Вы тут

16 сакавіка легендзе баскетболу Рэгіне Пышнік спаўняецца 85 гадоў


Яе ў жарт называюць бабуляй беларускага баскетболу. Абсалютна сур’ёзна баскетбольная сям’я называе яе «наша ўсё». І гэта ацэнка цалкам апраўдана, бо ўявіць беларускі баскетол без Рэгіны Ігнацьеўны Пышнік немагчыма, як ні старайся. Сёння легендзе спорту спаўняецца 85 гадоў. І гэта найлепшая нагода, каб узгадаць, які вялікі ўклад яна ўнесла ў развіццё айчыннага баскетбола. 


Рэгіна Пышнік, але тады яшчэ Доўнар — прадстаўніца першага пакалення беларускіх баскетбалістак. У БССР дзяўчыны сталі актыўна гуляць у баскетбол у 1950-я гады, а першай камандай лічыцца мінскі «Буравеснік». З гэтай камандай Рэгіна Доўнар падзяліла вялікае дасягненне каманды — выхад у вышэйшую лігу чэмпіянату СССР у 1960-м годзе. Рэгіна Ігнацьеўна (першай з беларускіх баскетбалістак) увайшла ў першы склад зборнай БССР, каманды, перад якой стаяла задача паказаць, што жаночаму баскетболу ў краіне быць.

Але гэта было крыху пазней. А да гэтага Рэгіна Доўнар захапіла баскетболам аднакласнікаў. Забавак у пасляваенныя гады ў дзяцей было не так шмат, і цікавая гульня прывабіла многіх. «У маё дзяцінства добрых спартыўных зал у Мінску было вельмі мала. Нам пашанцавала: у нашай 15-й школе была нядрэнная спартыўная зала. Гуляй — не хачу. Я сябравала са школьнай прыбіральшчыцай, на вечар яна давала мне ключы ад спартзалы, каб я магла там кідаць мяч у кошык, набіваць яго. Але адной жа сумна. Таму я арганізавала своеасаблівыя спаборніцтвы з аднакласнікамі — гулялі сам-насам, два на два, тры на тры. Так як ключы ад залы давяралі мне, з жадаючых пагуляць я брала плату — цукеркі з кававым начыннем. Яны мне гэтыя цукеркі прынясуць — я іх у залу пускаю. І мы там ужо носімся да ссінення», — успамінае Рэгіна Ігнацьеўна. Як бачна, здольнасці трэнера і арганізатара ў яе ад нараджэння. 

«Мама майго захаплення баскетболам не падзяляла. Часта на трэніроўку мяне не адпускала. А я не магла прапусціць. Казала, што іду да сяброўкі Валі рабіць геаметрыю. У мяне з геаметрыяй былі праблемы, а Валя — выдатніца, жыве цераз дарогу. Супраць гэтага мама нічога не магла запярэчыць. Толькі яна не ведала, што да гэтага я схавала баскетбольны мяч у гурбе. Дарэчы, мячы ў нас былі самыя простыя, са шнуроўкай, не раўня цяперашнім. І вось мы найграемся, я вяртаюся дадому, кажу бацькам, што геаметрыя вывучана. Праўда, неўзабаве мяне выкрылі. Але мая любоў да баскетбола не прайшла», — дзеліцца Рэгіна Ігнацьеўна. 

Варта адзначыць, што ў 1950-я гады гульнявыя віды спорту развівался, у асноўным, у інстытутах. Дзе ж яшчэ можна сабраць мноства маладых людзей? Таму «Буравеснік» быў студэнцкай камандай, але з высокім спартыўным узроўнем.

Магчыма, дапамагала і тое, што на адной гульні не засяроджваліся, а развіваліся ўсебакова. «Мы ўсе адзін аднаму дапамаглі. Бывала такое, што мы, баскетбалісты, гулялі ў гандбол, камандам патрэбны былі хуткія, спрытныя гульцы. Але ў мяне ў гандбол гуляць не атрымлівалася. А вось за іншыя баскетбольныя клубы з задавальненнем гуляла. Папросіць мяне Люба Шчукіна ў “Спартаку” пагуляць — я гуляю. Мне дадуць за гэта талоны, я іх абмяняю, ужо, лічы, зарабіла. Гэта быў важны фактар, бо гульцам не плацілі ні заробкаў, ні прызавых. Талоны харчовыя дадуць і ўсё. Мы іх мянялі, прыносілі дадому цукар, масла, яшчэ нешта. Выкручваліся як маглі», — успамінае Рэгіна Ігнацьеўна.

