Вы тут

Па слядах Ганны Цюндзявіцкай


Калі выдавецтва «Полымя» ў 1993 годзе ўпершыню выдала кнігу «Літоўская гаспадыня» ў перакладзе на беларускую, велізарным накладам, гэта была вялікая сенсацыя. Кніга выклікала тады гарачыя спрэчкі: ці мае кніга з такой назвай дачыненне да нашай гісторыі і культуры? Асоба самой аўтаркі, Ганны Цюндзявіцкай, у параўнанні са зместам гэтай славутай гаспадарчай энцыклапедыі ХІХ стагоддзя, заставалася ў цені. Ды і сам змест, у практычным яго аспекце, тады цікавіў чытачоў менш, чым прэцэдэнт, чым сімвалічная дэкларацыя: вось, шляхецкая гаспадарчая кніга, няруская, але ж наша!

17-16

Змянілася цэлае пакаленне, перш чым беларусы сапраўды асвойталіся з «Літоўскай гаспадыняй»: некаторыя рэцэпты з кнігі вярнуліся ў практычны ўжытак, а па мясцінах, непасрэдна звязаных з жыццём Ганны Цюндзявіцкай, цяпер ужо праходзяць экскурсіі з дэгустацыямі і майстар-класамі. Першая такая вандроўка адбудзецца 22 лютага, акурат на апошні дзень Масленіцы. І, як высвятляецца, усе найбольш важныя для жыцця нашай гераіні кропкі на мапе знаходзяцца зусім побач з Мінскам. Так што дакрануцца да тых бярвенняў і камянёў, да якіх дакраналася «літоўская гаспадыня», цяпер можна ўласнымі рукамі. А гэта — важкі аргумент у спрэчцы, ці нашая гэта спадчына.

Наша будучая гераіня, Ганна Прушынская, нарадзілася 18 ліпеня 1803 года ў Каралішчавічах на Свіслачы, усяго за некалькі кіламетраў ад сучаснай гарадской мяжы Мінска, у сям'і падкаморыя мінскага Міхала Прушынскага (герба Агоньчык) і Тэклі з Валянскіх. Ахрышчана была ў мясцовым драўляным касцёле Апекі Маці Божай, які нейкім цудам дажыў да нашых дзён, хаця і ў выглядзе калгаснага клуба (сёння ўжо зачыненага).

З гэтым жа сціплым будынкам звязана яшчэ некалькі годных імёнаў: у 1861 годзе яго наведаў славуты кампазітар Станіслаў Манюшка, які склаў апісанне мясцовага аргана; у 1873 годзе тут узяў шлюб са сваёй 18-гадовай кузінай Марыяй Прушынскай славуты польскі і рускі мастак Генрых Семірадскі, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў позняга акадэмізму. А ў 1885 годзе тут развіталіся і пахавалі на мясцовым цвінтары Яна Эдварда Ваньковіча, энтамолага з еўрапейскай вядомасцю.

Атрымаўшы хатнюю адукацыю і правучыўшыся некалькі гадоў у віленскім пансіёне Дэйбеляў для дзяўчат-шляхцянак, 19 лістапада 1826 года Ганна Прушынская выйшла замуж за Юзафа Цюндзявіцкага, былога маршалка шляхты Барысаўскага павета. Гэта адбылося ў заслаўскім касцёле ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі, які зведаў пазней не менш пакручасты лёс, чым касцёл у Каралішчавічах. Але таксама, з Божае ласкі, дажыў да нашых дзён і нават выдатна рэстаўраваны. Шкада, што не дажыла да нашых дзён сядзіба ў Кішчынай Слабадзе сучаснага Барысаўскага раёна, дзе Цюндзявіцкія пасяліліся пасля шлюбу і вялі ціхае сямейнае і гаспадарчае жыццё. Пра яго дэталі мы ведаем мала, можам толькі ўявіць, ведаючы ў агульных рысах, як жылі іншыя шляхецкія сем'і сярэдняй заможнасці. Гадавы абарот сезонаў з іх клопатамі; амаль натуральная, хоць і вельмі разнастайная, гаспадарка, нарыхтоўка запасаў, а таксама дзеці, хваробы, прыгонныя сяляне, касцёл — усе абавязкі маці і жонкі Ганна выконвала ўзорна. І нават паспявала асэнсоўваць іх, заўважаць і занатоўваць заканамернасці, адбіраць лепшыя спосабы, як забяспечваць сям'ю і прыслугу ўсім неабходным, сачыць за здароўем усіх, падтрымліваць жаноцкую прывабнасць. З яе шасцярых дзяцей — 2 хлопчыкаў і 4 дзяўчынак — ніхто не памёр у дзяцінстве (што было нормай тых часоў), усе дажылі да шлюбу.

