Вы тут

Рыжанкоў - пра развіццё юнацкага спорту: трэба быць у поўным узбраенні


Стартуе 25-ы сезон Дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі. Новы сезон пачаўся з падрыхтоўкі самых галоўных людзей у спорце — з трэнераў. На першы рэспубліканскі перадсезонны семінар па навучанні трэнераў сабраліся 135 настаўнікаў дзіцяча-юнацкіх каманд з усёй краіны. Тэарэтычная частка семінара прайшла ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта, а практычная — у спартыўнай зале Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры.


Удзельнікі семінара пазнаёміліся са зменамі ў афіцыйных правілах баскетбола ФІБА, абмеркавалі асаблівасці сілавой падрыхтоўкі баскетбалістаў. Важнымі тэмамі сталі супрацьдзеянне допінгу і аспекты спартыўнай псіхалогіі. Ключавым пытаннем семінара стала гульня 1×1, як асноўны момант у трэніроўцы баскетбалістаў. Затым усе атрыманыя веды трэнеры замацавалі над практыцы пад кіраўніцтвам трэнераў нацыянальнай каманды Расціслава Вяргуна і Аляксея Сухавецкага.

Старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў прызнаўся, што федэрацыя ганарыцца дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігай. Турнір з кожным годам развіваецца і прырастае, у мінулым годзе ў лізе ўдзельнічала 105 каманд, больш за 1700 удзельнікаў у розных узроставых катэгорыях. «Мы зразумелі, што гэты працэс трэба ўпарадкаваць і шчыльней заняцца судзейскім корпусам, трэнерскім корпусам і вырашылі правесці такі семінар, запрасіць на яго трэнераў з усёй краіны, для таго, каб адпрацаваць сучасныя методыкі падрыхтоўкі маладых спартсменаў. Былі адпрацаваны многія пытанні: тэхнічныя аспекты трэніровачнага працэсу, антыдопінгавыя стандарты, пытанні спартыўнай псіхалогіі, агульнафізічная падрыхтоўка. Мы пастараліся за гэтыя два дні даць трэнерам увесь комплекс пытанняў, якія ім патрэбны для падрыхтоўкі спартсменаў», — расказаў Максім Рыжанкоў. Па яго словах, вельмі важна, што маладыя спецыялісты сустрэліся з масцітымі калегамі, якія па 30-40 гадоў рыхтуюць спартсменаў. Семінар стаў добрай магчымасцю для трэнераў абмяняцца вопытам і сфарміроваць у краіне моцную баскетбольную супольнасць. 

Максім Рыжанкоў адзначыў, што трэнеры нацыянальных каманд з задавальненнем адгукнуліся на запрашэнне паўдзельнічаць у семінары. «Ім важна супрацоўнічаць з дзіцячымі трэнерамі, яны папаўняюць нацыянальную зборную. Яго прамы абавязак — дапамагаць росту новых талентаў. І дзіцячыя трэнеры могуць акунуцца тут у працу прафесіяналаў найвышэйшага класса», — сказаў ён. 

Старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола расказаў, што пакуль пытанне вяртання беларускіх баскетбалістаў на міжнародныя арэны застаецца адкрытым. Яшчэ не прынята рашэнне аб допуску нашых спартсменаў на адборачныя матчы чэмпіяната Еўропы 2023 года. «Мы ўсяляк нагадваем нашым калегам з міжнароднай і Еўрапейскай федэрацыі аб тым, што ніякія палітычныя прычыны і інтрыгі не вартыя спартыўнага міжнароднага братэрства. Мы стараемся ўпэўніць іх прыняць станоўчае рашэнне аб удзеле нашых спартсменаў на міжнародных спаборніцтвах. Але ў міжнародных спартыўных структурах існуе вялікае засілле прадстаўнікоў тых краін, якія разглядаюць нашых і расійскіх спартсменаў як асноўных канкурэнтаў на баскетбольнай пляцоўцы. Яны ўсю ваду і каламуцяць, мы гэта бачым па іх дзеяннях. Бачым, як радуюцца, калі нас не дапускаюць да нейкага турніру. Мы гэта адсочваем і ўлічваем», — расказаў Максім Рыжанкоў. Па яго словах, рана ці позна беларусы вернуцца на шырокую міжнародную арэну і там пакажуць, на што здольныя. Да таго часу падрасце і маладое пакаленне баскетбалістаў.

«Таму мы сёння так педантычна і глыбока ўкладваемся ў развіццё нашага дзіцяча-юнацкага спорту, унутранага чэмпіянату. Мы будзем усяляк развіваць сваіх спартсменаў і павышаць іх узровень, каб, калі час прыйдзе быць у поўным узбраенні», — адзначыў старшыня БФБ. 

Максім Рыжанкоў разам з начальнікам аддзела міжнародных адносін НАК Беларусі Васілем Юрчыкам адзначылі трэнараў, якія ўжо зрабілі вясомы ўклад у падрыхтоўку спартыўнага рэзерву. Гэта трэнеры, чые каманды перамаглі ў вышэйшых дывізіёнах Дзіцяча-юнацкай баскетбольнай лігі «Слодыч» у сезоне 2021–2022. Трэнеры каманд-пераможцаў: Аляксей Пракапенка і Артур Арлавец («Прынямонне-2», юнакі U-17), Алена Скрабко і Наталля Васілеўка («Прынямонне», дзяўчыны U-16), Таццяна Высоцкая і Арцём Капітонец («МІНСК», юнакі U-16), Марына Мінкевіч і Анатоль Рагазенка («ГОК-ГАЦАР», дзяўчаты U-14), Арцём Капітонец і Яраслаў Знак («МІНСК-1», юнакі U-14), Галіна Мышэпуд і Валянціна Мышапуд («Прынямонне- 1», U-12), Эдуард Кемен («МІНСК-1», юнакі U-12). Настаўнікі атрымалі каштоўныя падарункі ад Беларускай федэрацыі баскетбола. 

Аднак спыняцца на дасягнутым трэнеры не збіраюцца. Наперадзе новы сезон, а значыць — новыя мэты і задачы. У дасягненні дапамогуць і веды, атрыманыя на семінары. «Рэдка, калі мы з калегамі можам сабрацца разам. На семінары было карысна асвяжыць памяць у некаторых гульнявых момантах, вядома, даведацца нешта новае. Мне было цікава папрацаваць з трэнерамі нацыянальных каманд і паслухаць спартыўнага псіхолага. Апроч як карысць, я нічога ад гэтага семінара не атрымаў. Адна з тэм семінара гульня адзін у адзін. У дзіцячым баскетболе гэта асноўная рэч. Ад гульні адзін у адзін мы будуем камандную гульню. Кожны дзіцячы трэнер павінен разумець, што аснова дарослага баскетбола пяць на пяць — гэта гульня адзін у адзін, якая закладваецца ў дзяцінстве», — падзяліўся ўражаннямі Эдуард Кемен трэнер спартыўнай школы баскетбольнага клуба «Мінск».

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Беларуская федэрацыя баскетбола

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.