Яна і да сёння памятае свой першы спартыўны заробак: у 1962 годзе ўвайшла ў тройку наймацнейшых гульцоў Савецкага Саюза. За гэта ёй прысвоілі званне «майстра спорту» і далі стыпендыю ў 80 рублёў. «Гэта былі вялізныя грошы, ды яшчэ і выплачваліся штомесяц. У нас ніхто такой стыпэндыі не атрымліваў. Я нават збіраць прымудралася. Аднойчы смешная гісторыя здарылася. Каб мае назапашванні ніхто не знайшоў, хавала іх дома за партрэтам на сцяне. Прыйшлі да нас госці і давай маму хваліць, якая ў нас дома чысціня, ні пылінкі. У доказ сваіх слоў госць праводзіць рукой па гэтым самым партрэце, а адтуль куча грошай выпадае», — успамінае Рэгіна Ігнацьеўна. 

У «Буравесніку», у зборнай камандзе СССР яна гуляла пад восьмым нумарам. І шмат гадоў была капітанам і зборнай, і клуба. «У мяне ад прыроды ёсць лідарскія, нават камандзірскія навыкі. Недзе я, можа, нават і перабірала. Але свае абавязкі заўсёды выконвала сумленна. Калі мяне абралі капітанам каманды, значыць трэба адпавядаць», — падкрэслівае яна. 

«Наша Маргарэт Тэтчар»

Лідарскія і нават камандзірскія навыкі аказаліся вельмі дарэчы. Рэгіна Пышнік скончыла кар’еру баскетбалісткі, нарадзіла двух сыноў, дапамагала мужу-футбалісту Юрыю Пышніку (які праз час стаў вядомым трэнерам), але з баскетболам не развіталася. Спачатку перайшла на трэнерскую працу у СДЮШАР № 10 горада Мінска. А потым яе прызначылі дырэктарам гэтай школы. У свой час Рэгіна Ігнацьеўна была адзінай жанчынай — дырэктарам спартыўнай школы ў Мінску.

«Я спачатку баялася, не ведала з чаго пачынаць. Дырэктары ўсіх астатніх спартыўных школ — карыфеі, вопытныя людзі. А я тут прыйшла, пацанка, маладая зусім. Так, мяне ўсё па гульні ведалі, але пасада дырэктара — зусім іншая справа. З часам уцягнулася, выбудавала працу. Трэнеры таго часу да гэтага часу ўзгадваюць, як Рэгіна Ігнацьеўна трымала дысцыпліну ў школе. А дысцыпліна ў мяне была жалезная. Я сваіх трэнераў кантралявала, каб і працавалі добра, і паводзілі сябе годна. Так, мы збіраліся на святы, але ў мяне ніхто ніколі не напіваўся, усё было акуратна. А колькі я сем’яў захавала. Маладыя запсіхавалі, нешта не падабаецца, і адразу разводзіцца бягуць. Або жонка дома чакае, а муж на зборы заляцаецца да дзяўчын. Былі моманты, калі я проста ім казала: „Пішы заяву на звальненне, калі да жонкі не вернешся“. Гэта я так маніпулявала, але сем’і захаваліся і сёння жывуць шчасліва. Ну, як я не баялася гэтымі мужыкамі камандаваць, і як яны мне ніколі не пярэчылі? Не разумею», — дзеліцца яна.

Па словах Рэгіны Ігнацьеўны (і гэта пацвердзяць усе, хто з ёй працаваў), няглядзячы на строгасць, заўсёды ішла насустрач падначаленым і сачыла за вынікамі спартсменаў.