44.2

У выніку шматгадовай працы і ўважлівых назіранняў хатняй гаспадыні і з'явілася «Літоўская гаспадыня», якая выйшла ў свет у 1848 годзе ў выдавецтве Завадскіх у Вільні. Наклад першага выдання быў раскуплены вельмі хутка, і ў выніку спатрэбіліся яшчэ 5 выданняў кнігі на польскай мове і адно — на рускай. Згодна з воляй аўтаркі, праз яе прыродную сціпласць, усе выданні пабачылі свет ананімна. Так што нават сёння шмат хто з гісторыкаў і культуролагаў не ведае сапраўднага імя аўтаркі бестселера ХІХ стагоддзя. А неўзабаве, на 47-м годзе жыцця, Ганна Цюндзявіцкая памерла (18 красавіка 1850 года). Не пакінуўшы па сабе гучнай славы і нават партрэта або фотаздымка (прынамсі, да нас яны не дайшлі) — толькі дзяцей, добрае імя, вядомае ў вузкім коле, і кнігу. Нават не адну: пасля яе застаўся таксама рукапіс «Гаспадарчага штогодніка», які падрабязна распісваў гаспадарам і гаспадыням усё, што яны павінны рабіць на працягу года: у хаце, на полі, у аборы, садзе, на лугах, у пчальніках. Кніга выйшла пасмяротна ў 1854 і 1861 гадах. І, як пісаў біёграф пані Ганны Аляксандр Ельскі, «трэцяя, вельмі важная праца Цюндзявіцкай, якая засталася ў рукапісах, належным чынам не ўпарадкаваных, уяўляе сабой лекарскі даведнік для жанчын, прызначаны для дапамогі вясковаму люду ў лячэнні хвароб». На жаль, гэты рукапіс сям'я выдаць з нейкіх прычын не здолела, і ён, хутчэй за ўсё, загінуў, як і большасць панскіх папер у нашым краі.

Рэдагавала «Літоўскую гаспадыню» жонка выдаўца Завадскага Вінцэнціна, і гэтая праца наштурхнула яе на думку напісаць уласную кнігу, ужо чыста кулінарную. А апошняе выданне, 1873 года, правы на якое ўжо выкупіла выдавецтва, Вінцэнціна Завадская таксама істотна дапрацавала і дапоўніла. А яшчэ праз нейкі час кніга страціла актуальнасць: новыя, значна больш жорсткія, рынкавыя ўмовы зрабілі той лад жыцця, які паўстае са старонак «Літоўскай гаспадыні», немагчымым. Кошт найму рабочых рук болей не дазваляў рабіць дома ўсё — ад свечак і канфітураў да фарбаў і кажухоў, канкурыруючы з прамысловымі прадпрыемствамі. Канчатковую рысу пад старым ладам жыцця і нават пад самім геаграфічным паняццем «Літва» ў дачыненні да Мінска, Заслаўя, Барысава і ўсёй сучаснай цэнтральнай Беларусі падвёў сусветны аграрны крызіс пачатку 1880-х гадоў.

Аднак сёння многія людзі ўжо стаміліся ад масавай вытворчасці і масавай культуры. І менавіта гэта забяспечвае «Літоўскай гаспадыні» і апісанаму ёй ладу жыцця другое жыццё. Такое жыццё, натуральна, сёння немагчыма весці штодня, але яго магчыма часткова рэканструяваць, уявіць. Уласна, такой мэце і прысвечана экскурсія па мясцінах Ганны Цюндзявіцкай, на якую яшчэ можна запісацца. І прытым пакаштаваць свойскі бездражджавы хлеб, пернікі і своеасаблівы «яблычны сыр», папулярны некалі ласунак. Усё — паводле рэцэптаў «Літоўскай гаспадыні». Далібог, гэта сапраўдны прывілей — падарожжа ў мінулае, на 170 і болей гадоў. І выдатны спосаб адсвяткаваць Масленіцу.

Яблычны сыр ад Ганны Цюндзявіцкай у адаптацыі штукарскай пекарні і цукерні Žorny

Спосаб прыгатавання: Кіслыя яблыкі, без лупіны і асяродка, разразаюць на чатыры часткі, кладуць у новы гаршчок і наліваюць столькі вады, каб яна пакрыла плады. Потым накрываюць пасудзіну цестам ці мокрым кавалкам палатна і ставяць у печ.

Калі яблыкі адразу добра не спякуцца, ставяць у печ яшчэ раз. Пасля вымаюць, праціраюць праз густое сіта, дадаюць падрумянены мёд (мёду і яблычнай масы бяруць аднолькавую колькасць) і гатуюць да належнай гушчыні, часта памешваючы, каб маса не прыгарэла. Вараць, увесь час мяшаючы, пакуль маса не будзе адставаць ад лыжкі.

Перш чым зняць з агню, насыпаюць трохі апельсінавых лупін, што перад гэтым варыліся ў вадзе да мяккага стану, а таксама імбір, гваздзіку і духмяны перац. Потым выкладваюць масу ў папярэдне намочаную ў вадзе і адціснутую сурвэтку, перавязваюць яе і змяшчаюць пад прэс. Выняты з-пад яго сыр захоўваюць у шчыльна накрытай фаянсавай ці глінянай пасудзіне.

Чытайце яшчэ:

Калі ў нас з’явіліся першыя аграсядзібы?

«Кухарка літоўская»: доўгі шлях да беларускага чытача

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.