны. Пры пэўных умовах карыстальнік атрымае яшчэ і прыватны прагноз.

«Пры выдачы выніку паказваюцца тры найбольш блізкія да загружанай выявы класы. У большасці выпадкаў усё гэта дазваляе правільна вызначыць хваробу і атрымаць рэкамендацыі па яе лячэнні», — распавёў суаўтар даследавання, вядучы праграміст лабараторыі Аляксандр Ужынскі.

Цяпер на сайце ёсць мадэлі для 19 сельскагаспадарчых і дэкаратыўных культур. Агульная мадэль для ўсіх відаў раслін распазнае 55 розных хвароб і шкоднікаў. У базе сабрана больш за 4 тысячы адлюстраванняў. Выкарыстоўваць інтэрфейс платформы могуць усё, ад аграхолдынгаў да пачаткоўцаў-садаводаў, для якіх немалаважнай будуць дадатковыя асаблівасці праграмы — рэкамендацыі па лячэнні раслін, верыфікаваныя прафесійнымі аграномамі.


Поза няўстойлівасці

Навуковец растлумачыў, чым пагражае скрыжаванне ног. Звычайна ёсць два спосабы сядзець, скрыжаваўшы ногі: адзін — скрыжаваць ногі ў каленях, а другі — у шчыкалатках. Але як бы ні было вам зручна сядзець, гэта шкодна для здароўя і паставы, піша Thе Соnvеrsаtіоn.

Сядзенне са скрыжаванымі нагамі можа павялічыць соступ сцёгнаў, пры гэтым адно з іх аказваецца вышэй за другое, сцвярджае прафесар і дырэктар Навучальнага цэнтра клінічнай анатоміі Ланкастарскага ўніверсітэта Адам Тэйлар. Паводле слоў вучонага, гэта змяняе хуткасць, з якой кроў рухаецца па крывяносных сасудах у ніжніх канечнасцях, што можа павялічыць рызыку ўтварэння тромбаў.

Большасць даследаванняў паказвае, што скрыжаванне ў каленях горшае, чым скрыжаванне ў зоне шчыкалатак. «Сапраўды, такое сядзенне можа выклікаць павышэнне крывянога ціску з-за назапашвання крыві ў венах. І гэта можа павялічыць рызыку пашкоджвання вашых крывяносных сасудаў», — тлумачыць навуковец.

Паводле яго слоў, чым даўжэй і часцей вы сядзіце са скрыжаванымі нагамі, тым большая верагоднасць таго, што ў вас будуць доўгачасовыя змены даўжыні мышцаў і размяшчэння касцей таза. Гэтыя парушэнні таксама могуць прывесці да соступу пазваночніка і плячэй.

«Становішча вашай галавы таксама патэнцыяльна можа стаць няправільным з-за змен у касцях шыі, паколькі пазваночнік кампенсуе гэта, утрымліваючы ваш цэнтр вагі над тазам», — папярэджвае навуковец. Працяглае сядзенне са скрыжаванымі нагамі павялічвае верагоднасць скаліёзу і іншых дэфармацый пазваночніка.

«Галоўная парада — не сядзець занадта доўга ў адным і тым жа становішчы і рэгулярна весці актыўны лад жыцця», — параіў спецыяліст.


Барыбал супраць еці

Барыбалаў (ці чорных мядзведзяў, Ursus аmеrісаnus) настолькі часта памылкова прымаюць за легендарнага снежнага чалавека, што паведамленні, быццам людзі бачылі еці, могуць дапамагчы навукоўцам вымяраць папуляцыю гэтых жывёл. Як піша Nеw Sсіеntіst, легенда аб двухногай малпападобнай істоце, багата пакрытай поўсцю — снежным чалавеку, або еці — існуе ўжо 1,5 стагоддзі. Шматлікія паведамленні пра тое, што нехта нібыта бачыў такую істоту, падмацоўваюцца сумніўнымі фотаматэрыяламі і іншымі «доказамі».

Асабліва трывала легенда замацавалася сярод людзей, якія жывуць у лясах на захадзе ЗША або побач з імі. Гэта заахвоціла даследчыка Флоу Фоксана з фірмы па аналізе дадзеных Ріnnеу Аssосіаtеs прасачыць, ці могуць людзі сапраўды блытаць са снежным чалавекам нейкую іншую жывёлу. Напрыклад, чорных мядзведзяў, якія ў асноўным перамяшчаюцца на ўсіх чатырох лапах, але могуць стаяць і хадзіць і на дзвюх задніх.

Выкарыстоўваючы статыстычную мадэль, Фоксан параўнаў звесткі аб колькасці чорных мядзведзяў у штатах ЗША і правінцыях Канады з колькасцю паведамленняў аб назіраннях снежнага чалавека ў гэтых рэгіёнах. І вучоны такі знайшоў сувязь паміж імі. Даследаванне паказала, што на кожныя 900 мядзведзяў у папуляцыі з вызначанага раёна даводзіцца адно назіранне снежнага чалавека.

Фоксан лічыць: колькасць назіранняў снежнага чалавека ў раёне можа дапамагчы даследчыкам сачыць за папуляцыямі чорных мядзведзяў. У той жа час навуковец не бярэцца сцвярджаць, што легендарнай істоты не існуе. «Было б высакамерна казаць, што шанцаў няма наогул», — кажа Фоксан.

Снежны чалавек, або еці апісваецца як вялікі валасаты чалавек ці гіганцкая прамаходзячая малпа. Людзі, якія быццам бы сустракалі яго, кажуць, што ён адрозніваецца ад чалавека больш каржакаватым і мускулістым целаскладам, завостранай формай чэрапа, даўжэйшымі рукамі, кароткай шыяй і масіўнай ніжняй сківіцай. Яго цела пакрытае густым валасяным покрывам, а рост — ад сярэдняга чалавечага да трох метраў і больш.

Толькі ў кантынентальнай частцы Злучаных Штатаў зафіксавалі больш за 10 тысяч паведамленняў ад «сведкаў» еці, і большасць з іх была прызнаная памылковымі або містыфікацыямі (прычым нават навукоўцамі, якія вераць у магчымасць існавання еці). У ЗША ёсць некалькі арганізацый, якія даследуюць выпадкі меркаванага з’яўлення снежнага чалавека. Самая старая і найбуйнейшая з іх — Арганізацыя палявых даследчыкаў снежнага чалавека (BFRО).

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі? 

Культура

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

Сёлета музей Янкі Купалы адзначае юбілей

«Пласт роднай зямлі — п’едэстал для паэта...» 

Грамадства

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Ці забяспечваецца ахова грамадскага парадку на Мінскім моры?

Пра гэта даведаліся карэспандэнты «Звязды».

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.