Вы тут

Пройдзе сумеснае лётна-тактычнае вучэнне Расіі і Беларусі


З 16 студзеня да 1 лютага 2023 года пройдзе сумеснае лётна-тактычнае вучэнне з авіяцыйнымі падраздзяленнямі ўзброеных сіл Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. У панядзелак у Беларусь прыбыў авіяцыйны складальнік з ліку Ваенна-касмічных сіл Узброеных сіл Расійскай Федэрацыі. Падчас правядзення лётна-тактычнага вучэння будуць задзейнічаны ўсе аэрадромы і палігоны Узброеных Сіл Беларусі.


Пра гэтае вучэнне ішла гаворка на мінулым тыдні, падчас наведвання Прэзідэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 230-га агульнавайсковага палігона Абуз-Лясноўскі пад Баранавічамі. Кіраўнік дзяржавы асабіста праверыў, як арганізаваны заняткі па баявой падрыхтоўцы беларускіх ваенных. Зыходзячы са складанай ваенна-палітычнай абстаноўкі, Прэзідэнт трымае на асабістым кантролі пытанні, звязаныя з баявой гатоўнасцю Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Таксама падчас наведвання палігона Аляксандр Лукашэнка заслухаў даклад аб завяршэнні баявога зладжвання часцей і злучэнняў рэгіянальнай групоўкі войск. На Абуз-Лясноўскім палігоне размяшчаецца расійская частка рэгіянальнай групоўкі войск. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з размяшчэннем воінскіх часцей і падраздзяленняў расійскіх Узброеных Сіл, паразмаўляў з салдатамі і афіцэрамі.

«Для мяне гэта вельмі важна, не толькі для мяне — для Беларусі гэты досвед вельмі важны. Я вельмі ўважліва буду вас слухаць і выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы нашых Узброеных сіл Беларусі і Расіі для абароны агульнай Айчыны. Самае важнае і самае галоўнае — мы з вашымі военачальнікамі дамовіліся, што вы скажаце пра недахопы, таму што нам і далей давядзецца працаваць у такім рэжыме, рыхтаваць беларусаў і расіян, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да расійскіх вайскоўцаў. — Мы не толькі дапамаглі вам. Мы самі сабе дапамаглі. Мы ад вас атрымліваем інфармацыю вялікую, гэта досвед. Нашы афіцэры дапамагаюць рыхтавацца тым, хто пораху не нюхаў, груба кажучы, і тым, каму трэба ўспомніць навыкі ваенныя. Для іх гэта таксама школа, досвед».

Па словах Дзяржаўнага сакратара Савета Бяспекі Аляксандра Вальфовіча, рэгіянальная групоўка войскаў — гэта адзін са стратэгічных элементаў стрымлівання, элемент, які на сёння павінен астудзіць гарачыя галовы на захадзе з яго агрэсіўнай палітыкай у адносінах да Рэспублікі Беларусь, у адносінах да Саюзнай дзяржавы. «Мы бачым, што сёння на заходніх граніцах Саюзнай дзяржавы адбываецца вялікая ваенная актыўнасць, нарошчваецца колькасць вучэнняў. Пастаянна фіксуем і пралёты разведвальнай авіяцыі. Зусім неміралюбная палітыка зыходзіць ад нашых суседзяў. Таму было прынята рашэнне аб разгортванні рэгіянальнай групоўкі войскаў. Яна мае выключна абарончыя мэты і прызначана для абароны перш за ўсё граніц Саюзнай дзяржавы», — падкрэсліў Аляксандр Вальфовіч.

Беларускія і расійская ваенныя займаюцца па адзіных праграмах, з прыцягненнем інструктараў з абодвух бакоў. Намеснік міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Жук расказаў, што мэтавая ўстаноўка была на адзіночную падрыхтоўку і заключалася ў першую чаргу ў тым, каб навучыць афіцэра і салдата дзеянням у розных відах бою. Таму падрыхтоўка праводзіцца па розных кірунках. «На сёння можна канстатаваць, што рэгіянальная групоўка войскаў да абароны Саюзнай дзяржавы гатова», — адзначыў Андрэй Жук. Па яго словах, на гэтым падрыхтоўка не спыняецца, у далейшым будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка міжвідавых падраздзяленняў. Сумеснае лётнае тактычнае вучэнне з'яўляецца адным з этапаў такой падрыхтоўкі.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.