«Мы ўсяляк імкнуліся дапамагаць сваім гульцам. Нават у элементарным, напрыклад, красоўкамі. У васьмідзесятыя-дзевяностыя гэта такі дэфіцыт быў. А ў нашых хлопцаў-баскетбалістаў 45-46 памер нагі, такіх красовак наогул не дастаць было. Я сама ездзіла на фабрыку заказвала. З усёй рэспублікі мне тэлефанавалі прасілі дапамагчы з абуткам. А як я магу людзям адмовіць? Улетку ездзілі ў спартыўныя лагеры, на ўсе тры месяцы. І сваіх дзяцей бралі. Самі там рабілі і шчыты, і пляцоўкі ўладкоўвалі, земляныя, вядома. Лена Швайбовіч на такой пляцоўцы вырасла», — расказвае Рэгіна Ігнацьеўна.

Яна ўнесла вялізны ўклад у станаўленне баскетбалістаў. Дасягненні нашых найлепшых спартсменаў — і яе заслуга. «Мне вельмі пашанцавала, што мая спартыўная кар’ера пачалася ў ДЮСШ № 10 на чале з Рэгінай Ігнацьеўнай Пышнік. Яна — наша Маргарэт Тэтчэр, якая ад усіх патрабавала захавання дысцыпліны. І калі б Рэгіна Ігнатаўна не была такой, не было б нашых дасягненняў. Ад яе мы перанялі дысцыпліну, адказнасць, працаздольнасць», — дзеліцца Ірына Сумнікава, алімпійская чэмпіёнка 1992 года

Рэгіна Ігнацьеўна сваім дасведчаным вокам і прыроднай інтуіцыяй адкрыла шэраг баскетбольных імён. «На адным з дзіцячых турніраў мяне заўважыла Рэгіна Ігнацьеўна Пышнік з трэнерам Вадзімам Мікалаевічам Алексіным і запрасілі ў спартыўны клас СДЮШАР № 10. Бацькі не пярэчылі. Так пачался мая спартыўная карьера. Наша легендарная дырэктар, хоць і была вельмі строгай, але да нас ставілася з усім сваім клопатам. Ніколі не забудуся, як па дарозе на спаборніцтвы ў Польшчу, камень выбіў акно ў аўтобусе. Яна на працягу гадзіны ў невялікай вёсцы вырашыла гэтую праблему, акно замянілі, і мы паехалі далей. Унікальная жанчына, якая вельмі шмат зрабіла для баскетбола», — Узгадвае Аляксандр Кудраўцаў, былы капітан нацыянальный зборнай Беларусі, адзін з найлепшых баскетбалістаў нашай краіны. 

Многія вучні Рэгіны Ігнацьеўны пайшлі па яе шляху і сталі трэнерамі. І дасягнулі ў гэтым поспеху. Што важна — свайго настаўніка яны не забываюць. «Трэнер зборнай — персона вельмі важная, ад яго залежыць шмат. Але што можа трэнер зборнай без дзіцячых трэнераў, без дзіцячых школ? Я не ўяўляю, якім быў бы наш баскетбол, калі б не было ў нас СДЮШАР № 10 і Рэгіны Ігнацьеўны Пышнік, якая сабрала ў гэтай школе лепшых спецыялістаў, сапраўдных фанатаў баскетбола. Яны навучылі нас, у першую чаргу, любіць баскетбол. А потым ад трэніроўкі да трэніроўкі перадавалі нам свой прафесіяналізм. Няма лепшага паказчыка эфектыўнасці іх працы, чым колькасць паспяховых гульцоў, якія свае першыя крокі зрабілі менавіта ў СДЮШАР № 10», — адзначае Наталія Трафімава, галоўны трэнер нацыянальнай жаночай зборнай. 

Баскетбольныя матчы Рэгіна Ігнацьеўна не прапускае і сёння. Як можна пакінуць любімую гульню без увагі, а сваіх былых вучняў без кантролю і парад? Спакойнае мернае жыццё — сапраўды не для яе. 

Ды і хіба можа быць інакш у чалавека, які ўсё жыццё прысвяціў спорту?Нездарма ж у камандзе яе называлі асноўнай ударнай сілай. І няхай гэта ўдарная сіла будзе ў нашага баскетболу яшчэ шмат гадоў! 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Якія прагнозы на лета робяць метэаролагі?

Тры месяцы суцэльнай спякоты нам не абяцаюць

Памяць

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Партызанскі ўнёсак у «Баграціён»

Беларуская наступальная аперацыя пачалася 23 чэрвеня 1944 года.