Вы тут

Узаемны гандаль Беларусі і Кітая павялічыўся больш чым у паўтара раза


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы Юрый Сенько паведаміў «Звяздзе» аб росце тавараабароту з Кітаем і павелічэнні беларускага экспарту сёлета ў першым квартале.


Тавараабарот паміж Беларуссю і Кітаем па выніках мінулага года павялічыўся ў 1,4 раза. Кітай захоўвае свае пазіцыі другога галоўнага гандлёвага партнёра нашай краіны пасля Расіі, пры гэтым дэманструючы рэкордныя паказчыкі па тэмпах росту тавараабароту з Беларуссю.

Кіраўнік беларускай дыпмісіі адзначыў, што ўзаемны гандаль Беларусі і Кітая сёлета ў першым квартале павялічыўся на 54,5 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года, пры гэтым тэмп росту экспарту ў вагавым выражэнні склаў 228 працэнтаў, а ў вартасным — 240,2 працэнта.

На 40 працэнтаў павялічыўся экспарт харчовай і сельскагаспадарчай прадукцыі, узрастае доля тавараў з высокай дабаўленай вартасцю. Сярод найбольш значных таварных пазіцый можна вылучыць беларускую мясную і малочную прадукцыю, якая даўно ўжо зарэкамендавала сябе на кітайскім рынку, а таксама лінейку прадукцыі канцэрнаў «Белдзяржхарчпрам», «Беллеспаперапрам», якая пастаянна пашыраецца.

Характэрна, што сёлета Беларусь адкрыла пастаўкі ў Кітай новых экспартных пазіцый, доля ад усяго экспарту якіх складае ўжо 8,6 працэнта. Гэта рапсавы алей, гатовыя і кансерваваныя прадукты з мяса, прадукцыя машынабудаўнічай галіны і інш.

Кітайскія спажыўцы па заслугах ацанілі беларускія прадукты і вітаюць пашырэнне асартыменту нашай прадукцыі, прадстаўленай у Кітаі. У розных правінцыях і рэгіёнах Паднябеснай (Шанхай, Чунцын, Чэнду, Чжэнчжоў, Нінбо, Сіань, Іу, Гуанчжоў, Гуян) паспяхова функцыянуюць 11 Нацыянальных гандлёвых павільёнаў Беларусі, у тым ліку два — на анлайн-пляцоўках электроннай камерцыі JD. com і Douyin TikTok). У бліжэйшы час плануецца афіцыйнае адкрыццё Беларускага гандлёвага павільёна ў горадзе Цындаа правінцыі Шаньдун. Такім чынам, жыхары яшчэ аднаго рэгіёна Паднябеснай змогуць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй, гандлёва-інвестыцыйным, культурна-турыстычным, адукацыйным і прамысловым патэнцыялам нашай краіны, але і набыць беларускую прадукцыю.

Юрый Сенько асобна адзначыў глыбокую зацікаўленасць прадстаўнікоў бізнэсу Беларусі і Кітая ў нарошчванні аб’ёмаў узаемнага гандлю, аб чым сведчыць іх актыўны ўдзел у арганізуемых Пасольствам і зацікаўленымі ведамствамі ў анлайн-фармаце кантактна-кааперацыйных бірж і тэматычных відэаканферэнцыях. Летась адбылося 30 B2B мерапрыемстваў, у якіх узялі ўдзел больш чым 1000 чалавек, а з пачатку 2023 года іх праведзена ўжо 12.

Зняцце супрацьэпідэмічных абмежаванняў у КНР у пачатку 2023 года дазволіла бізнэсу абедзвюх краін пасля працяглага перапынку аднавіць вочныя сустрэчы і інтэнсіфікаваць кантакты ў гандлёва-эканамічнай сферы.

«Перакананы, што прыход новых беларускіх вытворцаў на рынак Кітая будзе садзейнічаць далейшаму стабільнаму росту ўзаемнага тавараабароту і дасць магчымасць вывесці беларуска-кітайскае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва на новы ўзровень», — рэзюмаваў Юрый Сенько.

Мікалай ЛІТВІНАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.