Вы тут

У штаб-кватэры НАК адбылася канферэнцыя па спартыўнаму маркетынгу


Сучасны спорт выйшаў за межы стадыёнаў. Сёння гэта ўжо і палітыка, што вельмі сумна, і цэлая медыйная індустрыя, што вельмі цікава. Цяпер спартсменам мала быць моцнымі і паказваць здольнасці на спаборніцтвах. Іх поспехі становяцца агульным дасягненнем, якім варта правільна распараджацца. А ў складаны час, калі найлепшыя атлеты не могуць паказваць свае здольнасці на вядучых турнірах, гэта асабліва актуальна. Як не згубіць тое, што ўжо маецца, як развіваць спартыўны маркетынг у новых умовах, абмеркавалі на міжнароднай канферэнцыі па спартыўным маркетынгу. Мерапрыемства прайшло ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта.


Як падкрэсліў генеральны сакратар Беларускай федэрацыі гандбола Андрэй Балецкі, сёння неабходна абмяркоўваць і знаходзіць новыя тэндэнцыі ў спартыўным маркетынгу. Калі раней разам з беларускімі прадстаўнікамі можна было прыцягваць рэкламныя медыйныя прадукты партнёраў з Еўропы, то цяпер асноўная праца праводзіцца на беларускім рынку. «Ёсць шмат зацікаўленых партнёраў у рэкламе, гатовых удзельнічаць у спартыўных праектах. У гульнявых відах спорту не ўсе гатовы ўкладвацца ў манетызацыю ў сацсетках, аднак можна выкарыстоўваць магчымасці рэкламных партнёраў у якасці крос-піяру. Гэта дазволіць выходзіць на сваю мэтавую аўдыторыю і павышаць цікавасць да свайго віду спорту», — расказаў ён. Таксама Андрэй Балецкі падкрэсліў, што адзіная гандбольная ліга, якая зараз ствараецца паміж беларусамі і расіянамі, паспрыяе і ў маркетынгу.

Галоўным спікерам на канферэнцыі стаў кіруючы партнёр Newman Sport, сузаснавальнік Hot Sport, Іronstar і Rosa Run Уладзімір Валошын. Ён звярнуў увагу, што сёння спорт — гэта сацыяльная з'ява, якая дапамагае дзецям і дарослым атрымаць новыя эмоцыі, перазагрузіцца і добра сябе адчуваць. І спартыўны маркетынг у гэтым адыгрывае вялікую ролю, а яго сэрца, вядома ж, — самі спартсмены. «Кампетэнцыі, якімі валодаюць спартсмены, унікальныя. Людзям цяжка адчуць тое, што перажывае спартсмен, які імкнецца да алімпійскіх медалёў. І важна, каб атлеты гэтыя веды «пакавалі» і перадавалі будучым пакаленням, натхнялі іх. Кожны спартсмен нясе ў сабе ўнікальны вопыт, які можа быць цікавы шырокаму колу», — падкрэсліў Уладзімір Валошын.

Спецыяліст заўважыў, што сёння спорт канкурыруе з іншымі шматлікімі заняткамі. Па сутнасці, ён змагаецца за вельмі малую адзінку часу людзей, занятых іншымі справамі. І каб такая барацьба была эфектыўнай, неабходны асабісты брэнд спартсмена. Асабліва ён важны ў эпоху перамен — менавіта ў такі складаны час ён пачынае працаваць. «Я параўноваю прафесійных спартсменаў з багамі з Алімпа. Яны не так часта прыходзяць да людзей. Але калі спартсмен сустракаецца з дзецьмі ці дарослымі, то сам таго не разумеючы, зараджае аўдыторыю. І далей гэтыя дзеці бягуць у спартыўныя секцыі, бо памятаюць свой кантакт з чэмпіёнам. Вось яна, сіла асабістага брэнда. Спартсмены часам гэтага не разумеюць да канца. Хочацца ўсім спартсменам пажадаць працаваць над асабістым брэндам не толькі дзеля камерцыялізацыі, але і з пункту гледжання той карысці, якую яны нясуць людзям, і асабліва моладзі», — адзначыў Уладзімір Валошын.

У рэжыме анлайн у канферэнцыі ўдзельнічаў і прэзідэнт ММА — прамоўшэн BRAVE CF, памочнік прынца Бахрэйна Махамед Шахід. Ён падкрэсліў, што галоўная каштоўнасць яго арганізацыі — аб'яднанне народаў праз спорт. «Заклікаю ўсе іншыя арганізацыі прытрымлівацца гэтых прынцыпаў, заставацца разам, аб'ядноўвацца, а не раз'ядноўвацца і не заклікаць да канфліктаў праз спорт. Наша федэрацыя праводзіла спаборніцтвы ў Беларусі, і вашыя атлеты прымалі ўдзел і працягваюць выступаць у нашых спаборніцтвах. Мы верым у дух спорту, і новае пакаленне бачыць, якія каштоўнасці мы жадаем данесці ім», — падкрэсліў Махамед Шахід.

Барацьба ў духу Faіr Play, сяброўства паміж спартсменамі розных краін, абмен вопытам праз спорт карысныя не толькі для маркетынгу, але і для чалавечых адносін. А гэта куды важней за рэкламныя кантракты і рэйтынгі.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.