Вы тут

Узнагароды знайшлі сваіх герояў


Перамога тыдня. Баскетбалісткі «Гарызонта» чацвёрты раз запар заваявалі Кубак Беларусі сярод жаночых каманд. У фінальным матчы 27-га кубкавага турніру падапечныя Наталлі Трафімавай аказаліся манейшымі за баскетбалістак «Мінска». Вынік сустрэчы — 77:67. Лепшым іграком кубкавага розыгрышу прызнана баскетбалістка «Гарызонта» Анастасія Верамеенка, якая набрала ў фінальным паядынку 24 ачкі. У матчы за бронзу гродзенская «Алімпія» ўпэўнена перамагла «Гомельскіх рысяў» — 99:65.

У мужчынскім кубкавым розыгрышы вырашальныя сустрэчы адбудуцца 28 снежня. Уладальнікі трафея баскетбалісты «Мінска» сустрэнуцца з магілёўскім «Барысфенам». 


Трафей тыдня. Уладальнікаў Кубка Беларусі-2023 вызначылі і валейбалісты. У Мінску прайшоў розыгрыш жаночага кубка. У вырашальным матчы сустрэліся «Мінчанка» і валейбалісткі брэсцкага «Прыбужжа». У трох партыях мацнейшым аказаўся сталічны клуб. Гэта перамога для «Мінчанкі» — дзевятая ў гісторыі. Фінал чатырох розыгрышу Кубка Беларусі па валейболе сярод мужчынскіх каманд прайшоў у Салігорску. Пераможцам стаў салігорскі «Шахцёр», які ў фінале абыграў гомельскую «Энергію». 

Падзея тыдня. На мінулым тыдні прайшло пасяджэнне Выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта, дзе былі падведзены вынікі дзейнасці арганізацыі ў 2023-м годзе і зацверджаны план на 2024-ы год. За значны ўклад у развіццё алімпійскага руху, масавага спорту і спорту вышэйшых дасягненняў ганаровай граматай узнагароджаны веласіпедны клуб «Мінск», а таксама старшыня Беларускай федэрацыі дзюдо Павел Ясеноўскі. Дырэктар велаклуба «Мінск» Аляксей Іваноў адзначаны падзякай НАК Беларусі. Выканкам зацвердзіў справаздачу аб рэалізацыі адукацыйных праектаў Беларускай алімпійскай акадэміяй у 2023 годзе і змяненні ў склад медыцынскай і антыдопінгавай камісіі, а таксама пералік праграм падтрымкі для рэспубліканскіх федэрацый, саюзаў і асацыяцый па відах спорту. Выканкам НАК Беларусі даў высокую ацэнку выступленню юных беларускіх атлетаў на другіх зімовых міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Азіі» і першых летніх міжнародных спартыўных гульнях «Дзеці Прымор’я». Самымі маштабнымі праектамі НАК сталі спартыўна-культурны фестываль «Вытокi» і Алімпійскі дзень каля сталічнага Палаца спорту.

Адзін з прыярытэтных напрамкаў алімпійскага камітэта — міжнародная дзейнасць. У адыходзячым годзе беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у Міжнародным форуме юных алімпійцаў і пашыраным пасяджэнні Камісіі спартсменаў АКР у Маскве. У красавіку ў Мінску адбыўся ІІІ Нацыянальны форум атлетаў — сумесны праект Камісіі спартсменаў НАК Беларусі і Расійскага міжнароднага алімпійскага ўніверсітэта. У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 250 спартсменаў і спецыялістаў.

Поспех тыдня. У горадзе Куса Чэлябінскай вобласці РФ завяршыўся трэці этап Кубка Расіі па гарналыжным спорце з удзелам беларускіх спартсменаў. Трэці раз за тры старты сезона на п’едэстал узнялася беларуская гарналыжніца Марыя Шканава — яна заваявала сярэбраны медаль у слаламе. 

Адкрыццё тыдня. Прадстаўнікі НАК Беларусі, Мінскага трактарнага завода, федэрацыі барацьбы і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі адкрылі новую залу для заняткаў барацьбой. Віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі, алімпійскі чэмпіён па веславанні на каноэ Дзмітрый Даўгалёнак адзначыў, што пачынаў шлях у вялікі спорт менавіта з барацьбы і хадзіў у секцыю ў гэтым раёне Мінска. «Прыемна адкрываць спартыўны аб’ект напярэдадні навагодніх свят. Для дзяцей галоўнае, што яны зноў змогуць займацца барацьбой. Хачу пажадаць юным атлетам, каб спорт стаў вашым сябрам на ўсё жыццё», — сказаў ён. Акрамя таго, Нацыянальны алімпійскі камітэт перадаў СДЮШАР сертыфікат на набыццё інвентара і спецыялізаванага абсталявання. «Імкнемся ў федэрацыі развіваць наш від спорту, ствараць умовы. У гэтым годзе мы адкрываем ужо пятую залу. Хачу падзякаваць МТЗ і НАК Беларусі за падтрымку. З гэтых маленькіх залаў і пачынаюцца вялікія перамогі», — падкрэсліў старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў.

Медалі тыдня. Беларускія спартсмены прымаюць удзел у чэмпіянаце Расіі па канькабежным спорце на асобных дыстанцыях. На дыстанцыі 3000 м у жанчын лепшы вынік (4:12,38 сек) паказала Марына Зуева. У жаночым забегу на 500 м з вынікам 38,28 секунды серабро заваявала Ганна Дамарацкая. Таксама яна заняла другое месца на дыстанцыі 1000 метраў. 

Турнір тыдня. У Жлобіне прайшоў міжнародны турнір па хакеі «Еўра-Азіяцкі Кубак Дружбы». Удзел у «фінале чатырох» прымалі дзеючыя чэмпіён і віцэ-чэмпіён беларускай экстралігі — «Металург» і «Нёман», а таксама дзве лепшыя каманды мінулага сезона Усерасійскай хакейнай лігі — васкрасенскі «Хімік» і краснаярскі «Сокал». У матчы за трэцяе месца сустрэліся «Нёман» і «Металург». З вынікам 5:1 перамаглі хакеісты са Жлобіна. Такім чынам, «Металург» застаецца з медалямі дамашняга Кубка другі раз запар — летась падапечныя Дзмітрыя Краўчанкі сталі другімі. 

Рэкорды тыдня. На міжнародным калядным фестывалі сілавых відаў спорту ў Мінску беларус Вячаслаў Харанека пабіў сусветны рэкорд у беларускім жыме. У становішчы лежачы ён за 5 хвілін левай рукой выціснуў гіру вагой 32 кг 106 разоў, устанавіўшы абсалютны сусветны рэкорд у гэтай намінацыі. Ранейшы рэкорд быў роўны 63 уздымам. Яшчэ адзін беларус Віктар Мацур устанавіў сусветны рэкорд у жыме гіры вагой 50 кг. Ён падняў снарад 22 разы. 

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.